Вы тут

Як напоўніць матрыцу?


У Ашмянскім раёне колькасць не занятых у эканоміцы грамадзян складае амаль тысячу чалавек.

Зварот «МС» да гэтага раёна невыпадковы. Тэма фарміравання базы не занятых у эканоміцы была ўзнята падчас выязнога пасяджэння Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі сёлета ў чэрвені. Тады завяршыўся этап фарміравання камісій у рамках рэалізацыі Дэкрэта № 1 «Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва». Раёну былі дадзены пэўныя рэкамендацыі. У прыватнасці, самастойна складаць спіс тых, хто падпадае пад дзеянне дэкрэта і не чакаць шаблона па яго стварэнні ад Мінпрацы. Якія зрухі адбыліся за гэты час і на што накіравана дзейнасць пастаяннай камісіі зараз? Аб гэтым наш карэспандэнт даведалася падчас размовы са старшынёй Ашмянскага райсавета, старшынёй камісіі Мікалаем Квяткевічам.


Здымак носіць ілюстрацыйны характар.

Вызначаны адказныя

Суразмоўнік адзначыў, што ў складзе камісіі 17 чалавек. Большасць з іх маюць вопыт работы ў гэтым кірунку. Сярод членаў камісіі — кіраўнікі ўпраўленняў і аддзелаў райвыканкама; падатковай, землеўпарадкавальнай службаў; ЖКГ; аддзела ўнутраных спраў; прадстаўнікі дэпутацкага корпуса і прафсаюзаў.

За два месяцы ўжо адбыліся чатыры пасяджэнні. Напачатку былі вызначаны адказныя асобы па адпаведных кірунках дзейнасці камісіі. Напрыклад, хтосьці будзе адказваць за спісы грамадзян, якія вядуць падсобную гаспадарку на сваіх зямельных участках. Яшчэ адзін член камісіі павінен забяспечыць перадачу ў Гродзенскі аблвыканкам ідэнтыфікацыйных нумароў жыхароў, якія гэтую прадукцыю вырошчваюць. Вызначаны адказны за спіс электронных даведак па працаздольных грамадзянах, не занятых у эканоміцы. Згодна з графікам, камісіі будуць збірацца кожную другую і чацвёртую сераду месяца. Зацверджаны і даты прыёму грамадзян. Адпаведная інфармацыя размешчана на сайце райвыканкама і ў раённай газеце.

Ёсць першы зварот

У раёне перш-наперш вырашылі звярнуць увагу на тых, хто доўгі час не працуе і вядзе асацыяльны лад жыцця. Такіх прыкладна 180 чалавек.

— Гэтыя асобы нам вядомыя, — зазначыў Мікалай Квяткевіч. — Сярод іх тыя, хто стаіць на прафілактычным уліку, вызваліўся з месцаў пазбаўлення волі, прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за п'янства, ёсць сямейныя скандалісты. Усе яны занесены ў базу даных райаддзела міліцыі. Гэтыя спісы ёсць у гарадскіх і сельскіх наглядных камісіях, якія таксама вядуць работу з парушальнікамі.

На разгляд пастаяннай камісіі ў рамках рэалізацыі Дэкрэта № 1 былі прадстаўлены матэрыялы па чатырох сельсаветах. Старшыні Каменналогскага, Мураванаашмянкоўскага, Жупранскага і Барунскага сельскіх выканаўчых камітэтаў расказалі, што робіць мясцовая ўлада, каб гэтыя людзі ішлі працаваць. Разам з тым разлічваць на імгненны поспех у гэтай справе не даводзіцца, разважае Мікалай Квяткевіч. Падчас мінулай кампаніі па папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства члены рабочай групы зрабілі пакватэрны абыход 152 чалавек. Амаль палова з іх заявілі, што гатовыя працаваць. Але скарысталіся такой магчымасцю толькі восем.

Пакуль што ў камісію звярнуўся толькі адзін чалавек з заявай прызнаць яго занятым у эканоміцы. Ён прыклаў дакументы, згодна з якімі мужчына працуе ў Расійскай Федэрацыі. На камісіі яго зварот разгледжаны і задаволены.

Пачалі фарміраваць базу даных

Да 1 верасня павінен быць сфарміраваны першапачатковы банк даных. У цяперашні час усе адпаведныя службы прыступілі да гэтай работы, зазначыў Мікалай Квяткевіч. Канчатковы спіс будзе складзены да 1 снежня. Камісія будзе працаваць з індывідуальным падыходам, улічваць і складаныя жыццёвыя ўмовы. Якія катэгорыі будуць падпадаць пад дзеянне дэкрэта, каго выключылі з гэтага спіса — усе гэтыя моманты замацаваны ўрадавым дакументам.

Тыя, хто трапіць у базу, будуць кампенсаваць некаторыя віды камунальных паслуг, напрыклад за гарачую ваду. Тыя, хто не мае такой паслугі, напрыклад вясковыя жыхары, могуць у такія спісы не трапіць. Разам з тым беспрацоўныя будуць у полі зроку спецыялістаў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва. Бо пры адсутнасці неабходнага страхавога стажу (у 2018 годзе — 16,5 года) чалавек можа атрымаць толькі сацыяльную пенсію, і то праз 5 гадоў пасля наступлення ўстаноўленага пенсійнага ўзросту. Па гэтай прычыне ў раёне за два мінулыя гады 11 чалавек атрымалі адмову ў афармленні пенсій.

— Звесткі пра гэта, а таксама пра неабходнасць і магчымасці працаўладкавання ў арганізацыях раёна даводзім да людзей праз сістэму інфармацыйнай работы: публікацыі ў сродках масавай інфармацыі, падчас сустрэч у працоўных калектывах і па месцы жыхарства насельніцтва, справаздач дэпутатаў перад выбаршчыкамі, выездаў інфармацыйна-прапагандысцкіх груп, — паведаміў суразмоўнік.

Вакансій хапае

Па папярэдніх даных, у раёне не занятымі ў эканоміцы без абумоўленага прававога статусу можна лічыць каля адной тысячы чалавек. Вядома, не ўсе яны трапяць у спісы па пакрыцці расходаў за камунальныя паслугі. Кожны выпадак будзе разглядацца ўсебакова.

— У раёне вядзецца работа па працаўладкаванні жыхароў, стварэнні новых рабочых месцаў, — канстатуе Мікалай Квяткевіч. — На 1 жніўня наймальнікі заявілі аб 500 вакансіях, што ў 2,5 раза больш, чым за адпаведны перыяд мінулага года. Такі ж рост і па рабочых прафесіях.

Разам з тым працэс паступова ідзе. З пачатку года працаўладкавана 90 % беспрацоўных. Іх у службу занятасці звярнулася больш за 400 чалавек. А ўсяго працаўладкавана 540. Многія перавучыліся і знайшлі сабе новае месца работы. Зараз на ўліку стаіць больш за 60 чалавек. У іх ёсць магчымасць уладкавацца як на прадпрыемствы сельскай гаспадаркі, так і прамысловасці. Напрыклад, сельгаспрадпрыемствы прапануюць каля 70 вакансій, амаль столькі ж месцаў у прамысловасці. Палова з іх — рабочыя прафесіі. Кваліфікаваныя кадры чакаюць у будаўніцтве, сферы абслугоўвання, адукацыі, аховы здароўя.

У раёне рэалізуецца некалькі інвестыцыйных праектаў, дзе таксама ствараюцца новыя рабочыя месцы. У іх ліку — аб'ект прыдарожнага сэрвісу на трасе Мінск — Ашмяны і гасцініца ў Ашмянах. У чэрвені ўведзены супермаркет, на чарзе адкрыццё яшчэ аднаго буйнога гандлёвага аб'екта і лагістычнага цэнтра каля пункта пропуску «Каменны Лог». Мяркуецца, што сёлета будзе створана каля 100 новых рабочых месцаў.

— Наша задача — дапамагчы з працаўладкаваннем і тым, хто мае намер пачаць сваю справу, даць магчымасць ім легалізавацца, выйсці з «ценявога» бізнесу, — зазначыў Мікалай Уладзіміравіч.

Спрыяе гэтаму і прававая база. Дзякуючы новым магчымасцям павялічылася колькасць індывідуальных прадпрымальнікаў. Значна прыбавілася і рамеснікаў: колькасць плацельшчыкаў падаткаў вырасла ў 2,5 раза. З'явіліся новыя аграсядзібы.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

У тэму

У Ашмянскім раёне 17 тысяч чалавек працаздольнага ўзросту. З іх 13 тысяч занятыя ў эканоміцы. З улікам працуючых пенсіянераў колькасць незанятых складае 5,5 тысяч чалавек. У гэты пералік уваходзяць інваліды, навучэнцы, маці ў водпуску па доглядзе дзіцяці, вайскоўцы. Яшчэ 500 чалавек вядуць падсобную гаспадарку. Адна тысяча грамадзян працуе за межамі раёна. У рэшце рэшт, колькасць незанятых у эканоміцы складае амаль тысячу чалавек. З гэтым кантынгентам і будзе працаваць камісія па садзейнічанні занятасці насельніцтва ў рамках рэалізацыі Дэкрэта № 1.

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.