Вы тут

Дзіцячыя хірургі плануюць дапамагаць малым яшчэ да іх нараджэння


За сем месяцаў бягучага года ў РНПЦ дзіцячай хірургіі паступілі 10 пацыентаў з апёкамі стрававода і 130 малых з іншароднымі прадметамі ў арганізме. У 2017 годзе такіх пацыентаў было 18 і 326 адпаведна.


Як расказаў дырэктар цэнтра, галоўны пазаштатны дзіцячы кардыяхірург Міністэрства аховы здароўя Канстанцін ДРАЗДОЎСКІ, колькасць дзяцей, якія церпяць ад апёкаў стрававода, нягледзячы на ўсе папярэджанні і прафілактычную работу, не змяншаецца апошнія 5—10 гадоў. Прычым у 95 працэнтах выпадкаў віна за гэтыя здарэнні кладзецца на бацькоў. Выпадак у Горках, дзе аднагадовае дзіця атрымала хімічныя апёкі поласці рота і стрававода, абсалютна тыповы. Менавіта дарослыя пералілі вадкасць для ачышчэння каналізацыйных труб з наяўнасцю кіслаты ў пластыкавую бутэльку з-пад газіраванага напітку. Калі бацькі выкарыстоўваюць для захоўвання агрэсіўных вадкасцяў звычайную тару, прычым не вельмі клапоцяцца пра тое, каб у дзіцяці не было да яе доступу, гэта, як правіла, заканчваецца трагічна.

— Прыблізна 80 працэнтаў дзяцей, якія паступаюць да нас, — малыя ад года да 2,5 года, — расказвае загадчык аддзялення экстраннай хірургіі РНПЦ дзіцячай хірургіі Ігар СЯЎКОЎСКІ. — Гэта менавіта той узрост, калі дзіця спасцігае свет, каштуе рэчы на смак і цягне ў рот усё, што яму трапляецца...

А вось колькасць дзяцей, якія праглынулі іншародныя прадметы, у гэтым годзе зменшылася прыкладна на 20—30 працэнтаў. Пасля з'яўлення ў абароце манет менавіта гэты прадмет часцей за ўсё вымушаны былі даставаць з дзіцячых арганізмаў хірургі. Вось і сёлета было 78 такіх выпадкаў. А ў 18 выпадках хірургам давялося выратоўваць дзяцей, якія праглынулі батарэйкі. На шчасце, абышлося без трагічных зыходаў. Таксама дзеці глыталі дробныя дэталі цацак, запінкі, завушніцы... Усе іншародныя прадметы, якія не маглі выйсці натуральным шляхам, выдаляліся з дапамогай эндаскапічнай тэхнікі.

Асобна Канстанцін Драздоўскі спыніўся на дасягненнях дзіцячай хірургіі. З канца 2017 года было праведзена ўжо каля 20 аперацый па лячэнні парушэнняў рытму сэрца ў дзяцей ва ўзросце 5—6 гадоў. Раней пацыенты з такой паталогіяй аперыраваліся толькі ва ўзросце 15—17 гадоў, а да гэтага іх падтрымлівалі медыкаментознай тэрапіяй.

«У мінулым годзе паступіла спецыяльнае абсталяванне і мы пачалі рабіць першыя аперацыі ў дзяцей з пяці гадоў. Гэта значыць, што яны не будуць 10 гадоў чакаць, прымаючы сур'ёзныя прэпараты, а ўжо ў дашкольным узросце атрымаюць неабходную дапамогу. Такія дзеці змогуць жыць паўнавартасным жыццём, вучыцца, займацца спортам, танцаваць... У год патрабуецца ад 80 да 100 такіх аперацый. Цяпер мы кожны тыдзень выконваем іх як мінімум дзве-тры, а то і чатыры. Гэта адзін з сур'ёзных прарыўных момантаў у нашай рабоце!».

Таксама беларускія дзіцячыя хірургі першымі на постсавецкай прасторы займелі найноўшы бронхаскапічны комплекс, які дазваляе рабіць бронхаскапію дзеткам з вагой цела ад аднаго кілаграма. З імклівым развіццём рэпрадуктыўных тэхналогій у краіне ўсё часцей сталі нараджацца дзеці з невялікай масай цела і праблемамі прыроджанага характару. Найноўшы бронхаскоп мае дыяметр усяго 1,8 міліметра і дазваляе дыягнаставаць і лячыць паталогіі трахеі і бронхаў у дзяцей, якія важаць усяго кілаграм!

А некалькі месяцаў таму беларускія дзіцячыя кардыяхірургі ўпершыню ў краіне здзейснілі аперацыю па замене клапана лёгачнай артэрыі празскурным доступам праз прасвет сасуда. Першым пацыентам, якому правялі такое ўмяшанне, стаў 12-гадовы хлопчык са складаным прыроджаным парокам сэрца.

— Дзеці з такой паталогіяй да 10—12 гадоў пераносяць ужо па тры-чатыры складаныя аперацыі. Яны суправаджаюцца разрэзам грудной клеткі, спыненнем сэрца пацыента і яго падключэннем да апарата штучнага кровазвароту. Аперацыя складаная тэхнічна, дастаткова траўматычная і спалучаная з высокай рызыкай для пацыента. Дзеці растуць, і пратэзы трэба рэгулярна замяняць. А цяпер мы змаглі даставіць клапан у лёгачную артэрыю эндаваскулярным спосабам, — растлумачыў Канстанцін Драздоўскі.

Яшчэ адзін вельмі перспектыўны навуковы праект спецыялісты РНПЦ дзіцячай хірургіі збіраюцца рэалізоўваць разам з РНПЦ «Маці і дзіця» (зараз ён праходзіць узгадненне і экспертызу). Яго мэта — дапамагчы дзецям з прыроджанай грыжай дыяфрагмы яшчэ да іх нараджэння (у перыяд цяжарнасці маці). Гэта вельмі цяжкая паталогія, і больш як 50 працэнтаў такіх дзетак гінуць пасля нараджэння.

Усяго ў РНПЦ дзіцячай хірургіі выконваецца за год каля пяці тысяч аперацый, з іх 1100—1200 робяцца на сэрцы.

— Аб'ёмы экспарту беларускіх медыцынскіх паслуг у дзіцячай хірургіі складаюць 120—140 тысяч долараў у год. Геаграфія экспарту — бліжняе замежжа: Расія, Украіна, ёсць пацыенты з Малдовы і Казахстана, — расказаў Канстанцін Драздоўскі. — Некалькі месяцаў таму каманда з трох чалавек удзельнічала ў выстаўцы ва Узбекістане. Беларускія спецыялісты арганізавалі ў рамках форуму скрынінг прыроджаных парокаў сэрца. На кансультацыю актыўна прыходзілі дзеці з бацькамі, і, як вынік, — першы пацыент з Узбекістана ўжо прааперыраваны ў РНПЦ дзіцячай хірургіі.

Надзея НІКАЛАЕВА

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.

Грамадства

Птушкі, людзі, цытаты з класікаў: хто, як і навошта расфарбоўвае гарады

Птушкі, людзі, цытаты з класікаў: хто, як і навошта расфарбоўвае гарады

 Карэспандэнт «Звязды» сустрэлася з мастаком Аляксандрам Благіем.

Грамадства

На лячэнне і паляванне. Што прыцягвае замежнікаў у Беларусі?

На лячэнне і паляванне. Што прыцягвае замежнікаў у Беларусі?

​Беларускія санаторыі перасталі быць месцам адпачынку пераважна пажылых людзей.

Грамадства

Што адбываецца ў Юравічах?

Што адбываецца ў Юравічах?

Пасля трагедыі людзі размаўляюць з журналістамі на ўмовах ананімнасці