Вы тут

Прыпынак імя Адамовіча з’явіцца ў Глушы


«Звязда» працягвае друкаваць матэрыялы ў падтрымку адкрыцця ў пасёлку Глуша Бабруйскага раёна музея, прысвечанага творчасці Алеся Адамовіча.

Пер­шы пры­пы­нак па­сёл­ка з бо­ку Баб­руй­ска ў бу­ду­чым атры­мае імя пісь­мен­ні­ка.

Непрыкметна прайшоў чарговы дзень нараджэння пісьменніка, ужо 25-ы без яго ўдзелу. Алесь Адамовіч нарадзіўся менавіта 3 жніўня, хоць афіцыйна гэты дзень адзначаецца 3 верасня. Дата, якую для яго прыдумала маці, каб падмаладзіць сына і выратаваць яму жыццё. Беларускі класік зрабіў шмат для таго, каб пра яго «малую радзіму» даведалася як мага болей людзей.


Чым  не пля­цоў­ка  да бу­ду­ча­га  пом­ні­ка?

Цяпер стаіць задача папулярызаваць месца, дзе прайшло дзяцінства будучага пісьменніка і адкрыць музей. Збор сродкаў на рэканструкцыю пад яго аўтэнтычнага будынка аптэкі, які ў гады вайны быў яшчэ і цэнтрам народнага супраціўлення ворагу, працягваецца. А паралельна ствараюцца іншыя сімвалічныя аб'екты. У маі на сайце Бабруйскага райвыканкама з'явілася прапанова прыняць удзел у конкурсе на афармленне аднаго з прыпынкаў пасёлка ў адамовіцкім стылі. Нядаўна мы даведаліся, што работа над увасабленнем у жыццё гэтага праекта пачалася.

На сайце райвыканкама паведамлялася, што конкурс праводзіцца з мэтай ушанаваць памяць Алеся Адамовіча і прыцягнуць увагу да Глушы як месца, дзе можа з'явіцца паўнавартасны турыстычны комплекс, прысвечаны пісьменніку. Прыемна паведаміць, што аўтарам ідэі стварэння такога конкурсу і яе рэалізатарам стаў ужо добра нам знаёмы па папярэдняй публікацыі бабруйчанін Андрусь Архіпенка, той самы, які назбіраў грошай на помнік Алесю Адамовічу. Ёсць спадзяванні, што бюст у найбліжэйшыя некалькі месяцаў усталююць.

— Грошы народныя, і я бачу гэты помнік выключна каля будынка аптэкі, — выказала сваё меркаванне дачка пісьменніка Наталля Адамовіч. — З гэтым згодны і аўтар помніка, скульптар Генадзь Лойка. Там якраз ёсць месца, дзе з часам можна будзе стварыць літаратурны сквер, паставіць альтанкі і лаўкі. Нідзе болей у Глушы няма такога зручнага месца для будучых творчых сустрэч.

Паралельна вядзецца работа над стварэннем «адамовіцкага» прыпынку.

Андрусь паведаміў, што на конкурс паступіла каля 20 ідэй. Усе іх плануецца задзейнічаць, бо ў кожнай ёсць нешта цікавае. Вырашана зрабіць прыпынак «нулявым кіламетрам», ад якога будуць паказальнікі да дома, дзе пэўны час жыў Алесь Адамовіч, вуліцы, названай у яго гонар, да могілак, дзе ён пахаваны, да помніка, іншых мясцін, звязаных з гэтым пісьменнікам. Усё робіцца для таго, каб нават турысты-адзіночкі змаглі самастойна прайсціся па адамовіцкіх мясцінах і не заблукаць.

— Ідэя з прыпынкам вельмі цікавая, — адзначыў Ігар Лепяшкоў, начальнік ДЭУ № 72, якое займаецца абслугоўваннем дарог у Бабруйскім раёне. — Мы ж падрыхтуем прыпыначны павільён для нанясення на яго малюнка. У нашы абавязкі ўваходзіць таксама падтрыманне парадку на гэтай тэрыторыі. Так што прыпынак будзе пад наглядам.

Да праекта праявіў цікавасць мастак Аляксандр Благій. Гэта імя добра знаёма прыхільнікам стрыт-арта. Дзякуючы такім як ён, нашы дамы атрымліваюць свой індывідуальны выгляд і становяцца своеасаблівым брэндам той ці іншай мясцовасці. На чарзе — стварэнне брэнда для Глушы.

Праз месяц яшчэ адзін, пашпартны, дзень нараджэння пісьменніка. Намеснік старшыні Бабруйскага райвыканкама Таццяна Варанко паведаміла, што ў пасялковым Доме культуры пройдзе прысвечанае гэтай даце мерапрыемства. Яна таксама адзначыла, што рыхтуецца праект па адкрыцці ў Доме культуры музейнага пакоя ў гонар пісьменніка. Але што там будзе канкрэтна, Таццяна Аляксандраўна рассакрэчваць пакуль не стала.

Што датычыцца збору сродкаў на рэканструкцыю самога будынка аптэкі, то працэс працягваецца. Сёлета, напрыклад, пакуль толькі адзін чалавек папоўніў скарбонку на 20 рублёў. Агульная сума, якая зараз знаходзіцца на рахунку, па інфармацыі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бабруйскага райвыканкама, складае 11 831,45 рубля.

Трэба сказаць, што цікавасць да асобы пісьменніка павялічваецца. У Бабруйску, напрыклад, арганізавалася нешта накшталт суполкі прыхільнікаў, якія вывучаюць яго літаратурныя і экранныя творы і перыядычна абмяркоўваюць у папулярным сярод моладзі антыкафэ «Тайм-клуб». Нядаўна, напрыклад, маладыя людзі дзяліліся паміж сабой думкамі наконт аповесці «Нямко». А ў гэтую нядзелю прайшла сустрэча з дачкой пісьменніка — Наталляй Адамовіч. Размова працягвалася дзве з паловай гадзіны. Было шмат пытанняў наконт жыцця і творчасці пісьменніка. Самыя актыўныя мелі магчымасць атрымаць з рук Наталлі Аляксандраўны кнігу з дарчым надпісам. Прысутныя казалі, што ў Глушы дагэтуль захоўваецца своеасаблівая адамовіцкая аўра.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Збор сродкаў на музей працягваецца. Далучыцца да добрай справы можаце і вы. Разліковы рахунак існуе пры аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бабруйскага райвыканкама р/с BY84АKBB36421292723267100000 у філіяле 703 ААТ «ААБ Беларусбанк», БІК АKBBBY21703, УНП 701226324.

Прызначэнне плацяжу: «Для вырабу праектна-каштарыснай дакументацыі і рэканструкцыі будынка ў пасёлку Глуша пад музей А. Адамовіча». Гэты доўгі сказ павінен быць пазначаны ў банкаўскім дакуменце абавязкова.

Загаловак у газеце: Глуша пачнецца з Адамовіча

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.