Вы тут

Як стаць найлепшым?


Знайсці матывацыю. Нават на канікулах.

Увесну прайшоў заключны этап рэспубліканскай алімпіяды па 17 прадметах, у якой прынялі ўдзел 1460 вучняў з Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны. Дыпломамі было ўзнагароджана 87 чалавек, лідзіравалі ў камандным заліку школьнікі з Мінска, а таксама з Гродзенскай і Гомельскай абласцей. Быць найлепшым не так проста: для гэтага вучні прыкладаюць вялікія намаганні. У кожнага героя — свая гісторыя...


Анастасія Слуцкер атрымала дыплом першай ступені на алімпіядзе па грамадазнаўстве. Яна выпускніца 10 класа сталічнай гімназіі № 8.

— Грамадазнаўства першапачаткова было ў спісе прадметаў, якія мне падабаліся і якія трэба здаваць пры паступленні, але калі б не настаўнік, то я наўрад ці дайшла б да алімпіяды. Самае складанае — прымусіць сябе чытаць і вучыць. Але нежаданне кагосьці падвесці давала мне матывацыю, — расказвае Анастасія. — Калі даведалася пра курсы перад рэспубліканскай алімпіядай, паставілася да іх вельмі скептычна, але ў канцы алімпіяды маё меркаванне змянілася. А галоўны «ўдар» пры падрыхтоўцы прыйшоўся на канікулы, калі даводзілася ахвяраваць асабістым часам.

Аляксандра Маляўка з Гродна скончыла 11 клас ліцэя № 1, яна дасягнула вышынь у вывучэнні «навукі зорак» — астраноміі. Двойчы заваявала дыплом першай ступені на рэспубліканскай алімпіядзе, сёлета стала абсалютным пераможцам. Мае пахвальны водгук ІOAA-2017 (міжнароднай алімпіяды па астраноміі і астрафізіцы), дыплом другой ступені Санкт-Пецярбургскай астранамічнай алімпіяды.

— Шчыра прызнацца, у самым пачатку думкі аб удзеле ў рэспубліканскай і тым больш міжнароднай алімпіядзе здаваліся далёкімі ад рэальнасці, больш захапляў сам працэс вывучэння прадмета. Ці цяжка давалася падрыхтоўка? Ёсць колькасць укладзеных сіл і часу, плюс твая зацікаўленасць у выніку, — расказвае Аляксандра. — Зразумела, нельга адмаўляць наяўнасць схільнасці да пэўнага роду дзейнасці, калі адчуваеш сябе «на сваім месцы». Думаю, астраномія і стала тым заняткам, дзе мне ўдалося адчуць, што я іду ў правільным кірунку і раблю гэта ў добрай кампаніі. Калі моцна захацець і правільна арганізаваць свой час, можна сумясціць практычна ўсё. Нават рашыць дзвесце задач, паралельна выканаць пяць практычных работ і вывучыць на памяць верш (усё да заўтрашняй раніцы). Але, нагружаючы мозг, нельга забываць і аб целе, фізічных нагрузках — цяпер я займаюся ў трэнажорнай зале.

Ганна Волкава — выпускніца 10 класа сталічнай гімназіі № 21. Поспехаў дзяўчына дабілася ў вывучэнні беларускай мовы і літаратуры, узяўшы дыплом першай ступені на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды.

— Насамрэч, я заўсёды разумела, што мяне цікавіць вывучэнне моў, літаратуры і гісторыі, таму, канешне, і маю поспехі менавіта па гэтых школьных прадметах. Нельга, зразумела, не адзначыць вялікую падтрымку з боку маёй настаўніцы беларускай мовы і літаратуры, яе педагагічны талент, прагу да сваёй працы і ўменне ўбачыць патэнцыял у сваіх навучэнцаў. А два месяцы рэспубліканскіх збораў далі мне той пласт ведаў, якія ніколі не атрымаць на звычайных занятках у школе, — дзеліцца Ганна. — Што датычыцца матывацыі: яе трэба шукаць толькі ўнутры сябе самога. Калі ты сапраўды нечага жадаеш, то ўсё зробіш так, як трэба. Два месяцы перад алімпіядай я размаўляла толькі на беларускай мове. Бацькі падтрымліваюць мяне ў любым пачынанні, за што ім вялікі дзякуй.

Але ж алімпіяда — гэта не толькі адукаванасць і падрыхтоўка вучняў: важную ролю адыгрывае настаўнік. Ён і закладвае веды ў галовы маладых талентаў, прывівае любоў да прадмета.

Настаўнік геаграфіі сталічнай гімназіі № 8 Іван Васілевіч Булва, які сам у 2003—2005 гадах быў абсалютным пераможцам рэспубліканскіх алімпіяд па геаграфіі, раіць «зялёным алімпіяднікам»: «Не губляйце час нават летам. Самападрыхтоўка дапаможа менш напружвацца падчас наступнага навучальнага года. Зазірайце ў падручнікі за старшыя класы. Таксама падтрымлівайце стасункі са старэйшымі таварышамі-алімпіяднікамі — яны дапамогуць не толькі добрай парадай, але і патрэбнай літаратурай. Абавязкова знайдзіце курсы па вашым прадмеце, якія на міжшкольным узроўні праводзяць выкладчыкі з універсітэтаў».

Анастасія Сурынава, выпускніца 10 класа гімназіі № 8 г. Мінска

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?