Вы тут

Хто дапамагае будаваць студгарадок у Мінску


Чым беларуская сталіца можа завабіць піцерцаў? Архітэктурай, гісторыяй, нізкімі цэнамі? Маладзёжнай будоўляй! З 15 ліпеня да 25 жніўня хлопцы і дзяўчаты з Санкт-Пецярбурга ў складзе беларуска-расійскага атрада дапамагаюць узводзіць інтэрнат у Студэнцкай вёсцы. Мы завіталі туды ў разгар працоўнага дня і даведаліся, што стамляе байцоў больш за афарбоўку сцен і вынас смецця, і чым ім запомніўся Мінск.


...На дварэ спякота. А на будоўлі з васьмі раніцы кіпіць работа. Студэнтам даручаюць заданні, якія не патрабуюць кваліфікацыі: пераносіць блокі, тынкаваць сцены, выграбаць пясок.

У складзе расійскага будатрада 15 студэнтаў. За камандзіра — Мікіта Бяльдзянаў, чацвёртакурснік Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. Да цяжкай фізічнай работы ён звыклы.

— Дзякуй бацьку і дзеду, навучылі. У нас на лецішчы бясконцая будоўля, — усміхаецца студэнт. — Фізічная праца мне больш па душы, чым з дзецьмі вазіцца, як у педагагічным атрадзе. Дый будаўнікі ў фінансавым плане выйграюць. Нам абяцалі ў сярэднім 25 тысяч расійскіх рублёў (ці каля 800 беларускіх рублёў. — Аўт.) за месяц.

Для Мікіты час за работай пралятае незаўважна. Да спякоты, кажа, прывык, тым больш у Піцеры зараз тэмпература вышэйшая. А вось да беларускай вільготнасці трэба яшчэ адаптавацца.

Арцём Баляеў вучыцца ў Санкт-Пецярбургскім дзяржаўным архітэктурна-будаўнічым універсітэце. Пасля лекцый часам падпрацоўвае — робіць будаўнічыя праекты для падрадных арганізацый. Атрымае дыплом — будзе прарабам ці праекціроўшчыкам. А пакуль шчыруе рознарабочым.

Для расійскіх студэнтаў, большасць якіх у Беларусі ўпершыню, БРСМ арганізаваў бясплатныя экскурсіі па сталіцы. Моладзі пакажуць Нацыянальны мастацкі музей, Мінскі трактарны завод, кандытарскую фабрыку «Камунарка», музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Байцы ўжо паспелі пабываць у аквапарку «Лебядзіны».

— Я сама з Краснадарскага краю, таму ведаю, якія яны бываюць, і, калі паглядзела ваш, была прыемна ўражана, — дзеліцца Паліна Кажура, другакурсніца Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта.

Паліна — адна з трох дзяўчат у атрадзе. Будучы менеджар у сферы турызму планавала правесці гэта лета ў Крыме ці Сочы — у складзе сэрвіснага атрада. Працавала б кухарам, афіцыянткай ці аніматарам. Але не склалася, і трэба было тэрмінова шукаць альтэрнатыву.

— Не пашкадавала ні кроплі, што апынулася тут. Сама ў дзяцінстве з бацькамі дом будавала, таму ведаю, як шпакляваць і тынкаваць. Але дзяўчатам тут складаную работу не даюць, стараюцца нас моцна не перагружаць. Мы фарбавалі, падмяталі, але пераважна працуем з дакументацыяй.

Дзяўчаты з самага пачатку склалі план, куды пайсці ў Мінску. Прагуляліся па цэнтры, паглядзелі стадыён «Дынама», бо прачыталі, што яго нядаўна рэканструявалі. Паліне спадабалася ў раёне Нямігі.

— На будаўнічым аб'екце не стамляемся. Цяжэй дома (байцы жывуць у студэнцкім інтэрнаце. — Аўт.), калі трэба накарміць хлопцаў. Што гатуем? Мы ж ехалі ў Беларусь, таму бульбу, — жартуе Паліна. — Супчыкі варым. У вас тушонка вельмі смачная — пастаянна ядзім яе з грэчкай, макаронай. Карацей, стандартнае паходнае меню.

— Дзяўчаты добра гатуюць, малайчыны, — хваліць гаспадынь Аляксей Дудараў, студэнт з Архангельска, які воляй лёсу таксама трапіў у гэты атрад.

Лёша вывучае сацыяльную работу ў Паўночным (Арктычным) федэральным універсітэце імя Ламаносава. Тры гады працаваў у будатрадзе «Мядзведзь» — на касмадроме «Усходні», на аб'ектах Мінабароны ў Севераморску, у прэзідэнцкім кадэцкім вучылішчы ў Петразаводску.

Прызнаецца, што ў студгарадку працаваць не складана. Калі на іншых будоўлях быў дзесяцігадзінны рабочы дзень, то тут — васьмігадзінны. І два выхадныя, а не адзін.

Заробленыя за лета грошы Лёша траціў па-рознаму. Купіў камп'ютар, тэлефон, адкладваў на кішэнныя расходы на год, каб у бацькоў не прасіць. А сёлета хацеў бы з'ездзіць куды-небудзь адпачыць.

Хлопец любіць падарожнічаць, таму яму цікава было паглядзець Беларусь. «Шкада, што ў Мінску мала гістарычных аб'ектаў, але, я так разумею, гэта звязана з тым, што горад быў цалкам разбураны ў гады вайны. Здзівіла мінскае метро — усяго дзве веткі. Пасля Масквы і Пецярбурга гэта нязвыкла».

Будучы інжынер-аўтаматызатар Канстанцін Цярэнцьеў, калі ехаў сюды, ведаў, што Мінск — горад чысціні і прыемных людзей.

— Што кідаецца ў вочы? Адчуваецца дух СССР. У вас прадукты больш танныя. Архітэктура цудоўная, я ніколі не бачыў будынкаў такіх формаў. Людзі адкрытыя — у Піцеры больш недаверлівыя. Карацей, мне вельмі падабаецца горад. Я, магчыма б, нават тут застаўся, калі б не вучоба, — кажа хлопец.

Таму, што трапіў у будатрад, студэнт Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага марскога тэхнічнага ўніверсітэта рады.

За свае 25 тысяч рублёў, заробленыя за змену, Косця хоча купіць гітару. «Паглядзім, спачатку трэба іх атрымаць, а ўжо потым распараджацца бюджэтам», — разважае ён.

На тое, што дзеля работы ў атрадзе давялося ахвяраваць адпачынкам, ніхто з байцоў не паскардзіўся. «Мы і тут адпачываем, тым больш у такой добрай кампаніі», — смяюцца хлопцы і дзяўчаты.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: Вось гэта «замес»!

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Ён быў аўтарам Маніфеста аб абвяшчэнні Савецкай Беларусі, першым прэм'ер-міністрам рэспублікі, яго двойчы выключалі з партыі, ён мог стаць першым народным паэтам...

Грамадства

Трансфармацыя адукацыі: поўнае паглыбленне... у лічбу

Трансфармацыя адукацыі: поўнае паглыбленне... у лічбу

Ці спросціць «Электронная школа» жыццё педагогам і як гэта адаб'ецца на якасці ведаў?

Грамадства

Прэзідэнт зрабіў кадравыя прызначэнні

Прэзідэнт зрабіў кадравыя прызначэнні

Аляксандр Лукашэнка даў згоду на прызначэнне рэктараў і кіраўнікоў раёнаў і прадпрыемстваў.

Калейдаскоп

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Пазнаёміцца з навінкамі ад беларускіх дызайнераў можна было на тыдні моды, які праходзіў у Мінску з 7 да 11 лістапада.