21 Верасень, пятніца

Вы тут

У Ваўкавыскім раёне аднаўляюць сядзібу са шляхецкім размахам


Пасля 20-гадовага запусцення вядуцца работы ў старажытным маёнтку ў Падароску. Тут з'явіцца першы ў краіне музей беларускай шляхты, а панскія пакоі пераўтворацца ў гасцінічныя нумары.


У такім выглядзе маёнтак дайшоў да нашых дзён.

Старажытны шляхецкі комплекс некалькі гадоў таму набыў на аўкцыёне расійскі бізнесмен з беларускімі каранямі Павел Падкарытаў. Кажуць, што ён вельмі зацікавіўся гісторыяй мясцовай эліты і нават вывучыў беларускую мову. Але ўсімі работамі кіруе яго давераная асоба, мясцовы навуковец, гісторык і педагог Андрэй Колас. Ён расказаў, што маёнтак, хоць і налічвае больш за 500 гадоў, неаднаразова разбураўся і быў амаль поўнасцю адбудаваны ў ХІХ стагоддзі апошнім уладальнікам Янам Ота Бохвіцам, лёс якога трагічна завяршыўся напярэдадні Другой сусветнай вайны. Пры ім з'явіліся другі паверх і бакавыя пакоі. Велічны маёнтак атрымаў назву «Фларыянова» ў гонар бацькі гаспадара — вядомага на той час філосафа і педагога Фларыяна Бохвіца, які напісаў некалькі фундаментальных філасофскіх і педагагічных твораў аб выхаванні і пачуццях.

Падчас Першай сусветнай вайны маёнтак быў спалены і адсюль усё павыносілі, засталіся толькі сцены. У савецкі час тут была школа, а затым калгасная кантора. Флігель аддалі пад кватэры, але дом прызналі аварыйным і жыхары з'ехалі. У такім прыблізна стане сядзібны комплекс быў выкуплены.

Трэба сказаць, што ён нейкім чынам амаль поўнасцю захаваўся. Асабліва ўражвае велічная брама, якая вядзе да радавога гнязда. Праўда, уваходная група зараз у будаўнічых рыштаваннях, ідзе кансервацыя той часткі брамы, якая крыху разбурана. Яе замацуюць і раскрыюць, кажа Андрэй Колас, бо брама з'яўляецца свайго роду візітоўкай сядзібы.

Таксама на тэрыторыі часткова захавалася старая стайня і будынак былой кузні. Нельга не адзначыць і ўтульную паркавую зону з клёнамі і ліпамі. З больш рэдкіх парод — явар, чорная карэльская бяроза, амерыканская ліпа. Усяго каля 500 дрэў, з іх па праекце трэба захаваць 370. Дрэвы маюць па 80—100 гадоў. Суразмоўнік запэўніў, што секчы старыя дрэвы пакуль не маюць намеру. У парку пракладуць сцежкі і трохі акультураць.

Кавярня ў былой стайні

Паколькі комплекс лічыцца гісторыка-культурнай спадчынай, работы праводзяцца па ўзгадненні з Міністэрствам культуры. Рэстаўрацыя вядзецца ў тры этапы.

Напачатку адновяць старую кузню, дзе размесціцца сувенірная крама. Зараз тут аздабляецца памяшканне, выкладваецца плітка. Увосень завязуць абсталяванне і адкрыюць краму для турыстаў.

Завяршаюцца работы на рэстаўрацыі былой стайні, дзе ў савецкі час былі гаражы. Цяпер уласнікі распрацавалі праект пад кавярню, разлічаную на 24 наведвальнікі. Аб'ект даволі цікавы — сучасны модуль «уціснуты» ў старажытныя руіны. Фундамент умацаваны вялікімі камянямі. Будаўнічыя работы тут завершаны, засталося толькі аздабленне і добраўпарадкаванне.

Побач з «зімовай» кавярняй узведзена летняя тэраса на 100 пасадачных месцаў. Здалёк гэты аб'ект можна прыняць за старажытны. Аказалася, што трывалы драўляны навес з доўгімі сталамі і лаўкамі — навадзел і пабудаваны летась. Але сапраўды, наўрад ці драўляная тэраса захавалася б да гэтай пары.

Між іншым, на тэрыторыі комплексу знаходзіцца даваенная альтанка, таксама драўляная. Вакол яе было шмат спрэчак. І хоць яна не лічыцца гістарычнай каштоўнасцю, гаспадарам неабходна адрамантаваць яе ў адпаведнасці з мінулай эпохай, а работы ўзгадняць з Мінкультам. Мяркуецца, што да восені альтанку адрамантуюць, а ўжо налета ўсе рэсурсы плануецца кінуць на гасцініцу.

Андрэй Колас каля будучага кафэ.

Музей і постаць Наполеона

За дзясяткі метраў ад палаца стаіць былы флігель, у якім жылі слугі, а на другім паверсе — аканом, ці, як кажуць цяпер, — загадчык гаспадаркі. Будынак не мае ніякіх архітэктурных асаблівасцяў, але пасля рэканструкцыі набудзе больш прэзентабельны выгляд. Тут з'явіцца гасцініца на 28 месцаў. Затым дойдзе чарга да самога маёнтка і парка. Прыкладная дата — 2020 год. Тэрміны адцягваюцца з-за розных праектных акалічнасцяў.

Андрэй Колас праводзіць па былых пакоях маёнтка, якіх тут налічваецца 27. У большасці меліся каміны, некаторыя з іх будуць адноўлены. Плануецца, што ў адным крыле размесціцца элітны гатэль коштам за нумар ад 20 еўра і вышэй. На першым паверсе будуць бібліятэка, канферэнц-зала, іншыя памяшканні. У адным з іх на вялізным стале размешчаны макет маёнтка ў маштабе 1:250 і развешаны гербы радавітых сямействаў.

Асаблівасцю сядзібы стане стварэнне першага ў краіне музея беларускай шляхты. Гэту ідэю, дарэчы, прапанаваў расійскі бізнесмен, а паплечнік Андрэй Колас горача падтрымаў яго. Аматар даўніны прыносіць у будучы музей старажытныя кнігі XVІІ—XVІІІ стагоддзяў, запальвае свечкі і расказвае аб гісторыі шляхецкага роду турыстам, якія сюды заязджаюць.

— У палякаў такі музей ёсць, ва ўкраінцаў — музей казакоў, у расіян — баяр, а мы што, горшыя? У такіх маёнтках жыла наша беларуская шляхта. Дарэчы, недалёка, у Ружанах, жыў Леў Сапега, які напісаў Статут ВКЛ, — адзначае суразмоўнік.

Музей шляхты — не адзіная «фішка» сядзібы. Новыя гаспадары лічаць, што турыстаў зацікавіць постаць Напалеона, які, ёсць такая версія, спыняўся ў маёнтку. У Падароску нават высветлілі, у якім канкрэтна пакоі начаваў французскі палкаводец падчас кампаніі 1812 года. Тут размесціцца адпаведная экспазіцыя.

— Згодна з запісам — у самым дальнім левым пакоі, вось мы тут і знаходзімся. Я паглядзеў у інтэрнэце, як выглядаў ложак Напалеона. Гэта пакуль часовая прылада, каб проста было што паказаць. У мяне есць люстэрка старадаўняе, манекен Наполеона. Між іншым, у Ваўкавыску ваенныя дзеянні вяла другая армія Баграціёна, у райцэнтры ёсць адпаведны музей, — зазначае Андрэй Колас.

Трэба сказаць, што пры свечках маёнтак выглядае надзвычай таямнічым. А яны неабходны ў тых пакоях, дзе няма вокнаў. Гэтым у свой час скарысталіся кажаны, якія раз-пораз вылятаюць, каб схавацца ад святла. Іх тут налічылі больш за два дзясяткі.

Маёнтак — частка кластара

На сядзібе будзе створаны турыстычна-рэкрэацыйны комплекс. Андрэй Колас з'яўляецца дырэктарам унітарнага прадпрыемства «Маёнтак «Падароск». Хоць да канца рэканструкцыі далёка, тут разважаюць аб тым, як развівацца ў будучым. Разглядаецца пытанне аб набыцці будынка былога пажарнага паста, у якім ёсць ідэя стварыць хостэл.

Дарэчы, сядзібны комплекс можа стаць адным са знакавых аб'ектаў новага кластара. Турыстычны маршрут будзе даволі цікавы, лічыць Андрэй Колас, бо пройдзе па тэрыторыі Белавежскай пушчы, на мяжы з якой знаходзіцца і сам маёнтак. Да таго ж у суседніх з Падароскам вёсках Ізабелін і Верусіно прыватныя гаспадары выкупляюць старажытную піваварню і сінагогу. Адноўленыя аб'екты стануць часткай новага кластара. Будуць задзейнічаны і аграсядзібы.

— Я сам гісторык, выкладаю спецыяльныя турыстычныя дысцыпліны у Ваўкавыскім каледжы, — расказвае Андрэй Колас, — у нас ёсць суполкі ў сацыяльных сетках, мы адкрытыя да грамадства і зацікаўлены, каб развіваць турызм.

Брама, якая вядзе ў турыстычны комплекс «Маёнтак «Падароск».

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: «Нам засталася спадчына...»

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чаму ў Беларусі варта аптымізаваць колькасць сельсаветаў

Чаму ў Беларусі варта аптымізаваць колькасць сельсаветаў

І павышаць эфектыўнасць работы мясцовых органаў улады.

Грамадства

Якіх педагогаў  хочуць бачыць дзеці ў аб'яднаннях па інтарэсах?

Якіх педагогаў хочуць бачыць дзеці ў аб'яднаннях па інтарэсах?

​Для сістэмы дадатковай адукацыі ўласцівы адкладзены ў часе эфект.

Грамадства

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Толькі Ньютан і толькі хардкор!