17 Жнівень, пятніца

Вы тут

Да канца года плануецца прыняць новую рэдакцыю Падатковага кодэкса


Дакумент сумесна рыхтавалі Міністэрства фінансаў разам з Міністэрствам па падатках і зборах. Асноўны ўпор у ім зроблены на спрашчэнне падатковага адміністравання, забеспячэння прастаты і зразумеласці нормаў, мінімізацыю прававой няўпэўненасці, няўзгодненасці прадпісанняў, заявіў на прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры намеснік міністра фінансаў Дзмітрый Кійко.


Спікер запэўніў, што распрацоўшчыкі законапраекта абмеркавалі ўсе пытанні, якія ў апошнія гады ўздымала бізнес-супольнасць, і па большасці з іх прынятае ўзгодненае рашэнне.

Адзін з асноўных прынцыпаў, які прадугледжаны ў новай рэдакцыі кодэкса, і быў закладзены ў Дэкрэт № 7, — прынцып добрасумленнасці плацельшчыка. «Разам з астатнімі прынцыпамі — роўнасці, стабільнасці заканадаўства, справядлівасці падаткаабкладання — заклалі прынцып добрасумленнасці плацельшчыка, і ён будзе азначаць наступнае: пакуль кантралёры не дакажуць, што здзейснена падатковае правапарушэнне, і пакуль гэта не будзе дакументальна зафіксавана, да гэтага часу плацельшчык будзе прызнавацца добрасумленным», — растлумачыла намеснік міністра па падатках і зборах Эла Сяліцкая.

Наступнае новаўвядзенне: прынцып экстэрытарыяльнага абслугоўвання плацельшчыкаў — фізічных асоб. Зараз плацельшчык у любой сітуацыі, звязанай з падаткамі, вымушаны звяртацца ў падатковы орган па месцы сваёй рэгістрацыі. У якасці эксперымента ў законапраект закладзена права фізічнай асобы звяртацца ў любы падатковы орган краіны. Напрыклад, дэкларацыю можна будзе падаць па месцы камандзіроўкі. «Мы цяпер актыўна развіваем магчымасць электроннай падачы дэкларацыі, але разумеем, што не ўсе людзі яшчэ да гэтага гатовыя, — заўважыла Эла Сяліцкая. — Таму імкнёмся стварыць больш камфортныя ўмовы».

Змяненні закранулі памеры налічанай пені за нясвоечасова выплачаны падатак па выніках праверкі. Леташні Указ № 376 абмежаваў налічэнне пені тэрмінам не больш за пяць гадоў. Цяпер прапануецца налічваць пеню па выніках праверкі не больш за суму дадаткова налічанага падатку. Зараз пеня, налічаная па выніках праверкі за памылку шматгадовай даўніны, можа шматкроць перавысіць суму самой памылкі і прывесці плацельшчыка да банкруцтва.

Спыненне вытворчай дзейнасці плацельшчыка выклікае і такі спосаб забеспячэння падатковых абавязацельстваў пры бягучай запазычанасці, як прыпыненне аперацый па рахунках. «Для стварэння нармальных умоў дзейнасці плацельшчыка мы прадугледзелі новы механізм: калі плацельшчык здзейсніў парушэнне, але да гэтага на працягу паўгода добраахвотна выконваў свае падатковыя абавязацельствы ў поўным аб'ёме, то такому плацельшчыку будзе дадзена яшчэ 10 дзён для выплаты падатку. Калі выплаціць, аперацыі па рахунках спыняцца не будуць, — прывяла прыклад новага падыходу намеснік міністра па падатках і зборах. — Калі плацельшчык напярэдадні парушэння плаціў падаткі са спазненнем, але да першага чысла месяца, які ідзе за справаздачным (тэрмін для выплаты падаткаў — не пазней за 22 чысло), яму будзе дадзена пяць дадатковых дзён для добраахвотнага выкання сваіх абавязкаў. Выконвае — аперацыі па рахунках спыняцца не будуць. Калі плацельшчык нядобрасумленны, сістэматычна спазняецца з выплатай падаткаў, тады будзе выкарыстоўвацца дзеючы механізм. Такая градацыя дазволіць стварыць дадатковыя ўмовы для выплаты падаткаў і нармальнай работы плацельшчыкаў».

Па выніках праверкі дзеючы механізм спагнання недаплачаных падаткаў наступны: пасля ўручэння акта праверкі дадаткова налічваецца сума падатку, а на наступны дзень аперацыі па рахунках спыняюцца. У новай рэдакцыі прапануецца ўвесці яшчэ тры спосабы выплаты недаплачаных падаткаў: калі плацельшчык дае пад залог маёмасць (сваю або трэцяй асобы) або банкаўскую гарантыю, або паручыцельства, тады на працягу трох месяцаў аперацыі па рахунках не прыпыняюцца. Пасля гэтага тэрміну запазычанасць будзе спаганяцца не толькі з плацельшчыка, але і з паручыцеля або банка. Тры месяцы дазваляюць плацельшчыку абскардзіць рашэнне падатковай інспекцыі.

У законапраекце замацаваныя новыя падыходы па даванні адтэрміноўкі і растэрміноўкі выплаты запазычанасці па плацяжах у бюджэт. У адрозненні ад існуючага парадку, для атрымання адтэрміноўкі і растэрміноўкі плацельшчык павінен будзе закласці ў залог маёмасць, даць банкаўскую гарантыю або паручыцельства.

У законапраекце больш дакладна выкладзены механізм правядзення камеральных праверак. Калі падатковы орган выявіць парушэнне, ён накіруе патрабаванне плацельшчыку з указаннем ліквідаваць запазычанасць добраахвотна на працягу 10 дзён. Калі гэта адбываецца, або плацельшчык пераканаўча тлумачыць, чаму сведчанні ў яго дэкларацыі не супадаюць з тымі, якія мае інспекцыя, пакаранне не выкарыстоўваецца.

«Усе нашы дзеянні накіраваны на выбудоўванне партнёрскіх адносін з плацельшчыкам, каб падаткі плаціліся, у першую чаргу, добраахвотна, па-другое, каб гэтыя адносіны былі больш цывілізаваныя», — падкрэсліла спікер.

У тэму

Мінфін ацэньвае страты бюджэту ў 2019 годзе ад падатковага манеўру ў нафтавай сферы Расіі ў Br600 млн, паведаміў таксама Дзмітрый Кійко.

Страты чакаюцца ад скарачэння вывазных мытных пошлін на нафтапрадукты, закладзена 25-працэнтнае зніжэнне ставак акцызаў на паліва. Гэтыя абставіны абмяжоўваюць магчымасці па зніжэнні падатковай нагрузкі ў Беларусі.

У сярэднетэрміновай перспектыве гэтыя рызыкі трэба мінімізаваць, што магчыма вырашыць пры прапрацоўцы комплексных пытанняў магчымай падатковай рэформы.

Дзмітрый Кійко таксама расказаў, што Беларусь пачынае кансультацыі з расійскім бокам наконт наступстваў падатковага манеўру для эканомікі нашай краіны. Беларускі бок не выключае, што цяперашняя сітуацыя прывядзе да немагчымасці функцыянавання адзінага рынку нафтапрадуктаў у ЕАЭС. «Рэалізуючы падатковы манеўр, паралельна Расійская Федэрацыя ўводзіць у сябе новыя механізмы субсідавання ўласных перапрацоўшчыкаў нафты, так званы адмоўны акцыз, для якога ў нас крыніц няма», — заўважыў Дзмітрый Кійко.

У выніку можа скласціся непрапарцыйны рынак паліва: у Беларусі яно будзе значна даражэйшае, чым у Расіі. «Ва ўмовах адкрытай мяжы гэта прывядзе да неканкурэнтных умоў, па сутнасці, расійскія нафтапрадукты будуць выцясняць беларускія з нашага рынку. Таму яшчэ адзін варыянт — правядзенне кансультацый для пошуку магчымых кампенсацыйных механізмаў у рамках міждзяржаўных адносін для ўстанаўлення і захавання роўных канкурэнтных умоў» , — адзначыў намеснік міністра.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Загаловак у газеце: Партнёрства з інспекцыяй

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Вынікі на ЦТ ацэньваліся па дзвюх методыках

Вынікі на ЦТ ацэньваліся па дзвюх методыках

Але сертыфікаты абітурыенты атрымалі з баламі па ранейшай сістэме падлікаў.

Грамадства

Дызайнерка з Оршы зладзіла вяселле з беларускім каларытам

Дызайнерка з Оршы зладзіла вяселле з беларускім каларытам

Ідэя зладзіць свята ў беларускім стылі належыць яе выбранніку Аляксею Валадзько.

Прэзідэнт

Чаму буксуе «аршанская мадэль»?

Чаму буксуе «аршанская мадэль»?

Вынікі рэзананснай камандзіроўкі Прэзідэнта ў Аршанскі раён падвялі на спецыяльнай нарадзе — не абышлося без адставак.

Грамадства

Якія патрабаванні прад'яўляюцца да новых падручнікаў?

Якія патрабаванні прад'яўляюцца да новых падручнікаў?

У наступным навучальным годзе ў беларускіх школах будуць выкарыстоўвацца 44 новыя вучэбныя дапаможнікі.