Вы тут

Дыялог з моладдзю пра моладзь адбыўся на Гомельшчыне


Новыя формы ўзаемадзеяння ўлады і моладзі на працягу двух дзён абмяркоўвалі каля 350 прадстаўнікоў дзяржаўных органаў і ведамстваў, абласной і раённай вертыкалі, грамадскіх арганізацый, дэпутацкага корпуса з усіх абласцей краіны.

 


У першы дзень удзельнікі рэспубліканскага семінара-практыкума «Удасканаленне дзейнасці ў рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі Рэспублікі Беларусь» наведалі Лоеў і Рэчыцкі раён, у другі — плённа працавалі ў Рэчыцы. Дэлегаты азнаёміліся з работай устаноў адукацыі і культуры, прадпрыемстваў рэгіёна. На кожным з аб'ектаў гасцям імкнуліся паказаць нестандартныя формы работы з моладдзю.

Рэспубліканская тэматычная выстаўка, размешчаная ў палацы культуры «Нафтавік», задала тон гутарцы пра сапраўдныя праблемы, якія хвалююць тых, хто зараз працуе з моладдзю. Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Наталля Качанава падкрэсліла, што актуальныя пытанні былі пастаўлены кіраўніком дзяржавы:

— Важна выканаць даручэнні, якія былі агучаны на V Усебеларускім народным сходзе, Рэспубліканскім педагагічным савеце, іншых мерапрыемствах і нарадах, дзе былі дадзены канкрэтныя даручэнні па рабоце з моладдзю. Без сумнення, гэта абмен вопытам. Шмат пытанняў, якія хвалююць усіх, хто сёння працуе з моладдзю, у тым ліку дзяржаўныя органы кіравання. Мы сабраліся, каб у працэсе абмену меркаваннямі ўдакладніць, што яшчэ трэба зрабіць, магчыма, на заканадаўчым узроўні. Напрыклад, зусім нядаўна падчас апошняга з'езда БРСМ былі агучаны прапановы па павелічэнні маладзёжнага ўзросту: не 31 год, а крыху болей, бо сёння зусім іншая працягласць жыцця. Напэўна, ёсць і некаторыя іншыя пытанні: прафесійная арыентацыя старшакласнікаў, атрыманне адукацыі і працаўладкаванне, работа па патрыятычным выхаванні моладзі.

Міністр адукацыі Беларусі Ігар Карпенка адзначыў, што сёння нельга працаваць з моладдзю толькі інтуітыўна. Павінны быць навуковы і практычны падыходы. Кіраўнік ведамства расказаў, што ў краіне распрацуюць стратэгію развіцця дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі да 2030 года.

Фарміраванне сацыяльна актыўнай асобы маладога чалавека — сярод стратэгічных кірункаў. Дарэчы, у новым навучальным годзе прапануецца рэалізаваць праект «Школа актыўнага грамадзяніна» ва ўстановах адукацыі. Ён дапаможа сфарміраваць сацыяльна актыўнага грамадзяніна. Другі кірунак — удасканаленне прафарыентацыйнай работы. Для навучэнцаў 10 класаў уводзіцца прадмет «Працоўнае навучанне». Па словах міністра адукацыі, неабходна арыентавацца на падрыхтоўку кадраў для высокатэхналагічных вытворчасцяў, павышэнне прэстыжу рабочых прафесій. Не менш важная падтрымка таленавітай моладзі. Сярод прыярытэтаў — стварэнне ўмоў для эфектыўнага прафесійнага станаўлення і развіцця моладзі, падтрымка маладых прадпрымальнікаў, арганізацыя другаснай занятасці. Асобную ўвагу ўдзеляць дзіцячым і маладзёжным грамадскім аб'яднанням і прафілактыцы злачынстваў і правапарушэнняў сярод маладых людзей, а таксама фізкультуры і аздараўленню. Не менш важнае і грамадзянска-патрыятычнае выхаванне моладзі.

Рэгіянальны інавацыйны досвед па пытаннях работы з моладдзю стане матэрыялам для аналізу і абмеркавання ў рамках усёй краіны.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».