Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


Дзівосны парастак

Цётцы Юзэфе гадоў пад 90, і ўвесь гэты час яна жыве ў невялікай вёсачцы. Школы тут ніколі не было, але чытаць і пісаць жанчына ўмее. Некалі скончыла чатыры класы. Болей, на жаль, не давялося, бо іх з братам, рана асірацелых, гадавала цётка — не аддала ў дзіцячы дом, хоць і ўгаворвалі... За гэта нельга было не аддзячыць. Вось Юзэфа і працавала: з дзяцінства — дома па гаспадарцы, а далей — болей: у калгасе на паляводстве, на ферме... Што цікава, з вёскі яна нікуды не выязджала, нават цягніка ў вочы не бачыла. Так і жыве тут адна, у той самай цётчынай хаце, трымае курэй, вырошчвае гародніну. Па гаспадарцы ёй дапамагае сацыяльны работнік, зрэдку ў госці наязджае пляменніца...

Яна ж аднойчы з аказіяй прыслала цётцы гасцінцаў. Шмат там чаго было, у тым ліку — нейкі дзіўны парастак. Баба Юзэфа доўга круціла яго ў руках і так, і гэтак — не магла зразумець, што ж рабіць з гэтым цудам: корань  — як рэдкі бурак, а зверху зялёныя лісточкі, «чубчыкам». «Мусіць, нейкая расліна?» — падумала цётка, схадзіла ў кладоўку, адшукала там стары вазон, насыпала зямлі. Пасадзіла, карацей, дзівосны парастак, паставіла на акенца: няхай расце...

Шкада: палюбавалася зусім нядоўга: «чубчык» у парастку стаў жаўцець і радзець... «І глеба ж, здаецца, добрая, і паліла як след, і сонейка хапае, — перажывала гаспадыня. — Што ж я не так зрабіла?»

— Можа, ты ведаеш? — спытала ў свайго сацыяльнага работніка.

Жанчына паглядзела на вазон і толькі засмяялася:

— Бабуля, гэта ж ананас... Вам яго з'есці трэба было, а не ў вазон садзіць.

— Адкуль жа я, галубка, ведала? Я думала насенне вырасціць...

— І налета ананасамі ўвесь гарод засеяць?

— А раптам вырастуць?

...Праўду кажуць: пакуль жывеш — спадзяешся.

Уладзімір Пугач, м. Навасёлкі, Петрыкаўскі раён


У лес... З дзеўкамі

Ад нашай вёскі да найбліжэйшага лесу недзе з паўкіламетра было: блізка, таму гэту адлегласць я адольваў змалку. Спачатку, вядома, разам з бацькамі. І тут што цікава: неяк раз у лес мы па адной дарозе пайшлі, а назад вярнуліся — па другой. «Як гэта нам удалося?» — папытаў я ў таты і пачуў, што зямля ж, маўляў, круглая...

Гэты адказ мяне вельмі ўсцешыў, бо я ў той момант, здаецца, паверыў, што заблудзіцца ў лесе проста немагчыма — выйдзеш па-любому, як той казаў.

І вось там паспелі суніцы. Мы з равеснікам Сашкам (на дваіх гадоў, можа, з дзесяць) ідзём іх збіраць. Дарогу ведаем добра: спачатку па вясковай вуліцы, потым — па мастку цераз рачулку, а далей — па беразе.

Усё добра было — на нашым баку, пакуль на процілеглым мы не ўбачылі вялікага шэрага звера. Той забег трохі наперад, абагнаў нас, потым спыніўся, уважліва паглядзеў і пабег сабе далей. У лес.

— Гэта воўк, — вырашыў я.

— Ён нас з'есць, — згадзіўся Саша.

Мы ў нерашучасці крыху пастаялі і пайшлі дамоў.

Назаўтра раніцай зноў накіраваліся ў лес па суніцы.

І зноў вярнуліся, бо насустрач на ровары ехаў Сашкаў бацька. Ён у сына нешта спытаў і, пачуўшы адказ, пагнаў сябрука дадому.

На трэці дзень ісці ў ягады я ўжо нават не думаў, як раптам у двор, дзе гуляў, данесліся галасы:

— Куды ты бяжыш? — пытала Сашкава маці.

— У лес, — адказваў Саша.

— З кім?

— З дзеўкамі.

— З якімі такімі дзеўкамі?

— З вялікімі.                               

Я тут жа выбег на вуліцу. Там некалькі дзяўчынак (куды большых за нас) і сапраўды са слоічкамі ў руках шыбавалі ў бок лесу. За імі босымі ножкамі пыліў мой сябрук. Я дагнаў яго. Удваіх мы дайшлі да ўзлеску і там адразу ж «напалі» на суніцы. Елі — напоўніцу, што называецца — ад пуза, час ад часу чулі галасы дзяўчат. Але потым яны заціхлі, і да нас дайшло, што паблізу — нікога, засталіся адны.

Мы з Сашам, вядома ж, спужаліся, проста панічна захацелі дамоў! Аднак хлапечы гонар не дазволіў ні плакаць, ні крычаць. Да таго ж я ўспомніў, што зямля — круглая, і скамандаваў: «Пойдзем туды».

На шчасце, я не памыліўся: мы хутка ўбачылі дарогу, па якой прыйшлі, і, можна сказаць, лётам паляцелі дадому...

З той пары прайшлі дзесяцігоддзі, але паходы ў лес па-ранейшаму помняцца. Можа, таму, што яны былі першыя?

Яўген Шастакоў, г. Гомель


Міравы суддзя

Пра сужэнцаў, пра жонку з мужам, часам гавораць, што бог не адну пару лапцяў стаптаў, пакуль разам сабраў.

Як ён гэта зрабіў?

Ды зноў жа кажуць, што хадзіў па зямлі ды ўважліва глядзеў па баках. Бачыў недзе старанную жнейку — у мужы ёй гультаяватага касца, бачыў руплівага хлопца — у жонкі яму харашуху, якой бы смачна паесці ды болей паспаць...

І спытаў нехта збоку:

— Божа, чаму так нелагічна?

А той хіба ўсміхнуўся:

— Наадварот, — сказаў, — звядзі я ў пару двух працавітых, — яны ж свет перавернуць, звядзі гультаёў, — зусім прападуць. А вось так — раўнавага...

Яна, вось такая, пануе да сёння і ў многіх сем'ях. Я пакуль пра адну раскажу.

У нашай вёсцы двое жылі і таксама адно аднаго дапаўнялі. Гаспадар увішны быў, непітушчы, усё для дома стараўся, для сваёй сям'і. А вось гаспадыня, жонка яго — чапяла чапялой: гультаяватая, неахайная. У калгасе паляводам лічылася, але на працу хадзіла гады ў рады. Мужык «прыкрываў».

Думаеце, ён начальнікам нейкім быў? Не, бо атрымаць адукацыю яму не ўдалося, але ж у людзі, што называецца, яго ўсё роўна «вынесла» — хоць па грамадскай лініі. Падчас службы ў войску набыў ён спецыяльнасць шафёра, па-руску, па-начальніцку, размаўляць навучыўся, а ўжо ж чысценька, складненька — ну як па пісаным!

Можа, за гэта і абралі яго старшынёй таварыскага суда.

Раней, нагадаю, былі такія, і на пасяджэнні іх людзі хадзілі, як цяпер у тэатр: поўныя залы набіваліся, яблыку не было дзе ўпасці! Бо яно ж цікава, згадзіцеся: счэпяцца, напрыклад, дзве суседкі, сварацца, сварацца, а потым адна не вытрывае і ў суд заяву падасць.

Старшыня, той самы Тарасавіч (яго змоладу гэтак звалі) справу завядзе (не крымінальную, але ўсё ж...), потым, каб заслухаць яе, пэўны час прызначыць. І ўжо тады, прылюдна, суседкі ўсё чыста ўспомняць: і сапраўдныя грахі, і надуманыя...

Радня іх таксама, бывае, падключыцца, сведкі розныя — з абодвух бакоў. А ў запале ж слоў не выбіраюць...

Факт, што ў клубе ад рогату часам сцены дрыжалі — аж пакуль Тарасавіч голас не павышаў.

А ён гэта мог...

Відаць, таму і ў засядацелі хутка трапіў: на суды стаў ездзіць ажно ў раён.

Карацей, зафарсіў чалавек, сам сябе запаважаў! А ўжо людзі...

Найбольш жанкі — толькі да яго і бегалі: «камізэльку» знайшлі, каб слёзы выплакаць. Ні прафкам, ні парткам, ні нават участковы ім не патрэбен стаў...

Можа, вось так і доўга цягнулася б, калі б не адзін выпадак.

Усчалася, значыць, у вёсцы сварка, прычым тыповая: муж (яго Ігнатам звалі) зарплату атрымаў, замачыў, дома ледзьве ў брамку патрапіў.

Жонка, Гануля, сварыцца пачала. Ён з той злосці адарваў штыкеціну... Кабета ў выніку ледзь уцякла.

І куды? Ну, вядома ж: да міравога суддзі, да Тарасавіча. Дзверы ў хату яго адчыніла і спынілася: парог пераступіць не можа, бо там...

Кіно без немцаў! Ну па-першае, беспарадак, якіх свет не бачыў, а па-другое, суддзя той жонку за валасы трымае і... лбом яе ў стальніцу. Б'е не моцна, відаць, але ж пры тым прамаўляе: «Вось табе! Вось... Будзеш ведаць, як бардак у хаце разводзіць...»

У Ганькі ад гэтага відовішча дух заняло.

А Тарасавіч убачыў яе і спакойна так кажа:

— Ты, Ганна, трохі пачакай. Я бачыў ля крамы твайго Ігната, знаю, чаго прыйшла... І зараз зайду... Вось толькі са сваёй разбяруся. У шафцы, думаў, восы гняздо звілі, а там мяса «мохам» абрасло». І ў хаце, бач, як свіння парасілася. Лыжкі чыстай няма...

Расказвае гэта, а жонку не адпускае. Ганьцы аж дзіка глядзець... Яна шмыг за дзверы і ходу.

...Хацелася потым расказаць каму пра «кіно», якое бачыла ў міравога суддзі, але ж неяк стрывала. Адзінае, і сама з Тарасавічам болей спраў не мела (не магла на яго глядзець), і іншым не раіла.

А зрэшты ён і сам пасля гэтага неяк закінуў сваё грамадскае даручэнне: усё радзей браўся мірыць ды ўціхамірваць іншых. Мусіць, зразумеў: перш чым у нейчай хаце парадак наводзіць, трэба спачатку ў сваёй...

Калі гэта магчыма.

Л. Міхайлава,

г. Мінск.

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар

Ад яе ж. Нехта чытае «Звязду» ў папяровым выглядзе, як сто (і адзін!) год таму, нехта — у інтэрнэце і нават — што засмучае — у перакладзе на рускую мову, бо так прасцей (?).

Магчыма, але ж ёсць публікацыі, якія трэба і варта чытаць, як напісаны, то-бок на першай з нашых дзяржаўных — на беларускай...

У тым ліку — «Простая мова», «Хто каго?», «Вясёлыя і праўдзівыя гісторыі...» — жывыя галасы жывых людзей. У перакладзе (як на мой погляд) яны губляюць многае (калі не ўсё) — а па-першае, музыку нашай мовы.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».