Вы тут

У аварыі на трасе М1 адзін чалавек загінуў, два атрымалі траўмы


...У аварыі, якая адбылася раніцай 7 жніўня на 277-м кіламетры трасы М1, адзін чалавек загінуў, яшчэ два атрымалі траўмы. Прычына аварыі — шафёр адарваўся ад кіравання аўтамашынай (як мяркуецца, заснуў). У аварыі, што здарылася ў гэты ж дзень у 14.00 у Мастоўскім раёне, адзін чалавек загінуў, яшчэ двое атрымалі сур'ёзныя траўмы. Кіроўца больш як суткі знаходзіўся за рулём, у выніку чаго заснуў. Загінула яго 19-гадовая дачка.


У Рагачоўскім раёне мікрааўтобус заехаў на сустрэчную паласу і ўрэзаўся ў грузавік. Гэтая аварыя, у якой загінуў кіроўца мікрааўтобуса, хутчэй за ўсё, была выклікана той жа банальнай і сумнай прычынай: чалавек заснуў за рулём.

У нядаўняй жудаснай аварыі мікрааўтобус з гомельскімі турыстамі, які рухаўся па маршруце Адэса—Гомель, урэзаўся ў грузавік у Мікалаеўскай вобласці. Загінулі пяць чалавек, у тым ліку дырэктар фірмы-перавозчыка. Яшчэ дванаццаць чалавек з цялеснымі пашкоджаннямі рознай ступені цяжкасці дастаўленыя ў бальніцу...

Навіны як быццам з поля бою. Кожны дзень мы атрымліваем весткі пра чарговую аварыю з гібеллю кіроўцаў і пасажыраў. Нярэдкія выпадкі, калі ў ДТЗ трапляюць аўтобусы, якія перавозяць не адзін дзясятак людзей. Прычыны розныя, але ўсім добра вядомыя: парушэнне кіроўцам рэжыму працы і адпачынку, непаладкі з транспартным сродкам, перавышэнне хуткаснага рэжыму, парушэнні правілаў дарожнага руху. Як зрабіць так, каб выкараніць або радыкальна мінімізаваць колькасць парушэнняў і гарантаваць бяспеку грамадзян на дарогах?

Па словах Сяргея ГЛЯМБОЎСКАГА, намесніка начальніка ўпраўлення кантролю аўтамабільнага транспарту Транспартнай інспекцыі Міністэрства транспарту і камунікацый, ажыццяўляецца жорсткі кантроль за станам транспартных сродкаў, у прыватнасці аўтобусаў міжнародных напрамкаў. Яны правяраюцца ў кантрольна-прапускных пунктах на ўездзе ў нашу краіну. І, як паказвае практыка, у кожным чацвёртым аўтобусе выяўляюцца пэўныя «хібы»: няспраўнасць тэхнічнай часткі альбо парушэнне кіроўцам рэжыму працы і адпачынку. Падобная прафілактыка дазволіла значна зменшыць колькасць ДТЗ.

Што датычыцца кантролю стану кіроўцаў, то, як растлумачыў Сяргей Глямбоўскі, гэта цалкам і даволі эфектыўна рэгулюецца ўстаноўленымі правіламі. Маршрут і графік перавозкі складаецца аўтамабільным перавозчыкам. Ён павінен і абавязаны вызначыць іх такім чынам, каб кіроўца меў час на кароткі — пасля чатырох гадзін бесперапыннага кіравання — 45-хвілінны перапынак і працяглы — пасля васьмі гадзін знаходжання за рулём. На пытанне карэспандэнта «Звязды», чаму ж шафёры нярэдка засынаюць падчас руху, Сяргей Глямбоўскі адказаў, што падобныя здарэнні маюць месца выключна па прычыне парушэнняў устаноўленых правілаў. Калі ж выконваць рэжым працы і адпачынку згодна з пастановай Мінтранса, ніякага засынання за рулём не будзе. Такім чынам, гаворка ідзе аб так званым чалавечым фактары, інакш кажучы, сам кіроўца адказны за тое, што адбываецца на дарозе. З боку ж кантрольных органаў праводзяцца ўсе мерапрыемствы, закліканыя гарантаваць бяспеку пасажыраў і кіроўцаў.

Акрамя таго, як растлумачыў Сяргей НАВАСЕЛЬЦАЎ, загадчык аддзела даследаванняў у галіне бяспекі транспартнай дзейнасці БелНДІТ «Транстэхніка», вывучаецца вопыт замежных калег. У прыватнасці, пільная ўвага надаецца таму, як у іншых краінах праводзіцца падрыхтоўка кіроўцаў. Цяжка не пагадзіцца, што ад кваліфікацыі і фізічнага стану шафёра напрамую залежыць бяспека аўтамабільнага руху. І тут шматгадовыя напрацоўкі замежных калег могуць дапамагчы істотна палепшыць сітуацыю на нашых дарогах.

Сяргей КУЛАКОЎ

Загаловак у газеце: Не спі — загінеш

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.