Вы тут

Як студэнты і будаўнікі зарабляюць на жніве


Юрый Неўмывака працуе ў баранавіцкім будтрэсце. Вось ужо 10 гадоў свой водпуск летам праводзіць у Клецкім раёне. Не адпачывае — зарабляе на ўборачнай. Ідзе памочнікам да швагра, які працуе камбайнерам у гаспадарцы. «Як той казаў, у іншым месцы адпачываць будзем», — па-філасофску заўважае мужчына, жмурачыся на сонцы. Пра тое, колькі грошай можна атрымаць на жніве і хто праводзіць лета не на моры, а ў полі, — у рэпартажы «Звязды».


Дырэктар гаспадаркі «Кухчыцы» Сяргей ЗДРОК  (на фота) сустракае нас на джыпе. «На такой машыне зручна па палях ездзіць», — усміхаецца. Раней, успамінае ён, на сезон набіралі нават камбайнераў — не хапала работнікаў. За апошнія гады ў гаспадарку шмат людзей уладкавалася, таму абыходзяцца практычна сваімі сіламі.

— Але я даю магчымасць зарабіць усім. Старшакласнікі ў нас былі — праполвалі буракі, збожжавыя, на ўборачнай падграбалі. Студэнт на лета прыйшоў папрацаваць — возіць галоўнага заатэхніка. Жанчыны заняты на зерняскладзе — напрыклад, загадваюць токам, стаяць на вагах. А каб стаць памочнікам камбайнера, абавязкова трэба мець пасведчанне кіроўцы і жаданне працаваць.

Працаваць у гаспадарцы падчас жніва даводзіцца ад ранку да самага вечара. Юрый Неўмывака кажа, што калі якая паломка камбайна здарылася, прыязджае на работу і а шостай, і а пятай раніцы, каб паспець падрыхтаваць тэхніку і выйсці ў поле без спазнення. Закончыцца працоўны дзень можа ў 11 вечара.

— Зарабіць удаецца па-рознаму — як намалоціш, так і заплацяць. Памятаю, неяк за водпуск каля 18 мільёнаў на старыя грошы атрымаў. Гэта больш, чым мой заробак на асноўным месцы працы. Трачу ўсё на жонку і дваіх дзяцей, а на каго яшчэ? Для сябе хапае — на рабоце кормяць і адзяваюць. Збіраю толькі на кватэру. Калі чарга прыйдзе, пабудуемся.

Юрый Не­ўмы­ва­ка ўжо 10 га­доў пра­во­дзіць вод­пуск на ўбо­рач­най

Работнікаў на полі забяспечваюць гарачымі абедамі. Сабекошт порцыі — чатыры рублі, але з заробкаў вылічваюць толькі 10 працэнтаў ад гэтай сумы.

— За 40 капеек ні адна жонка мужыка не пакорміць, — жартуе Сяргей Здрок. — Мне казалі, што гэта страты. Я падлічыў: накарміць усю гаспадарку ў дзень каштуе 250 рублёў. А калі супрацоўнікі будуць самі дадому ездзіць абедаць, прастой за гэты час абыдзецца ў 350 рублёў. Так што я ў плюсе застаюся.

Штрафныя меры тут, дарэчы, сур'ёзныя. Прагуляў, з'явіўся ў п'яным выглядзе ці без спецадзення — мінус 100 працэнтаў КПУ (каэфіцыенту працоўнага ўдзелу). Раней пазбаўлялі толькі 10 працэнтаў, але вырашылі, што больш строгі падыход прымусіць людзей адказна ставіцца да працы.

...На полі разгаварыліся з Юрыем Шылам з аграгарадка Зубкі. У памочнікі яго паклікаў саслужывец-камбайнер. «Цяжкавата», — прызнаецца Юрый. Ён часова беспрацоўны. На будаўнічай фірме, дзе мужчына быў уладкаваны, адбылося скарачэнне, а знайсці добрааплатную вакансію па спецыяльнасці («каб рублёў 700 у месяц мець») у раёне складана. Таму падпрацоўка на жніве для вяскоўца — сапраўдная ўдача.

Юрыя Шы­лу ў па­моч­ні­кі па­клі­каў са­слу­жы­вец-кам­бай­нер.

— Дома рамонт трэба зрабіць, ужо крэдыт узяў. Што пасля ўборачнай? На папярэдняй фірме быццам усё наладзілася, буду спадзявацца, возьмуць. Калі што, ёсць пасведчанне кіроўцы — можна дальнабойшчыкам пайсці. Няпростая прафесія, але аплатная, — разважае Юрый.

На лета ў гаспадарку ўладкаваўся і студэнт Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта Яўген Анікей. Працуе на камбайне ў пары з дзядзькам.

— Не цяжка, ужо прывык. Адпачыць я і падчас вучобы паспею, а зараз трэба крыху грошай зарабіць. Сёлета на машыну збіраю: старую прадаў, а на новую яшчэ не хапае, — дзеліцца планамі прадпрымальны студэнт.

Яўген мясцовы, з Кухчыц. У тэхніцы, лічы, з маленства добра разбіраецца — жывучы на вёсцы, трэба ўмець усё. На жніве хлопец праводзіць трэці год. А вось наступны сезон будзе ўжо без яго — будучага інструктура-метадыста па аздараўленчай фізкультуры чакае размеркаванне.

Памочнікам з ліку моладзі Сяргей Здрок заўсёды рады. «Хлопцы гатовы шчыраваць без выхадных, а для мужчын ва ўзросце гэта стымул старацца, каб паспяваць за імі. Тых, хто рвецца папрацаваць, я не магу не ўзяць. Моладзь трэба падтрымаць, няхай адчуюць гэты хлеб. Сам так пачынаў».

Дырэктар гаспадаркі расказвае, што яго 14-гадовы сын таксама хоча звязаць жыццё з працай на зямлі. І не толькі ён.

Сту­дэнт Яў­ген Ані­кей пра­цуе ў па­ры з дзядзь­кам.

— Дачка, ёй цяпер 11, сказала: «Эканамістам пайду». Пытаюся: «Куды, можа, у горад?». «Не, — гаворыць, — толькі ў гаспадарку». Яна летась прыехала на поле, узяла зводку па ўраджаі, праставіла месцы. І кожны дзень адсочвала. Разам з сяброўкамі сядзелі і высвятлялі, чый тата справіўся найлепш. Летась наша прадпрыемства стала першым у раёне па ўраджайнасці збожжавых. Дачка на гэта: «У цэлым мы нядрэнна глядзімся. А па рапсе трэба падцягнуцца — мы на другім месцы».

За мінулы месяц сярэдні заробак у «Кухчыцах» склаў 855 рублёў. Але можна мець і больш. Сяргей Здрок прыгадвае, як адзін з мужчын на ўборцы буракоў толькі за перапрацоўку атрымаў даплату ў 1100 рублёў. І дадае, што некаторыя перадавікі могуць зарабляць лепш, чым ён, кіраўнік. Так што ёсць стымул старацца.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ, Клецкі раён

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: «Збіраю на машыну»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».