Вы тут

Каму па сілах узначаліць «дынастыю»?


Летам тысячы дзяцей весела бавяць час у лагерах адпачынку. Аднак за бесклапотнымі, на першы погляд, гульнямі і забаўкамі хаваецца насамрэч карпатлівая праца. Якім чынам яна арганізаваная? Адказ на гэтае пытанне карэспандэнты «Чырвонкі. Чырвонай змены» шукалі ў педагагічным атрадзе «Ветразь», у якім сёння распачынаецца чацвёртая, апошняя, змена.


— У нас зараз знаходзяцца 240 дзяцей ва ўзросце ад 6 да 16 гадоў, — кажа старшы педагог дзіцячага аздараўленчага лагера «Палітэхнік» Уладзімір Самуленкаў. — Яны падзелены на 9 атрадаў. Для трэцяй змены мы абралі назвы вядомых гістарычных дынастый — Бурбоны, Цюдоры, Мін... Атрады скамплектаваны так, каб у іх уваходзілі дзеці прыкладна аднаго ўзросту плюс-мінус год. Усе важатыя — гэта або студэнты, або сёлетнія выпускнікі. Сярэдні ўзрост — 22-23 гады. У нашых шэрагах ёсць нават першакурснікі. Як правіла, яны самі неаднаразова прыязджалі ў лагер школьнікамі і таму добра ведаюць яго жыццё «знутры».

Сёлета ўвайсці ў «Ветразь» захацелі больш за 280 чалавек. Хоць атрад арганізаваны на базе БДПУ, але патэнцыяльныя кандыдаты прыходзяць з розных вышэйшых навучальных устаноў і нават каледжаў. Гэты год для атрада адметны: ён упершыню працуе на базе адразу двух лагераў — «Палітэхніка» і «Спадарожніка». У апошнім дагэтуль «Ветразь» працаваў ажно васямнаццаць гадоў.

Усе будучыя важатыя праходзяць праз спецыялізаванае навучанне. Пачынаецца яно задоўга да лета — у снежні — студзені, і ўключае ў сябе пяць этапаў. Першы з іх — гэта гутарка. Перавага на ёй аддаецца адкрытай, матываванай, шчырай моладзі. Дапамагае ў адборы кваліфікаваны псіхолаг.

Пасля гутаркі кандыдаты ў важатыя дзеляцца на мікрагрупы, за імі замацоўваюцца куратары, якія даюць заданні на выхад з зоны камфорту, праверку прафесійнай прыдатнасці, псіхалагічную сумяшчальнасць. Такая работа доўжыцца каля трох тыдняў. Тыя, хто на гэтым этапе не адсеяўся, пераходзяць да вочнага навучання. Яно шмат у чым падобнае да класічных універсітэцкіх заняткаў, але асноўны ўпор зроблены на семінары і трэнінгі. Пасля ідзе практыка. Шматлікія мерапрыемствы, якія праходзяць у рамках лагера, размяркоўваюцца паміж навучэнцамі і «прайграюцца». Бо калі будзе прабел у ведах, то давядзецца экстранна выпраўляць сітуацыю ўжо на месцы, а кантакт «важаты — дзеці» рызыкуе быць парушаны. І «вішанька на торце» — выязное навучанне непасрэдна ў лагеры. За тры дні будучыя важатыя мадэлююць усе магчымыя сітуацыі — заезд, рассяленне, кантакты з бацькамі, вячэрнія «свечкі»-зборы, дзе члены атрада абмяркоўваюць адзін аднаго. З 280 чалавек, якія пачыналі вучобу, навучанне паспяхова скончылі толькі 200.

Кацярына Макарава працуе важатай у атрадзе «Ветразь» ужо другі год, яна скончыла другі курс БДПУ. Вучыцца дзяўчына на факультэце дашкольнай адукацыі. Пад яе кіраўніцтвам — дынастыя «Бурбоны».

— Мае выхаванцы — дзеці ва ўзросце 13-14 гадоў. Той самы пераходны ўзрост — гіперактыўнасць і непаслухмянасць, праз што праходзілі ўсе мы, — смяецца Кацярына. — Самае складанае — сказаць падлеткам, што ўжо 22.30 і надышоў час адбою пасля дыскатэкі. А раніцай усе хочуць больш паспаць. Па першым часе яшчэ ёсць «жаваранкі», якія ўстаюць а 6-й гадзіне і нават раней, але пасля яны падстройваюцца пад іншых.

Дзень у важатага складаны. Ён пачынаецца ў 7 раніцы, а заканчваецца... Скажам так, дакладнай часавай мяжы ўвечары няма. Пад'ём у дзяцей — у 7.40. Разам з імі важатыя ідуць на зарадку, сняданак. Да абеду — гульні на свежым паветры: валейбол, піянербол, футбол, баскетбол... А яшчэ ідзе падрыхтоўка да самых разнастайных мерапрыемстваў. Напрыклад, у лагеры прайшла «Ноч музеяў». Кожная «дынастыя» прадстаўляла некалькі экспазіцый, якія ў пэўны момант ажывалі. Падчас «Легендаў музыкі» дзеці выступалі на балконах і спявалі легендарныя кампазіцыі Queen, Led Zeppelіn, Beatles... Па мастацкай кнізе здымаем двуххвілінны буктрэйлер. А яшчэ прайшоў Дзень Гары Потэра, калі па лагеры бегалі 240 маленькіх чараўнікоў. Была і «Хвіліна славы», дзе кожны мог паказаць свае здольнасці.

Першыя тры дні, як правіла, дзеці прывыкаюць адзін да аднаго. Ім крыху складана звыкнуцца і з рэжымам дня, бо звычайна яны не праводзяць столькі часу на свежым паветры. Мабільныя тэлефоны выдаюцца толькі на «ціхай гадзіне», бо актыўны адпачынак не мусіць ператварацца ў «сядзенне ў смартфоне» пад дрэвамі.

А вось бацькі з дапамогай гаджэтаў могуць сачыць за тым, як іх дзеці пачуваюць сябе ў лагеры. Фота са шматлікіх імпрэз аператыўна выкладваюцца ў сацыяльных сетках.

Цікаўлюся ў Кацярыны Макаравай, што ж яе натхніла на такую цікавую, але даволі складаную працу.

— Дзеці — гэта закрытая кніга, якую хочацца раскрыць і пакінуць у ёй добры след. Малыя ж памятаюць свайго першага настаўніка, выхавацельку ў дзіцячым садзе... Быць для кагосьці прыкладам — гэта гонар для мяне.

А наколькі складана самім важатым працаваць учацвярых?

— Сярод нас ідзе раздзяленне паўнамоцтваў. Абавязкаў вельмі шмат: прыбраць у сталовай, накрыць стол, адвесці дзяцей на працэдуры, на спаборніцтвы па футболе, майстар-класы, прыдумаць праграму мерапрыемстваў... Да таго ж мы адмовіліся ад ідэі прапаноўваць мерапрыемствы дзецям «зверху», а прыдумляем іх разам. У нас няма паняцця «гуртковая работа», мы перайшлі на фармат майстар-класаў. Самы папулярны кірунак — танцы. Карыстаецца попытам і хэнд-мэйд, пачынаючы ад выбару чахлоў на тэлефоны і заканчваючы аплікацыямі ў 3D. Тыя, хто ўмее спяваць, рыхтуюцца да конкурсу па фармаце, падобным на «Еўрабачанне». Шмат падлеткаў задзейнічаны на сілавой аэробіцы. Адным словам, занятак па душы мы знойдзем кожнаму.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фо­та Ган­ны ЗА­НКА­ВІЧ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.