Вы тут

Як зменіцца Закон Рэспублікі Беларусь «Аб раслінным свеце»?


Як зменіцца Закон Рэспублікі Беларусь «Аб раслінным свеце», у які прапанавалі ўнесці змяненні і дапаўненні?

На дадзены момант гэты законапраект рыхтуецца да другога чытання, паколькі ён быў прыняты ў першым чытанні 27 чэрвеня бягучага года, а паступіў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу месяцам раней. Што прапануюць уключыць або дадаць у гэты закон, высветліў карэспандэнт «МС».


Па-першае, плануецца пашырыць тэрміналогію. Закон прапануюць дапоўніць азначэннямі тэрмінаў «кампенсацыйныя мерапрыемствы», «абразанне дрэў, кустоў», «асобы ў галіне азелянення», «дрэвы, кусты, якія знаходзяцца ў неналежным якасным стане», а таксама ўдакладніць азначэнні асобных тэрмінаў, у тым ліку «бульвар», «інвазійныя расліны», «незаконныя канфіскацыя, выдаленне, перасадка аб'ектаў расліннага свету», «небяспечныя дрэвы», «выдаленне аб'ектаў расліннага свету». Акрамя гэтага, прадугледжваецца прывядзенне закона ў адпаведнасць з прынятымі ў апошні час заканадаўчымі актамі.

Што можа змяніцца на практыцы? Напрыклад, прапануецца ўсталяваць выпадкі выдалення, перасадкі аб'ектаў расліннага свету. Усё гэта будуць рабіць на падставе дазволу мясцовага выканаўчага і распарадчага органа. Таксама вызначаць парадак выдачы дазволаў на выдаленне, перасадку аб'ектаў расліннага свету, а яшчэ заключэнняў аб прызнанні дрэва небяспечным, заключэнняў аб пацвярджэнні абставін, якія перашкаджаюць эксплуатацыі будынкаў, збудаванняў і іншых аб'ектаў.

Пры гэтым прапануецца ліквідаваць прававы прабел у частцы выдалення, перасадкі дрэў, кустоў пры неабходнасці правядзення тапаграфічных работ, геалагічнага вывучэння нетраў; дрэў, кустоў, якія знаходзяцца ў неналежным якасным стане; дрэў, кустоў, якія растуць на землях запасу; дрэў, якія ўпалі.

Артыкулам 38 прапануецца прадугледзець канкрэтны пералік выпадкаў выдалення аб'ектаў расліннага свету, калі кампенсацыйныя пасадкі або кампенсацыйныя выплаты кошту выдаленых аб'ектаў расліннага свету не ажыццяўляюцца, а таксама ўсталяваць агульныя патрабаванні пры ажыццяўленні кампенсацыйных мерапрыемстваў.

Як расказаў дырэктар дзяржаўнай навуковай установы «Інстытут эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» Аляксандр ПУГАЧЭЎСКІ, некалькі месяцаў таму супрацоўнікі яго ўстановы рабілі заўвагі па законапраекце.

«Адразу скажу, што нашы заўвагі накіраваны менавіта на паляпшэнне. Наогул, добрыя мэты пастаўленыя былі заканадаўцам», — адзначыў спецыяліст.

Дык што ж прапанавалі супрацоўнікі Інстытута эксперыментальнай батанікі? Па словах суразмоўніка, змены, якія адносяцца да выдалення аб'ектаў расліннага свету, правільныя і абгрунтаваныя, паколькі зараз закон будзе распаўсюджаны на тыя расліны, якія раней не ўваходзілі ў пералік, а менавіта — на драўнінна-хмызняковую расліннасць. «Гэта тыя аб'екты, якія знаходзяцца па-за межамі ляснога фонду, але яны знаходзяцца ў складзе іншых насаджэнняў, — адзначыў дырэктар інстытута. — Акрамя таго, непасрэдна вызначаюцца падстава і парадак выдалення для аб'ектаў расліннага свету, якія знаходзяцца ў неналежным стане. Яны яшчэ не з'яўляюцца аварыйнымі, але іх якасць (эстэтычна і біялагічна) знаходзіцца ў дрэнным стане».

Што датычыцца ўдакладнення іншых характарыстык, то тут спецыяліст растлумачыў: вызначаны ніжні парог памераў раслін. Умоўна кажучы, дробныя расліны не патрабуюць дазволаў ці іншых дакументаў для правядзення розных маніпуляцый з імі.

«Мы прапаноўвалі некаторыя рэчы, звязаныя з адабраннем раслін у навукова-даследчых мэтах, — паведаміў Аляксандр Пугачэўскі. — Як ні дзіўна, цяпер звычайны чалавек можа спакойна пайсці ў лес, збіраць грыбы, ягады, нарыхтоўваць лекавыя расліны, а вось вучоны, калі будзе рабіць тое ж самае, але ў навукова-даследчых мэтах, павінен атрымаць дазвол. Вось такая сітуацыя».

Дырэктар інстытута таксама звярнуў увагу на тое, што калі навукоўцы адбіраюць расліны, якія ахоўваюцца, то афармленне дакументаў неабходнае — і гэтая сістэма працуе правільна. «Проста выходзіць, што нават на звычайную расліну мы павінны атрымаць дазвол. За гэта, вядома, навукоўцаў ніхто не пераследуе, але фармальна гэта парушэнне закона. Таму гэта лепш урэгуляваць», — дадаў ён.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Загаловак у газеце: «Зялёны» прабел ліквідуюць

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Ён быў аўтарам Маніфеста аб абвяшчэнні Савецкай Беларусі, першым прэм'ер-міністрам рэспублікі, яго двойчы выключалі з партыі, ён мог стаць першым народным паэтам...

Грамадства

Трансфармацыя адукацыі: поўнае паглыбленне... у лічбу

Трансфармацыя адукацыі: поўнае паглыбленне... у лічбу

Ці спросціць «Электронная школа» жыццё педагогам і як гэта адаб'ецца на якасці ведаў?

Грамадства

Прэзідэнт зрабіў кадравыя прызначэнні

Прэзідэнт зрабіў кадравыя прызначэнні

Аляксандр Лукашэнка даў згоду на прызначэнне рэктараў і кіраўнікоў раёнаў і прадпрыемстваў.

Калейдаскоп

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Пазнаёміцца з навінкамі ад беларускіх дызайнераў можна было на тыдні моды, які праходзіў у Мінску з 7 да 11 лістапада.