Вы тут

Ці трэба адмаўляцца ад азімага жыта?


Новыя тэхналогіі ўсё больш уплываюць на сельскую гаспадарку. Вучоныя працуюць не толькі над абнаўленнем сартавога складу і вывядзеннем прадукцыйных жывёл, мяняецца сам уклад галіны — распрацоўваецца сучасная тэхніка, якая аблегчыць працу на сяле, рабатызаваныя фермы і нават новае камп'ютарнае забеспячэнне для гаспадарак.


Як перамагчы засуху?

Штогод мяняюцца найменні культур, якія вырошчваюцца на нашых палях. На змену старым сартам прыходзяць новыя — больш ураджайныя і адаптаваныя пад нашы кліматычныя ўмовы. За дзесяцігоддзе ў дзяржрэестр уключана больш як сто сучасных сартоў, толькі за апошнія тры — каля дваццаці. Наогул 80 працэнтаў збожжавых і зернебабовых культур, што вырошчваюцца на нашых палях, — беларускай селекцыі, а яшчэ нашы сарты ўключаны ў
рэестры 80 краін свету.

Калі ў 90-х гадах азімы рапс, які вырошчваўся ў Беларусі, вымярзаў, то ў наш час выведзены зімаўстойлівыя сарты, якія запатрабаваныя ўжо і за межамі краіны. Наогул на сёння рапс — асноўная бялкова-алейная культура, яго пасевы займаюць каля 500 тысяч га. І хоць з-за неспрыяльнага надвор'я, як адзначаюць вучоныя, сёлета гаспадаркі не дабяруць ураджаю, дзяржзаказ будзе выкананы. Добра развіваецца кукуруза, яна дазволіць вырашыць пытанні з фуражом. Справа ў тым, што 70 працэнтаў збожжа, што вырошчваецца ў краіне, ідзе на фуражныя мэты.

Не сакрэт, што сёлета з-за чэрвеньскай засухі мы не атрымаем той ураджайнасці збожжавых, як планавалася. Між іншым, ад гэтага пацярпелі і гаспадаркі суседніх Польшчы і Расіі. Але ў вучоных ёсць пэўныя прапановы, што рабіць, каб наступствы ад такіх прыродных катаклізмаў былі менш небяспечныя для сельскай гаспадаркі. Распрацавана навукова абгрунтаваная структура пасяўных плошчаў.

«Беларусь знаходзіцца не ў самай спрыяльнай зоне для вядзення сельскай гаспадаркі. Для атрымання адзінкі раслінаводчай прадукцыі нам трэба ўкласці на 20 працэнтаў больш, чым у Польшчы, на 50 працэнтаў больш, чым у Германіі, і ў два разы больш, чым у Злучаных Штатах, — заўважае намеснік генеральнага дырэктара па навуковай рабоце Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па земляробстве Эрома Урбан. — Вы самі бачыце: нягледзячы на тое, што сёлета былі вытрыманы ўсе тэхналагічныя ўмовы, унесена дастатковая колькасць угнаенняў, праведзена абарона, мы некалькі не дабяром той валавы збор, які намячалі ў пачатку агранамічнага года, — у маі—чэрвені не было ападкаў, запас вільгаці набліжаўся да крытычнай адзнакі». Зразумела, такія рызыкі трэба ўлічваць. І на думку вучонага, адмова ад пасеваў азімага жыта (найбольш адаптаванага і прыстасаванага да кліматычных «сюрпрызаў») — няправільны кірунак у развіцці гаспадарак, асабліва Гомельскай вобласці. Гэта культура лічыцца страхавой не толькі ў Беларусі, але ва ўсім свеце, — заўважае Эрома Пятровіч. — Для прыкладу ў Польшчы азімае жыта займае 1 мільён 200 га, у нас гэты паказчык значна меншы.

Сярод праблем, над вырашэннем якіх працуюць вучоныя, — недахоп зернебабовых культур. Так, каб атрымліваць збалансаваныя па бялках кармы, іх неабходна вырошчваць на плошчах 300—350 тысяч гектараў. І сёння навукоўцы працуюць з такімі культурамі, як лубін, раянавалі новыя сарты гароху. За апошнія гады створаны і ўласныя гібрыды кукурузы, у выніку мы атрымліваем больш таннае насенне гэтай культуры і можам эканоміць валюту, якая раней ішла на закупку падобнага насення з-за мяжы.

Меню для рагулі

Над пытаннямі, як павялічыць прадукцыйнасць жывёлагадоўлі, укараніць новыя селекцыйныя і рэсурсазберагальныя тэхналогіі, працуюць даследчыкі Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па жывёлагадоўлі.

Сумесная мэтанакіраваная работа з Мінсельгасхарчам і племяннымі прадпрыемствамі краіны дазволіла вывесці дзве новыя заводскія лініі галштынскай папуляцыі малочных кароў айчыннай селекцыі, якія вызначаюцца высокім узроўнем малочнай прадукцыйнасці і развіцця.

Пры Мінсельгасхарчы створана камісія па апрабацыі ліній з удзелам прадстаўнікоў племянных гаспадарак, аграрных ВНУ краіны. Таксама ў найбліжэйшы час плануецца атрымаць яшчэ дзве новыя лініі. Уся гэта работа скіраваная на стварэнне да 2020 года новай пароды Белгалштын.

У галіне мясной жывёлагадоўлі распрацавана праграма стварэння селекцыйных статкаў абердзін-ангускай пароды для вывядзення адаптыўных заводскіх ліній з выкарыстаннем сучасных дасягненняў генетыкі.

Трэба сказаць, што вучоных хвалююць і пытанні ўтрымання буйной рагатай жывёлы. Так, у хуткім часе плануецца распачаць будоўлю новай фермы, адаптаванай пад патрэбы жывёл. Распрацаваны новыя рашэнні, звязаныя з вентыляцыяй памяшканняў, даеннем кароў на рабатызаванай каруселі, будзе выкарыстана аўтаматычнае кармленне жывёл. Нават планіроўка «падбіралася» так, каб палепшыць біялагічны стан жывёл.

Ужо распрацавана і прайшла дзяржаўную экспертызу праектна-каштарысная дакументацыя на будаўніцтва гэтага інавацыйнага малочна-таварнага комплексу на 1000 дойных кароў з замкнёным цыклам у РПУП «Вусце» НАН Беларусі Аршанскага раёна на 2017— 2025 гады.

Каб вырашыць праблему расліннага бялку ў кармленні буйной рагатай жывёлы, вучоныя выкарысталі шматкампанентныя бабова-злакавыя травастоі, у склад якіх уваходзяць сумесі насення канюшыны, люцэрны, райграсу, цімафееўкі і фесталоліума. Такое багацце бабовых кампанентаў дазваляе забяспечыць малочную галіну кармамі насычанымі пратэінамі. Такі рацыён павялічвае малочную прадукцыйнасць кароў, памяншае выдаткі кармоў на 5-7 працэнтаў, зніжае захворванні жывёл.

Біятэхналогіі, якія выкарыстоўваюцца ў жывёлагадоўлі, дазволяць паскорыць селекцыйны працэс. Так, як паведаміў намеснік дырэктара па навуцы Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па жывёлагадоўлі Аляксандр Будзевіч, цэнтрам па ўзгадненні з племянной службай краіны на пастаяннай аснове вядзецца работа па трансплантацыі эмбрыёнаў буйной рагатай жывёлы ў вядучых племзаводах краіны. У перспектыве нават прымяненне тэхналогіі перасадкі зародышаў.

Укараняюцца ў жывёлагадоўлі і новыя інфармацыйныя тэхналогіі. Па заказе Мінсельгасхарча цэнтр распрацоўвае комплекс праграмна-тэхнічных сродкаў дзяржаўнай інфармацыйнай сістэмы ў галіне племянной справы, стварае праграмнае забеспячэнне для цэнтраў селекцыі і генетыкі ў свінагадоўлі, для племянных гаспадарак.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Селекцыя паскараецца

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.