Вы тут

Працы хапае. А жадання?


З 48 раёнаў краіны, дзе сітуацыя на рынку працы ацэньваецца як напружаная, па стане на 1 ліпеня толькі ў адным адбылося пагаршэнне стану — у Сенненскім, што на Віцебшчыне.


Але­на Лам­ні­ка­ва з дач­кой Лі­за­ве­тай.

Чаму так адбылося, якую ініцыятыву праяўляе мясцовая ўлада, каб выправіць сітуацыю? Гэта высвятляў карэспандэнт «МС».

Шукаюць швачку, пастуха і бухгалтара

Сітуацыя ў раёне тыповая для краіны: афіцыйная колькасць беспрацоўных меншая, чым колькасць вакансій. У чым тады праблема?

— З аднаго боку, людзі скардзяцца, што не могуць уладкавацца, а кіраўнікі — на недахоп нармальных прэтэндэнтаў на пасады, нярэдка з нядрэннымі заробкамі. Я, калі стаў старшынёй камісіі, стаў аналізаваць тэму, каб разабрацца ў сітуацыі. Канешне, і раней праводзілася работа, каб усе, хто хоча працаваць, мелі такую магчымасць. Райвыканкам трымаў пытанне на кантролі, працягвае гэта рабіць. І кірмашы вакансій праводзіліся і гэтак далей. Іншая справа — ці зацікаўленыя людзі працаваць? — разважае старшыня раённага Савета дэпутатаў Міхаіл Вілюга.

У раёне, паводле даных на пачатак жніўня, колькасць беспрацоўных, якія знаходзяцца на афіцыйным ўліку, 70 чалавек, а вакансій — 103. Найбольш запатрабаваныя рабочыя прафесіі: швачка, трактарыст, электрагазазваршчык, жывёлавод, пастух, аператар машыннага даення, кіроўца. А сярод спецыялістаў у дэфіцыце бухгалтары, заатэхнікі, ветэрынарныя ўрачы, аграномы.

Міхаіл Вілюга напружанасць на рынку працы тлумачыць аб'ектыўнымі прычынамі. У прыватнасці, на стадыі банкруцтва дзве сельскагаспадарчыя арганізацыі. Іх было вырашана далучыць да больш моцнай — пад эгідай холдынга. Старанным работнікам прапанавалі такія ж пасады. Тыя, хто, мякка кажучы, не разумее, што такое дысцыпліна і спраўнасць, не надта рады ў гаспадарцы з сучаснымі вытворчымі тэхналогіямі. І адпаведнымі працоўнымі патрабаваннямі.

«Хіпі» па жыцці?

Плюс, як адзначыў суразмоўнік, ёсць такія грамадзяне, якіх можна аднесці да катэгорыі «перакаці-поле». Дарэчы, ёсць з іх і тыя, хто асабліва не залежыць ад спіртнога, проста логіка свая.

— Абыякавыя, і ім усё роўна па жыцці. Як правіла, у такіх сям'і няма. Напрыклад, здаровы мужык запэўнівае, што даглядае састарэлую маму, а сам жыве з яе пенсіі. Але і з такім трэба гутарыць, пераконваць у неабходнасці працаваць. Не стане маці, як потым на жыццё зарабляць? — прыводзіць прыклад суразмоўнік.

Такіх «хіпі» сталі запрашаць на пасяджэнні камісій. У прыватнасці, у адным з сельсаветаў пагутарылі з шасцю тутэйшымі мужчынамі. Узрост прыкладна ад 35 да 55 гадоў. І двое пагадзіліся працаваць: пастухом і на грамадскіх аплатных работах.

Члены камісіі ўпэўніліся ў правільнасці такога кірунку дзейнасці. Нават тыя, хто і далей працягвае жыць «сваім жыццём», напэўна, задумаліся.

Калі беспрацоўныя хочуць стаць больш запатрабаванымі, іх перавучваюць.

Як адзначыў начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Аляксандр Паўлоўскі, сёлета арганізавалі навучанне каля дваццаці грамадзян па такіх спецыяльнасцях, як трактарыст-машыніст, кухар, майстар па манікюры і педыкюры ды і іншых. Сацыяльным работнікам стаў чалавек з абмежаванымі магчымасцямі.

З хімчысткі ва ўладальнікі

Былая беспрацоўная Алена Ламнікава летась стала наваспечанай уладальніцай аграсядзібы. Яе «Купальніца» знаходзіцца ў вёсцы Мелехава, якая ад Віцебска прыкладна за сорак кіламетраў. У раёне ўсяго 17 сядзіб, наведвальнікам прапануюць 12 турыстычных маршрутаў.

Цікава, што жанчына раней працавала ў абласным цэнтры ў дзяржаўнай хімчыстцы. Раней тут знаходзілася яе дача. З часам зразумела, што хоча жыць у вёсцы, на прыродзе. Але ж чым заняцца? А менавіта аграрны турызм — вельмі перспектыўная справа. Да таго ж сёння вельмі спрыяльныя падаткі: трэба заплаціць усяго базавую велічыню на год.

Жанчына расказала, што атрымала бязвыплатную фінансавую дапамогу ў памеры прыкладна 1,5 тысячы долараў у эквіваленце. Каб яе атрымаць, афіцыйна стала на ўлік у службе занятасці, напісала бізнес-план. Першымі гасцямі былі знаёмыя сяброў, потым іх сябры. Адначасова ў сядзібе могуць спыніцца каля 15 чалавек. Гаспадыня імкнецца, каб на адпачынак прыязджалі сем'і. Сярод пастаяльцаў аднойчы былі члены здымачнай групы серыяла з Расіі.

Усім, хто спыняецца, прыходзяцца даспадобы вялізны сад, тры сажалкі з вялікай колькасцю рыбы. Ды і зімой тут адпачываеш душой. Можна пакатацца на каньках ці на лыжах.

Тутэйшыя, паводле слоў гаспадыні, адносяцца да бізнесу спрыяльна. Многія з радасцю ходзяць у грыбы, ягады, прадаюць яйкі.

У перспектыве гаспадыня хоча купіць кароўку, можа і не адну, каня, не выключае, што ў гаспадарцы з'явіцца іншая жыўнасць, напрыклад, экзатычны поні. Тады будзе наймаць на працу вяскоўцаў. Муж Ягор ужо сёння ледзь спраўляецца з мужчынскімі абавязкамі па гаспадарцы. Дарэчы, ён — індывідуальны прадпрымальнік. У Віцебску займаецца рамонтам, афарбоўкай аўто. Сужэнцы не выключаюць, што потым будзе развіваць гэты бізнес і ў глыбінцы...

Акрамя гаспадыні сядзібы, летась дапамаглі яшчэ двум заяўнікам. Адзін займаецца вырабам і рамонтам мэблі, другі спецыялізуецца на вырабе лодак, альтанак, дзіцячых пляцовак, верхняй канструкцыі калодзежаў.

Сёлета яшчэ двум беспрацоўным аказалі фінансавую падтрымку для пачатку іх справы: развядзення буйной рагатай скаціны і гандлю сувенірнай прадукцыяй.

Хто хоча, той зарабляе

У райвыканкаме канстатуюць, што дзякуючы заканадаўчай падтрымцы для тых, хто ў бізнесе або хоча займацца сваёй справай, адчуваецца прагрэс.

Як паведаміў намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Галынчык, у раёне працуе каля 230 суб'ектаў малога і сярэдняга бізнесу і больш за 210 ІП. Толькі за першае паўгоддзе створана дзевяць прадпрыемстваў (пры адпаведным заданні ў пяць). Сярод навічкоў фірма, якая спецыялізуецца на вырошчванні і рэалізацыі на экспарт насення. Яшчэ адна зарабляе на вытворчасці кармавых дабавак, дзве фірмы дзейнічаюць у сферы дрэваапрацоўкі.

Ужо не першы год паспяхова працуе фірма з удзелам сербскага капіталу. Яна таксама займаецца дрэваапрацоўкай. У прыватнасці, тут вырабляюць пелеты. Калі вытворчасць пашыраюць, набіраюць людзей на працу. Да таго ж заробкі на самых адказных участках працы неблагія. Словам, хочаш працаваць — працуй і зарабляй.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Чаму ўсе краіны, якія развіваюць інавацыйную эканоміку, робяць сёння стаўку на STЕM? 

Грамадства

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Адэльскі сельскі савет, што ў Гродзенскім раёне, можна назваць брамай у Еўрасаюз.