Вы тут

Мінус 190 °С, уласнае «сонца» і іншыя цікавінкі санаторыя на Нарачы


Сасновы абсяг з магутнымі дрэвамі, акуратныя сцежкі між дамкамі для адпачывальнікаў — сапраўднымі двухпавярховымі катэджамі. Паабапал галоўнага корпуса — альпійскія горкі незвычайных формаў з кветкамі і хвоямі, вялікі фантан, алея з ажурнымі ліхтарамі ды лаўкамі. А ўнутры збудавання — шкляная і светлавая прыгажосць аздаблення, смачная ежа, безліч працэдур... А яшчэ... кожны з табой вітаецца, ну не раўнуючы як на вёсцы, дзе ўсе адно аднаго ведаюць. Усё гэта — санаторый «Сосны» ў Нарачанскім парку — больш за 55 гектараў прыроднай прыгажосці, цішыні і душэўнасці, якую, як кажуць, так цэняць госці.


Душ уражанняў і эмоцый

Налюбаваўшыся прыроднай веліччу, разам з Валерыяй Нікіцюк, спецыялістам аддзела інфармацыі тураператара «Аўтаматызаваныя тэхналогіі турызму», вырашылі выпрабаваць на сабе мясцовыя прапановы. Ахапіць усе, ды яшчэ за адзін дзень, вядома, немагчыма, таму выбралі самыя выбітныя.

Напачатку трапілі ў крыякамеру, дзе я спаўна адчула, што такое лячэнне холадам мінус 130 °С. Гэта на першы раз, бо некаторыя адпачывальнікі даходзяць да максімуму — 190 °С. Арганізм за хвіліну нават не паспеў зразумець, што адбылося, а ўжо выскачыў з капсулы і, здаецца, палягчэў на пару кілаграмаў і ўзбадзёрыўся вышэй нормы.

Яшчэ я пабывала ў казачным душы ўражанняў. Спачатку ты стаіш пад цёплым дожджыкам, слухаеш лёгкую музыку, вакол — мяккае чырванаватае святло. Хвіліна зацішша і — маланка з громам, жорсткія, халаднаватыя струмені — нібыта сапраўды пад трапічны лівень трапіла.

Не абмінула я і галакамеру (саляны пакой), і басейн, у якім дадаткова зладжаны вадаспады і джакузі з бурбалкамі. А пасля водных працэдур пазнаёмілася з мясцовым «сонцам». Яно ў выглядзе спецыяльных лямпаў, пад якімі можна пагрэцца і расслабіцца, ззяе ў стылізаваным пад марское ўзбярэжжа пакоі круглы год.

Пра лебедзяў і паэтаў

Добраўпарадкаваны пляж санаторыя — месца для загару, плавання і... стасункаў з лебедзямі. Царственныя птушкі міласціва прымаюць ежу ад турыстаў. А з пірса, які выдаецца далёка ў возера, адпачывальнікі назіраюць за світанкамі і змярканнямі.

— Мы знаходзімся літаральна ў цэнтры Нарачанскага парку, і маем усе прыродныя фактары, якія спрыяюць аздараўленню.
А вялізная тэрыторыя дазваляе падарожнічаць па лесе і карыстацца яго дарамі. Гэта нашы галоўныя перавагі, — упэўнены Аляксандр ШЧУКО, галоўны ўрач санаторыя «Сосны».

У санаторыі кажуць, што прапануюць паслугі, якія адпавядаюць чаканням чалавека. Летам тут хаваюцца ад спякоты, а ў верасні пачынаецца «нашэсце» грыбнікоў ва ўзросце. Час ад часу адпачывальнікі настолькі натхняюцца, што пачынаюць пісаць вершы, хоць раней нават не думалі ні аб чым падобным.

Некаторыя дагэтуль лічаць, што санаторый — рэжымнае месца, куды цябе адпраўляюць далечвацца пасля бальніцы, і заняцца тут няма чым. Аднак сучасныя здраўніцы, у якія ператварыліся савецкія санаторыі, нічым не пацвярджаюць такое стаўленне.

Многія прыязджаюць сюды не адзін год, некаторыя цэлымі кампаніямі дамаўляюцца, падгадваюць час пад сумесны прыезд, раяць адпачынак сябрам, якія тут яшчэ не бывалі. Зусім нядаўна з'ехала пара (абодвум ужо за 70), якая адпачывае ў «Соснах» тры разы на год.

Карыснае з прыемным

— Знаходзячыся ў санаторыі, добра спалучаць карыснае з прыемным. Арганізму трэба не толькі атрымліваць аптымальную нагрузку для лячэння, але і даваць яму «выхадныя дні», каб засвоіць працэдуры. У гэты час можна паўдзельнічаць у мерапрыемствах на тэрыторыі санаторыя або адправіцца ў экскурсіі, якія прапануюць тут жа, — раіць Вольга ШУППО, начальнік санаторна-куротнага аддзела прадпрыемства «Аўтаматызаваныя тэхналогіі турызму». — У «Соснах», напрыклад, можна выехаць у «Аптэкарскі сад». Там пакажуць і раскажуць, як і ад чаго ўжываць зёлкі, распавядуць, якія з раслін лекавыя ці атрутныя.

Каб дбайна даследаваць санаторныя прапановы і знайсці здраўніцу, куды захочацца вяртацца, лепш усё ж наведваць іх самому. А мы з «Сяброўкай» наступным разам адправімся ў аглядную экскурсію і пазнаёмімся з фартыфікацыйнымі збудаваннямі сівой даўніны ў Заслаўі і сучасным выглядам абароннага комплексу «Лінія Сталіна».

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: Адасоблены рэлакс

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.