Вы тут

Мастацтва непрадказальнасці


Мы розныя. Адны востраць алоўкі і, нібы той Мюнхгаўзен, занатоўваюць расклад подзвігаў на дзень. Іншыя востраць нервовую сістэму і здзяйсняюць подзвігі-экспромты. Хтосьці разлічвае, а хтосьці не верыць у лічбы. Нехта лётае. Нехта крочыць. Але няма розніцы, якая хуткасць нашага абуджэння раніцой. Галоўнае — своечасова з’явіцца на свой подзвіг. Так, мы не падобныя адзін да аднаго. І за дазвол быць такімі ўзнагароджваем адно аднаго розным мастацтвам. Шчодрая рука музыкі працягнула чалавецтву цэлую вечнасць і цэлае імгненне. Прыхільнікі імгненнасці сабраліся ў Мемарыяльным музеі-майстэрні Заіра Азгура і пад кіраўніцтвам лідара эксперыментальнага гурта «Князь Мышкін» Леаніда Нарушэвіча правялі трэці фестываль імправізаванай музыкі «Імпралета-2018».


Леанід Нарушэвіч і Аляксей Варсоба

Імправізацыя жыве даўно. Так даўно, што, напэўна, памятае падрабязнасці стварэння свету. Рэфрэн ляснога рэха, плач сагнанай ветрам расы, гнеўны ўскрык грому... Чым не імправізацыя? А ўздых палёгкі, а шэпт дзіцяці скрозь сон, а маўчанне, у рэшце рэшт! Чым не музыка?.. І мправізацыя не пагарджае сяброўствам — з міфам, з казкай, з малітвай. Верна ідуць адвечныя дружы па абраным шляху праўды — ад вуснаў часу да сэрца чалавека. Ідуць і стагоддзі. Але адданым моманту не страшныя краты календароў. Імправізацыя смела адольвае эпохі, сочыць за модай і ніколі не здраджвае сабе.

Вось наша гераіня стомлена апусцілася на прыступкі сярэдневяковага храма. Знямоглася. Дарога да хрысціянства была нялёгкая. Калі ласка, дайце яшчэ хвіліну — даслухаць улюбёны арганум, дапіць гэты келіх спакою, якога так будзе не ставаць пазней. З вялікага фасаднага акна, нібы бласлаўляючы на выпрабаванні будучыні, заблішчэў прамень. Трэба ісці. Ад гэтай хады інструменты і галасы злучацца ў таемстве кантрапункта, супярэчлівыя партыі народзяць гармонію, а ля нотных станаў з’явяцца сарамлівыя надпісы: adagio — павольна, deciso — рашуча і, нарэшце, con amore — з любоўю...

Цуд, але ўзрост не адбірае прывабнасць у твару, што яго не саромеецца. Музыка не баіцца гадоў — яны ёй пасуюць, робяць пазнавальнай у свеце.

Куды сёння завітаеце, спадарыня спантаннасць? У Вену? Але што гэта за гоман? Адкуль столькі мітусні? Чаму так збялеў ваш любімчык Моцарт? Няўжо няшчасце? Толькі не хвалюйцеся! З Англіі прыехаў маэстра Клеменці. Зараз будзе вялікае спаборніцтва гуку і віртуознасці. Майстры вырашылі паспрачацца і за вашу пахвалу. Праўда, вы падтрымаеце аўстрыйскага маладзёна?.. Хочаце працягу свята? Тады вось вам запрашэнне ў Германію. Там за адну вашу ўсмешку праз тысячы нот прабягуць клавішы Бетховена, Гумеля, Штэйбельта...

Музыцы падабаецца захапленне ў вачах слухачоў, а слухачам — непрадказальныя паводзіны імправізацыі. Імправізацыю чакаюць. Днём яна строгі настаўнік у сціплай музычнай школе. Вечарам — першая прыгажуня арыстакратычнага салона. Яе даўно кахае Ферэнц Ліст. Кажуць, што яго пакуты падзяляюць Мендэльсон і Рубінштэйн. Рамантыкі. Што ж тут дзіўнага. Імправізацыя, як гэта прынята ў адораных харызмай, знаходзіць паслядоўнікаў. Пералічыць усіх немагчыма. Як і няма магчымасці выканаць усе транскрыпцыі і варыяцыі, натхнёныя зменлівым настроем імпрамастацтва.

А тэмперамент музыкі сапраўды дзіўны. Хто б мог падумаць, што яна, такая недасягальная, звыклая да раскошы, стане заўсёдным наведвальнікам душных вечарын на поўдні Амерыкі. Не грэбуе ні цеснай сцэнай, ні таннай вячэрай. Джаз. Калі-небудзь і ты пазнаёмішся з поспехам. А пакуль цябе называюць «антытэзай Бетховена» і разумеюць твае задумы хіба стомленыя рэстараны ды параходы. Не крыўдуй. Але што гэта загучала? Скэт? Новы інструмент? Чалавечы голас? А чый? Армстронга?! Джаз, твой час прыйшоў!..

Чым даўжэй мы займаемся справай, тым карацей робяцца нашы ваганні перад магчымасцю выпрабаваць сябе. Перажыўшы дзве эры, імправізацыя гэта ведала дакладна. Кансерваторскі клас, пераход у метро, цягнік? Калі ласка. Сусветны конкурс, «блакітны агеньчык», ранішнік у дзіцячым садку, каралеўскі прыём? Дзе заўгодна. Тэлебачанне, радыё? Калі трэба. Выступленне на тэму Баха, народных песень, музыкі да кінафільмаў? Можна? Можна ўсё, калі ёсць Гадоўскі, Гінзбург, Цыфра... Апошняга, дарэчы, называлі ўваскрослым Лістам. Праўду кажуць старыя: сапраўдная любоў канца не мае. Але пачакайце. Як сябе паводзіць, як выглядаць? Можаце заказаць пашыў фрака, а можаце абмежавацца скуранымі браслетамі. На тое яна і імправізацыя — да ўсіх адшукае падыход.

Адшукаць. Шукаць. Пошук. Ці не яму мы дорым сваё жыццё. Хто з нас не блукаў у намаганнях знайсці выразнасць, патрэбныя словы, сябе?.. Рызыка застацца без адказаў вялікая. Але любая чалавечая справа паўтарае лёс самога чалавека. І музыка ўмее быць пакінутай, забытай. Значыць, і ўменне шукаць для яе не чужое? Напэўна, так. Хто ведае, можа, ходзіць яна па зямлі, прыслухоўваецца да чалавечых думак, сэрцаў — шукае самыя чуллівыя. А слых у музыкі дасканалы... Кожны сам вырашыць, каму дзякаваць за талент — цуду, генетыцы ці простай выпадковасці. Важна тое, што мажлівасць ствараць — пячатка абранасці. А ў кожнага народа ёсць свае творцы.

Ці можна ганарыцца сяброўствам з яе музычнай непрадказальнасцю — імправізацыяй? Так-так, з той самай апантанай вандроўніцай. Не ведаю, ці могуць адносіны стаць нагодай для гонару, але для радасці — абавязкова. Дзе ён, той паварот, на якім асцярожны выдатнік-выканаўца пераўтвараецца ў імпэтнага вар’ятафантазёра? Што наша, беларускае, стала прыцягальным для свавольнай музыкі? Прывесці прыклады? Яркі пачатак. «Князь Мышкін», «ZARTIPO», «Сонцакветкі» — на плечы гэтых гуртоў легла адказнасць першых імправізаваных акордаў на сцэне беларускага авангарда. Які будзе рытм? Настрой? А ці падтрымаюць аднадумцы? Колькі пытанняў у першапраходцаў... Гукі абняліся з гукамі — мелодыя не спынілася. Значыць, і мы можам рухацца далей. Унікальная здольнасць... знаходзіць грошы на выступы. Сапраўды? Няхай! Працягласць мелодыі. Дзесяцігоддзе фестывалю «Сіні перац». Дваццацігоддзе голасу «Князя Мышкіна». Не такая ўжо і доўгая песня? А калі нагадаць, што імправізацыя — мастацтва імгнення... Ну, а што тут у нас наконт сучаснасці? А як жа свята — фестываль імправізаванай музыкі «Імпралета-2018»! Выдатна. А як на фестывалі са слыхам? Пачулі даўно знаёмы талент Аляксея Варсобы і Віктара Сямашкі з яго эксцэнтрычнымі «Fantastic Swimmers», прыслухаліся да здольнасцей сёлета ўтворанага дуэта «LF spring croaк», запрасілі медытатыўны спакой «Antara» і Yahor Jeihalo.

Фестываль «Імпралета-2018» прагучаў па ўсіх законах імправізаванага твора. Пачатак, што падказвае будучы характар яшчэ ненароджанай музыкі. Розныя па рытме, але падобныя па настроі ўрыўкі. Здавалася б, прыгажосць, плаўнасць мелодыі. Але не трэба верыць гармоніі. Уважлівы слухач абавязкова адчуе нерв, пачуе ледзь прыкметную трывогу. Хочацца верыць у лепшае, але рытм, нібы стук прадчувальнага сэрца, збіваецца. Тэмпы-сумневы то запавольваюцца і знікаюць, то зноў бушуюць з новай сілай. Невыносна. Яшчэ крыху — і іскра, што бліснула ў пачатку, разгараецца агнём — сінкопы! Фарцісіма! Дысананс! Але катастрофы музыкі так падобныя да катастроф прыроды. Пасля буры заўсёды цішыня. Крык forte саступае шэпту piano. Плаўнасць, меладычнасць, прыгажосць гармоніі. Музыканты ставяць шматабяцальнае шматкроп’е...

Менавіта ўменне злучаць супярэчлівае і закрывае пытанне аб нашай прыцягальнасці.

Навошта гэтае спантаннае мастацтва, калі існуе незлічоная колькасць цудоўных, правераных часам твораў? Як навучыцца сінхрону стварэння і выканання? Як навучыцца слухаць гэты сінхрон, часам складаны, незразумелы, нервовы?.. Гэтыя пытанні існуюць столькі ж, колькі слова «музыка» жыве ў спалучэнні са словам «імправізаваная». На пытанне, навошта музыканту небяспека адначасовага сачынення і ігры, трапна адказаў на адкрыцці фестывалю «Імпралета-2018» мастацкі кіраўнік праекта Леанід Нарушэвіч: «Тут кожны ўдзельнік — кампазітар». І сапраўды, музыканты прызнаваліся, што штуршком да імправізацыі стала прага арыгінальнасці, жаданне ствараць уласнае. А стыхійнасць такой працы, выпрабаванне на публіцы прыносіць непараўнальны ні з чым смак перамогі сябе... З матывам, можна лічыць, зразумела. Але як рыхтуюцца да імправізаваных канцэртаў? Усе ж памятаюць: найлепшая імправізацыя — падрыхтаваная імправізацыя. Рэпетыцый, вядома, няма. А іграць часам даводзіцца калектыўна. Як тут знайсці паразуменне... Выканаўцы адзначаюць, што існуе дамова. Напрыклад: «Сёння вечарам іграем пра... любоў». І іграюць. Па словах музыканта Аляксея Варсобы, «уся музыка, а асабліва імправізаваная, — пра пачуцці». А хто з нас застрахаваны ад любові і расчараванняў... А расчароўваюцца нават у гераічнай, да адчаю смелай імправізацыі. Мабыць, таму майстры ціха прызнаюцца, што часам хочацца іграць для публікі без выразнай пазнакі «прафесіяналы». Наконт гэтага сказаць можна толькі адно: мы розныя. І ў гэтым, напэўна, сэнс.

Марыя СТРАХ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?