Вы тут

Дзеянне фестывальнага хіта «Між стэлажоў» адбываецца ў гіпермаркеце


Ах, які пасаж. Дзеянне фестывальнага хіта «Між стэлажоў» адбываецца ў гіпермаркеце, галоўнымі героямі з'яўляюцца яго работнікі, у гэтых лакацыях узнікае пяшчотная закаханасць, але фільм з першых сцэн намякае, што гаворка тут ідзе пра што хочаце, толькі не пра краму. Праект «Лістапад. Калекцыя» паказвае ў Мінску намінанта на «Залатога мядзведзя» апошняга Берлінале ад рэжысёра Томаса Штубера. Яшчэ ў дні кінафестывалю карціна атрымала шмат увагі крытыкаў і дзве ўзнагароды, а зараз — у «Піянеры» і Falcon Club Буцік Кіно — паказвае, за што.


Усё пачынаецца са знаёмства. З гіпермаркетам, машынэрыяй, увасабленнем капіталізму, упарадкаванай сістэмай і яе стройнымі радамі. Трэвэлінгі пад вальс «На цудоўным блакітным Дунаі» Іагана Штрауса непасрэдна адсылаюць да маштабу фільма «Касмічная
адысея 2001 года» Стэнлі Кубрыка. Там камера робіць гледача амаль бязважкім, надае адчуванне павольнага лунання ў атмасферы і паказвае зачаравальную галактыку. Тут мы з розных ракурсаў — зноў жа ў павольных рухах — аглядваем крамныя рады, і тады нам адкрываецца «космас».

Тое, што гіпермаркет — не проста гіпермаркет, арганічнымі дэталямі падкрэсліваецца на працягу ўсёй трагікамедыі. Аддзелы і войны паміж імі, Сібір і мора, розныя часавыя паясы, эскімосы, адпачынак на пляжы, піцейная ўстанова, упрыгожаны да Калядаў «горад», іншае-іншае і толькі сон за межамі гіпермаркета.

І вось у гэтых умовах — трэба мець на ўвазе, што крама ўвасабляе сучасную Германію, свет ці нават «космас» — развіваецца зусім няхітры сюжэт.
У аддзел напояў прыходзіць маўклівы навічок Хрысціян (Франц Рагоўскі). Шэфства над ім бярэ Бруна (Петэр Курт), усё жыццё якога звязана з гіпермаркетам і тым, што на яго месцы было да падзення Берлінскай сцяны. Ужо хутка Хрысціян аказваецца закаханым у Марыён (Сандра Хюлер) з аддзела ласункаў, а глядач — захопленым пяшчотнай рамантычнай гісторыяй, усёй з няёмка-нявінных рухаў.

І ўсё ж рамантычная лінія, якая «рэкламуецца» ў анатацыі і з пераменнай інтэнсіўнасцю паказваецца ў фільме, тут не галоўная. Самае цікавае — сачыць за буднымі днямі гіпермаркета і яго супрацоўнікаў і знаходзіць у іх адсылкі да больш маштабных катэгорый. У гэтых маштабных катэгорый свая гісторыя: да падзення Берлінскай сцяны і пасля. Калі «пасля» ўвасабляецца ў нейкім капіталістычным сімвале — краме, то мінулае ўяўляецца дарогай (каманда супрацоўнікаў гіпермаркета да яго з'яўлення займалася дальнабоем).

Бруна, якому разам з Хрысціянам і Марыён прысвечаны цэлы раздзел фільма, сумуе па дарозе, праўда, пэўна, не таму, што яна адзначана дабрабытам, а таму, што ў мінулым заўсёды ёсць нешта, па чым можна сумаваць. Як казаў Кант, настальгуючы, мы сумуем на па мінулым, а па саміх сабе. Трагічная акалічнасць заключаецца ў тым, што мінулае і сучаснасць быццам два розныя сусветы. «Да падзення Берлінскай сцяны» і «пасля» значаць нейкія фатальныя перамены, таму не для ўсіх людзей старога свету знаходзіцца месца ў новым.

Кожны з трох галоўных герояў паказваецца ў тым ліку за межамі гіпермаркета, і гэтае «замежнае» жыццё нясе ў сабе знакі нейкай фіктыўнай рэальнасці. Хрысціян адкрыта кажа, што прамежак часу пасля працоўнай змены да наступлення новай быццам сон. Жыццё Бруна не такое, якім ён яго прадстаўляе, рэчаіснасць Марыён — не такая, якой яе прадстаўляюць іншыя. У чым таксама можна ўбачыць вялікія з'явы мінулага і сучаснасці.

Трэба сказаць, гэта надзвычай каштоўна для кіно — здолець расказаць пра краіну праз гісторыю закаханасці паміж супрацоўнікамі гіпермаркета. За ўсімі целарухамі, падзеямі, размовамі, звычкамі, дыспазіцыяй, нарэшце, за галоўнымі героямі надзвычай цікава назіраць, амаль не адарвацца. Маўклівы Хрысціян, пэўны ўзровень недагаворвання, эпізоды пад выдатную музычную падборку — тут усё робіць выгляд вялікага драматычнага кіно,
хоць па сутнасці гісторыя расказвае пра некалькі работнікаў гіпермаркета і не змяшчае заліхвацкіх сюжэтных паваротаў.

У выніку ж «Між стэлажоў» — сапраўды вялікае драматычнае кіно. Аксамітныя пачуцці, класічная музыка і шум мора — лейтматыў, які абыгрываецца ў карціне надзвычайным чынам, — робяць спарадкаваныя рады нібыта халоднай і непрывабнай машынерыі цёплымі, вытанчанымі і важкімі.

Усё гэта заслугоўвае першачарговай увагі — гаворка пра вялікае праз суперпростае, удзел Сандры Хюлер (успомніце «Тоні Эрдмана» Марэн Адэ) і Франца Рагоўскага (перагледзьце яго танец у «Хэпі-эндзе» Міхаэля Ханэке), спалучэнне камедыі з трагедыяй. Хіт Берлінале «Між стэлажоў» ідзе ў пракаце да 15 жніўня.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Загаловак у газеце: Космас у гіпермаркеце

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

На фестывалі згадалі і даўнюю традыцыю — услаўляць завяршэнне земляробчага года абрадамі ў гонар Багача. 

Грамадства

Як у Слаўгарадскім раёне апякуюць пенсіянераў

Як у Слаўгарадскім раёне апякуюць пенсіянераў

Дом у Лапацічах нічым асабліва не выдзяляецца сярод іншых...

Палітыка

Аб чым дамовіліся прэзідэнты Беларусі і Азербайджана?

Аб чым дамовіліся прэзідэнты Беларусі і Азербайджана?

Па выніках перамоў у Мінску яны прынялі сумесную заяву.

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.