25 Верасень, аўторак

Вы тут

Як вызначаюць раёны з напружанай сітуацыяй на рынку працы


І што ўвайшло ў спіс цяжкіх жыццёвых сітуацый.

На чэрвеньскім пасяджэнні Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі ў цэнтры ўвагі аказалася пытанне працаўладкавання. Акцэнт невыпадковы. У краіне пастаўлена задача дасягнуць да канца наступнай пяцігодкі ВУП у аб'ёме 100 мільярдаў долараў ЗША, у тым ліку не менш за траціну прыросту валавога ўнутранага прадукту стварыць за кошт работы новых прадпрыемстваў і вытворчасцяў, павелічэння долі малога і сярэдняга бізнесу, уцягвання незанятага насельніцтва ў эканамічную дзейнасць. Разбіраемся, якія тэндэнцыі назіраюцца на рынку працы і як ідзе работа па Дэкрэце № 1.


48 праблемных тэрыторый

Узровень фактычнага беспрацоўя (разлічаны па методыцы Міжнароднай арганізацыі працы) за другі квартал гэтага года склаў 4,7 %. Сярод мужчын ён вышэйшы, чым сярод жанчын — 5,8 % супраць 3,5 %.

Пры гэтым ёсць рэгіёны, дзе сітуацыя на рынку працы ацэньваецца як напружаная. Спіс такіх тэрыторый вызначаюць па шасці крытэрыях (яны прапісаны ў пастанове Савета Міністраў ад 22 лютага 2018 года № 142). Гэта ўзровень зарэгістраванага беспрацоўя, доля беспрацоўных, якія шукаюць работу 12 месяцаў і больш, доля работнікаў арганізацый, якія працуюць у рэжыме вымушанай няпоўнай занятасці, доля работнікаў арганізацый, якія знаходзіліся ў цэладзённым ці цэлазменным прастоі, каэфіцыент напружанасці на рынку працы і каэфіцыент замяшчэння рабочай сілы (адносіны колькасці прынятых работнікаў да колькасці звольненых).

Такі пералік будзе складацца кожны год. У 2018-м у яго трапілі 48 раёнаў. Большасць з іх (15) знаходзіцца ў Віцебскай вобласці. У Брэсцкай вобласці такіх рэгіёнаў дзесяць, у Мінскай — сем, у Гомельскай і Магілёўскай — па шэсць, у Гродзенскай — чатыры. Каб адсочваць сітуацыю на праблемных тэрыторыях, праводзіцца маніторынг. На 1 ліпеня 38 раёнаў палепшылі свае паказчыкі, адзін — Сенненскі — пагоршыў, у астатніх дзевяці — без змен.

Калі казаць пра афіцыйна зарэгістраванае беспрацоўе, то ў цэлым па краіне яно знізілася да 0,4 %. Толькі ў адным рэгіёне гэты паказчык дасягае 1 % — на Шаркаўшчыне.

У Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі хваляванне выклікае той факт, што па-ранейшаму колькасць звольненых работнікаў перавышае іх прыём. Так, у чэрвені гэта розніца склала 2,5 тысячы чалавек, у маі — 12 тысяч, у красавіку — 14 тысяч. У Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны прагназуюць: такая тэндэнцыя будзе працягвацца і надалей, бо на прадпрыемствах ідзе мадэрнізацыя.

— Але тая статыстыка, якая публікуецца па прынятых і звольненых, робіцца толькі па буйных і сярэдніх прадпрыемствах — са штатам 100 і больш чалавек. Пры гэтым колькасць занятых практычна не змяншаецца: гэта сведчыць пра тое, што людзі ідуць у малы бізнес, самазанятасць, — каментуе начальнік упраўлення палітыкі занятасці міністэрства Алег ТОКУН.

Улічыць усе нюансы

Каб стымуляваць занятасць, на пачатку года быў прыняты Дэкрэт № 1. Згодна з ім мясцовыя органы ўлады максімальна павінны садзейнічаць насельніцтву ў працаўладкаванні. Праводзіць індывідуальную работу па падборы вакансій, займацца рэсацыялізацыяй асоб, якія вядуць асацыяльны лад жыцця. Для гэтага стварылі пастаянныя камісіі, у склад якіх увайшлі дэпутаты, спецыялісты выканкамаў, прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў. Акрамя таго, абласныя і Мінскі гарадскі Саветы дэпутатаў могуць дадаткова накіроўваць сродкі мясцовых бюджэтаў на рэалізацыю мерапрыемстваў у галіне занятасці на тэрыторыях з напружанай сітуацыяй на рынку працы.

База даных незанятых грамадзян фарміруецца цэнтралізавана Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны. Інфармацыя ў ёй будзе абнаўляцца раз на паўгода і актуалізавацца па выніках квартала. Доступ да гэтых звестак атрымаюць усе раённыя камісіі. Першую пробную базу зробяць да 1 верасня — яна дазволіць адпрацаваць механізм узаемадзеяння, улічыць памылкі. Канчатковая версія будзе сфарміравана да 1 снежня.

Грамадзяне, якія сядзяць без работы, будуць павінны з наступнага года аплачваць у поўным аб'ёме такія паслугі, як гарачае водазабеспячэнне, газазабеспячэнне пры наяўнасці індывідуальных газавых ацяпляльных прыбораў, цеплазабеспячэнне. Але не ўсе непрацуючыя будуць лічыцца ўтрыманцамі. Выключэнні прапісаны ў пастанове ўрада ад 31 сакавіка 2018 года № 239. Сярод іх бацькі, якія выхоўваюць дзіця да сямі гадоў, траіх і больш непаўналетніх, выпускнікі ўніверсітэтаў і каледжаў (да канца года, у якім атрымалі дыплом), алімпійскія чэмпіёны, якім выплачваюць дзяржстыпендыю, жонкі маладых спецыялістаў, калі ў мясцовасці, куды размеркавалі мужа, няма магчымасці працаўладкавацца, і іншыя катэгорыі.

Мінпрацы і сацабароны распрацавала таксама прыкладны пералік цяжкіх жыццёвых сітуацый, пры якіх грамадзян без работы могуць вызваліць ад аплаты паслуг па стапрацэнтным тарыфе. Спіс быў накіраваны ў аблвыканкамы і камісіі. Сітуацыі можна ўмоўна падзяліць на чатыры блокі. Першы — стан здароўя. Напрыклад, наяўнасць у чалавека захворвання, якое з'яўляецца паказаннем да ўстанаўлення інваліднасці, але яна з нейкіх прычын пакуль што не аформлена, працяглае аднаўленне пасля траўмы, праходжанне курса лячэння і рэабілітацыі ад нарказалежнасці.

Другі блок — неабходнасць догляду дзяцей, старэйшых за сем гадоў. Напрыклад, школьнік стаіць на дыспансерным уліку з хранічным захворваннем, навучаецца дома пасля хваробы. Трэці блок — неабходнасць пастаяннага ці часовага догляду дарослых непрацаздольных грамадзян. Чацвёрты — адсутнасць магчымасці працаўладкавання. Тут могуць быць такія аб'ектыўныя прычыны, як значная аддаленасць месца жыхарства ад органаў тэрытарыяльнай службы занятасці, нерэгулярная транспартная сувязь, адсутнасць вакансій па спецыяльнасці.

— Хачу адразу сказаць, што гэты пералік прыкладны, ён не закрыты. У камісіі застаецца права прымаць рашэнне па кожнай канкрэтнай сітуацыі, — дадае Алег Токун.

Субсідыі прадпрымальнікам і стажыроўкі для моладзі

На думку Савета Рэспублікі, рашэннем праблем на рынку працы мусіць стаць стварэнне новых рабочых месцаў. Перавагу неабходна аддаваць высокавытворчым месцам.

Знізіць напружанасць на рынку дапаможа і арганізацыя самазанятасці. За паўгода 2018-га субсідыі на сваю справу атрымалі 923 беспрацоўныя. З іх 771 чалавек адкрыў прадпрымальніцкую дзейнасць, 143 сталі рамеснікамі, 9 заняліся аграэкатурызмам. Сярод тых, хто атрымаў фінансавую дапамогу на запуск уласнага бізнесу, 19,4 % пражывае ў сельскай мясцовасці, 27,5 % — у малых гарадах. Больш за ўсё прадпрымальнікаў з ліку беспрацоўных з'явілася ў Гомельскай вобласці — 215 чалавек.

— Крыху скарацілася колькасць зваротаў па субсідыі: за аналагічны перыяд летась іх атрымалі 1014 чалавек. Але ў гэтым няма нічога дрэннага: справа ў тым, што Дэкрэт № 7 даў магчымасць не рэгістраваць многія віды дзейнасці ў якасці ІП, а займацца імі, сплаціўшы адзіны падатак, — тлумачаць у міністэрстве.

Вялікая ўвага ўдзяляецца занятасці моладзі. Па выніках абследавання за май 2018 года, узровень фактычнага беспрацоўя сярод 16—30-гадовых складае 6,2 %. У лютым ён быў вышэйшы — 7,6 %.

— Трэба разумець, што частка моладзі вучыцца, частка знаходзіцца ў пошуках лепшага месца. Тэрмін працаўладкавання ў іх, як правіла, ніжэйшы, чым у сярэднім па краіне. Для параўнання: у Расіі маладзёжнае беспрацоўе складае 9—10 %, а ў некаторых краінах Еўропы можа дасягаць 25—30 %.

Спецыяльна для выпускнікоў каледжаў і ўніверсітэтаў ёсць праграма стажыроўкі для набыцця практычнага вопыту. Ім дапамагаюць уладкавацца па атрыманай спецыяльнасці, а наймальніку кампенсуюць частку налічанага заробку і падаткі. Праграмы навучання, якія прапануюць службы занятасці, таксама скіраваны на моладзь. Больш за 50 працэнтаў тых, хто атрымлівае новую прафесію на такіх курсах, — гэта грамадзяне да 30 гадоў.

Адна з ключавых праблем — дысбаланс попыту і прапановы.

— Усе краіны знаходзяцца ў пошуку таго, як узгадніць рынак працы і рынак адукацыйных паслуг. Што ў нас робіцца для гэтага? Галоўную ролю ў прагназаванні патрэбы эканомікі ў кадрах з гэтага года іграюць Мін-
працы і сацабароны і Мінэканомікі, — заўважае Алег Токун. — Менавіта мы будзем казаць сістэме адукацыі, колькі і якіх спецыялістаў неабходна навучаць у найбліжэйшай перспектыве, каб тыя, хто выпускаецца, былі запатрабаваныя. Першы пробны прагноз будзе зроблены восенню гэтага года.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Акцэнт на занятасць

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым здзівіў сёлета «Кліч Палесся»

Чым здзівіў сёлета «Кліч Палесся»

Этнафэст стаў вядомым далёка за межамі Беларусі. 

Спорт

Цырымонія развітання з Анатолем Капскім прайшла ў «Барысаў-Арэне»

Цырымонія развітання з Анатолем Капскім прайшла ў «Барысаў-Арэне»

Грамадзянская паніхіда працягвалася больш за дзве гадзіны ў "Барысаў-Арэне".

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.