Вы тут

У цэнтры ўвагі дэпутатаў будзе фарміраванне бюджэтнай і падатковай палітыкі


Аб гэтым учора заявіў старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімір АНДРЭЙЧАНКА на пасяджэнні Савета, на якім абмяркоўвалі напаўненне восеньскай сесіі.


Спікер адзначыў, што на сённяшні момант у Палаце прадстаўнікоў знаходзіцца 37 законапраектаў, а да пачатку сесіі іх колькасць значна вырасце. 20 законапраектаў будуць разглядацца ў другім чытанні, значыць яны павінны быць абавязкова прыняты восенню.

«Час, які застаецца, неабходна максімальна выкарыстоўваць для таго, каб да наступнага пасяджэння Савета палаты, якое пройдзе ў верасні і дзе будзе разгледжаны праект парадку дня асенняй сесіі, мы падышлі з пакетам узгодненых законапраектаў. Неабгрунтаваных зацяжак і фармальнага стаўлення да законапраектнай работы быць не павінна», — падкрэсліў Уладзімір Андрэйчанка.

Як адзначалася вышэй, у прыярытэце — блок пытанняў, звязаных з фарміраваннем бюджэтнай і падатковай палітыкі. На думку спікера, тут асноўны акцэнт неабходна зрабіць на рэалізацыі рашэнняў Прэзідэнта па стымуляванні дзелавой ініцыятывы грамадзян, падтрымцы сярэдняга і малога бізнесу, фарміраванні збалансаванага, зразумелага людзям і суб'ектам гаспадарання падатковага заканадаўства. «Пры гэтым самым уважлівым чынам варта падысці да выканання дзяржавай сваіх сацыяльных абавязацельстваў. Неабходна шчыльна працаваць з урадам у рамках міжведамасных груп, ужо зараз уносіць і адстойваць свае прапановы, каб пасля афіцыйнага ўнясення пакета законапраектаў у частцы бюджэту, падаткаў ў Палату прадстаўнікоў мы не патанулі ў дробязях, а маглі сканцэнтравацца на разглядзе канцэптуальных пытанняў», — дадаў Уладзімір Андрэйчанка.

Як расказаў журналістам намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Баляслаў Пірштук, ёсць цэлы блок досыць складаных законапраектаў. «Напрыклад, Жыллёвы кодэкс, у які будзем чарговы раз уносіць змяненні, Працоўны кодэкс — гэта тыя нарматыўныя дакументы, якія, па сутнасці, датычацца ўсяго насельніцтва краіны, — сказаў ён. — Гэтым разам у нас будзе разглядацца пяць законапраектаў, якія ўнесены па ініцыятыве нашых дэпутатаў. Нам хацелася б, каб дэпутаты працавалі больш актыўна. Яны лепш адчуваюць свае акругі, настроі і патрэбы людзей. Два з іх [з законапраектаў. — «Зв.»] датычацца эканамічнага блока — гэта інвестыцыі і прыватызацыя, тры — прыродаахоўнага характару».

Таксама віцэ-спікер дадаў, што будзе разгледжаны абсалютна новы законапраект аб арганічнай прадукцыі. На яго думку, для Беларусі ён вельмі важны, бо гэта дасць магчымасць атрымаць якасныя прадукты без прымянення хіміі. Зараз адпрацоўваюцца ўсе нюансы, каб гэты законапраект быў прыняты ўжо ў ходзе будучай сесіі.

Баляслаў Пірштук звярнуў увагу, што ёсць і досыць няпростыя законапраекты па дарожным і аўтамабільным руху, па электронных подпісах і рэгістры насельніцтва. Акрамя таго, у Палаце прадстаўнікоў плануюцца парламенцкія слуханні па шэрагу тэм, сярод якіх — турыстычная і інвестыцыйная прывабнасць Беларусі.

Вядома, гаворка зайшла і аб праекце Падатковага кодэкса. «Пакуль ён да нас не паступіў, але ўрад заканчвае гэтую работу. Я мяркую, што недзе ў верасні ён да нас паступіць, потым цэлы бюджэтны пакет яшчэ будзе па 2019 годзе — гэта вельмі сур'ёзныя дакументы, — сказаў віцэ-спікер. — Падатковае заканадаўства, я думаю, толькі лянівы не абмяркоўвае. Усім хацелася б  паслабленняў, але разам з тым нам усім хацелася б, вядома, знайсці механізмы напаўнення бюджэту. Добра прымаць нейкі льготны пакет, калі добрая напаўняльнасць бюджэту».

Што да ўмоў для малога і сярэдняга бізнесу, то, на думку намесніка старшыні Палаты прадстаўнікоў, трэба ўсё максімальна спрасціць. «На мой погляд, у нас заканадаўства перагружана, вельмі шмат рознай справаздачнасці, вельмі шмат розных рэвізій, кантрольных функцый. Усе, асабліва нашы бізнес-супольнасці, сыходзяцца на тым, што трэба гэты блок разгрузіць, — дадаў Баляслаў Пірштук. — Я згодны: нам трэба папрацаваць над тым, каб заканадаўства было зразумелае, празрыстае і каб рызык было менш у тых, хто вядзе бізнес».

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Загаловак у газеце: Не патануць у дробязях

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.