Вы тут

Якія рэформы мясцовага самакіравання патрэбныя ў Беларусі?


Мясцовае самакіраванне, якое ў Беларусі прадстаўляюць мясцовыя дэпутаты і некалькі амаль невядомых шырока структур, — гэта першыя дзверы, куды павінны грукацца нашы грамадзяне, каб вырашыць базавыя праблемы: каб адбыўся рамонт дарог, з'явілася вулічнае асвятленне, была адрамантаваная дзіцячая пляцоўка. Але так не адбываецца, бо галіна неразвітая, дэпутаты маюць мала паўнамоцтваў, жыхары ідуць хутчэй у выканкамы і не заўсёды атрымліваюць ад чыноўнікаў дапамогу.


Як дэпутат Палаты прадстаўнікоў я бачу выйсце ў тым, каб правесці рэформы на заканадаўчым узроўні і потым прымяніць на практыцы. Адна з важных іх адметнасцяў — магчымасць, якая дазволіць падтрымліваць ініцыятывы грамадзян за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў, так званых бюджэтаў грамадзянскага ўдзелу.

Чаму такія змены патрэбныя? Гэта дазволіць палепшыць якасць работы органаў мясцовага самакіравання, дасць магчымасць людзям удзельнічаць у прыняцці рашэнняў, скіраваных на рэалізацыю ініцыятыў на карысць тэрыторый, дзе яны пражываюць. Гэта сусветная практыка, якая актыўна выкарыстоўваецца краінамі Вышаградскай групы.

Хто зацікаўлены ў зменах? Па-першае, самі грамадзяне. Яны атрымаюць сродкі на рэалізацыю праектаў, пасля якой пачынаюць больш адказна ставіцца да сваёй тэрыторыі, успрымаюць яе як сваю, ганарацца зробленай працай і сочаць, каб тая ж адрамантаваная пляцоўка падтрымлівалася ў належным стане. Уздымаецца мясцовы патрыятызм у добрым сэнсе гэтага слова.

Па-другое, улады. Мясцовыя жыхары зацікаўленыя ў тым, каб работа была выкананая хутка, якасна і пры гэтым танна, што дазваляе сэканоміць сродкі бюджэту і атрымаць выніковы прадукт высокага ўзроўню. Акрамя таго, змены будуць спрыяць прытоку свежых і цікавых ідэй.

Як павінен праходзіць адбор праектаў, якія змогуць быць рэалізаваныя? Тут усё вельмі проста: трэба правесці конкурс, на якім будуць адабраныя найлепшыя варыянты.

Хто зможа ўдзельнічаць у такім конкурсе? Не толькі зарэгістраваныя арганізацыі, але і ініцыятыўныя групы ці суполкі і нават асобныя грамадзяне. У тым ліку ёсць прапанова задзейнічаць старастаў, якіх у Беларусі 18 тысяч, але пад іх працу не закладзены асобныя бюджэты.

У якасці прыкладаў ініцыятыў, якія могуць быць падтрыманыя за кошт сродкаў бюджэтаў грамадзянскага ўдзелу, можна назваць арганізацыю работы мясцовага клуба, упарадкаванне дзіцячай пляцоўкі, тэрыторыі вакол вадаёма, з'яўленне парку.

Дзе яшчэ выкарыстоўваюцца бюджэты грамадзянскага ўдзелу? Упершыню такі бюджэт быў прыменены ў Порту-Алегры ў Бразіліі, за апошнія 15 гадоў да ініцыятывы далучыліся больш за 15 000 гарадоў па ўсім свеце. Сярод суседзяў, у якіх гэта ўсё эфектыўна працуе, можна назваць Польшчу. Там гэта не абавязак, але права, якім карыстаюцца амаль паўсюдна.

Гэтую ідэю ў Беларусі падтрымлівае шэраг незалежных экспертаў. Напрыклад, Міраслаў Кобаса з фонда Сапегі, які ўзначаліў групу па распрацоўцы змен, а таксама Уладзімір Кавалкін з Bіраrt. Кавалкін называе бюджэты грамадзянскага ўдзелу інструментам падвышэння даверу паміж грамадзянамі і дзяржавай, які дазваляе хутка даведацца, якія праблемы хвалююць мясцовыя супольнасці і якія праекты варта падтрымаць. Бо часта, і гэта праўда, чыноўнікі за працай не бачаць праблем звычайных людзей.

Якім чынам плануецца прасоўваць ініцыятыву па змене заканадаўства? На сёння ідзе распрацоўка паправак, акрамя таго, плануецца правесці перагаворы па ініцыятыве ў Міністэрстве фінансаў. Работа будзе завершаная да канца лета, далей пры маёй падтрымцы змены ў заканадаўства будуць прадстаўленыя ў Палаце прадстаўнікоў.

Ганна КАНАПАЦКАЯ, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

Ці так небяспечны парашутны спорт, як здаецца на першы погляд?

Грамадства

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Стаялі ў калідоры і ўспаміналі першыя крокі ў выхаванні сваіх асаблівых дзетак.

Культура

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

Пагутарылі з дачкой вядомага ўраджэнца Віцебска Лазара Хідэкеля.