Вы тут

Што прадпрымаецца ў краіне для спынення дэградацыі зямель


Сёння ў многіх пунктах планеты землі імкліва страчваюць сваю прадукцыйнасць. Па ацэнках спецыялістаў, ва ўсім свеце ўжо дэградавала каля двух мільярдаў урадлівых зямель. Даследаванні паказалі: штогадовая страта 75 млрд тон глебы з ворных зямель прывядзе да неатрымання эканамічных выгад у суме 400 млрд долараў ЗША ў год.

У Беларусі прыродныя ўмовы выключаюць развіццё апустыньвання ў крайніх формах. Тым не менш барацьба з дэградацыяй зямель — адзін з галоўных кірункаў прыродаахоўнай палітыкі.


Навуковы погляд на ўрадлівасць

Паводле даных харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ФАО (Fооd аnd Аgrісulturе Оrgаnіzаtіоn — арганізацыя ААН, асноўная задача якой — барацьба з голадам. — Зв.), да 2050 года насельніцтва Зямлі павялічыцца да 9 млрд чалавек. У той жа час штогод з сельскагаспадарчага абароту выключаецца каля 50 млн га ўрадлівых зямель. У выніку харчовая бяспека многіх краін свету можа апынуцца пад пагрозай. Менавіта таму вырашэннем пытання захавання глебы сёння займаюцца многія навукоўцы планеты.

Для Беларусі, па словах дырэктара Інстытута глебазнаўства і аграхіміі НАН Беларусі Віталія Лапы, таксама актуальныя пытанні захавання ўрадлівасці глебаў і абароны ад пяці відаў дэградацыі (фізічнай, профільнай, хімічнай, біялагічнай і ландшафтна-экалагічнай).

— Фізічная дэградацыя глебаў звязана з пераўшчыльненнем, калі па вільготнай зямлі рухаецца цяжкая колавая тэхніка. У выніку да 30 % глебы пераўшчыльняецца, там зніжаецца натуральны водна-паветраны рэжым, пагаршаюцца ўмовы развіцця і змяншаецца прадукцыйнасць вырошчвання культур. Але профільная дэградацыя больш небяспечная, паколькі адбываецца эрозія глебаў.

Эрозіі глебы па тэрыторыі краіны адрозніваюцца. Напрыклад, для Беларускага Паазер'я больш характэрная водная эрозія глебаў, паколькі гэта рэгіён з вялікай колькасцю рэк і азёр. Гранічна дапушчальны змыў глебы, пры якім пачынаецца водная эрозія, складае дзве тоны з га. Для вырашэння гэтай праблемы ў краіне рэкамендавана глебаахоўнае земляробства, якое прадугледжвае ўлік водаахоўных зон (недапушчэнне ўзворвання каля самага воднага люстра), правільны падбор культур.

Навукоўцы падлічылі: калі вырошчваюцца прапашныя культуры, то за год з 1 га зямлі губляецца 240 кг перагною, да 13 кг азоту, 6 кг фосфару, 5 кг калію, якія часта сыходзяць у водныя крыніцы. А падчас вырошчвання шматгадовых траў страты рэзка зніжаюцца: перагною — да 6 кг, азоту — да 0,1 кг, фосфару і калію — да 0,3 і 1 кг з 1 га зямлі.

Для асушаных раёнаў Беларускага Палесся характэрныя іншыя працэсы. За 40 апошніх гадоў у Беларусі адбылося 350 пыльных бур, з іх 232, ці 66 % ад агульнай колькасці, — у гэтым рэгіёне. Тут таксама распрацавана і рэкамендавана глебаахоўная сістэма, якая прадугледжвае падбор культур, пакіданне ржэўніку для стрымлівання патокаў ветру, стварэнне лесаахоўных палос.

Хімічная дэградацыя — працэс, пры якім запас элементаў харчавання ў глебах можа памяншацца, гэта значыць, адбываецца вычарпанне глебы або паніжаецца яе кіслотнасць. Каб спыніць гэтыя працэсы, уносяцца мінеральныя і арганічныя ўгнаенні. З 2008 года іх аб'ёмы значна павялічыліся і дасягалі 313 кг на 1 га, што супастаўна з еўрапейскім узроўнем. Акрамя таго, у сумарнай колькасці ў сярэднім у Беларусі ўносіцца каля 55 млн тон арганічных угнаенняў.

— За апошнія 10 гадоў у нас павялічыліся запасы фосфару і калію ў глебах, перагною, — кажа Віталій Лапа. — Сёння сярэдні паказчык кіслотнасці глебаў складае 5,84 рН, які ў прынцыпе задавальняе большасць сельскагаспадарчых культур. Працэс хімічнай дэградацыі глебаў у Беларусі не толькі прыпынены, але і назіраецца выразная тэндэнцыя да павышэння ўрадлівасці.

Падчас біялагічнай дэградацыі ідзе скарачэнне колькасці відавой разнастайнасці і аптымальных суадносін розных відаў мікраарганізмаў, забруджванне глебы патагеннымі арганізмамі, пагаршэнне санітарна-эпідэміялагічных паказчыкаў. Гэта праблема часцей за ўсё звязаная са сцёкамі з жывёлагадоўчых аб'ектаў.

Зямельная палітыка

Каб беларускія глебы заставаліся ўрадлівымі, у краіне рэалізуецца Нацыянальны план дзеянняў па прадухіленні дэградацыі зямель на 2016—2020 гады, створаны каардынацыйны савет.

Як расказаў намеснік начальніка ўпраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Мінпрыроды Андрэй Кузьміч, у 2017 годзе большасць запланаваных мерапрыемстваў была выканана ці прадаўжае выконвацца, калі яны разлічаны на доўгі тэрмін. Сёлета ж плануецца правесці рэканструкцыю і аднаўленне ўчасткаў меліярацыйных сістэм на плошчы звыш 34 тысяч га; падтрыманне ўрадлівасці глебаў сельгасземляў праз унясенне арганікі; рэкультывацыю 114 унутрыгаспадарчых кар'ераў; экалагічную рэабілітацыю парушаных балот і тарфянікаў; перавод участкаў зямель, схільных да дэградацыі, у катэгорыю зямель ляснога фонду з лесаразвядзеннем. Працягнуцца работы па ўкараненні тэхналогій мінімальнай апрацоўкі глебы, дакладнага земляробства і інш.

Рашэнне гэтых пытанняў, па словах Андрэя Кузьміча, плануецца за кошт бюджэтных сродкаў, уласных сродкаў землекарыстальнікаў, а таксама праз міжнародную тэхнічную дапамогу.

Сёлета будуць падрыхтаваны навуковыя абгрунтаванні па экалагічнай рэабілітацыі чатырох участкаў неэфектыўна асушаных лясных тарфянікаў у Віцебскай, Мінскай і Гродзенскай абласцях, а ў наступныя гады запланавана непасрэдна правядзенне гэтых работ. Таксама пры падтрымцы Сакратарыята Канвенцыі ААН па барацьбе з апустыньваннем і дэградацыяй зямель прыцягнутыя сродкі міжнароднай тэхнічнай дапамогі на аднаўленне не менш як 1000 га парушаных тарфянікаў Магілёўскай вобласці. Вядзецца таксама і падрыхтоўка праекта Закона Рэспублікі Беларусь «Аб ахове і выкарыстанні балот (тарфянікаў)».

— Пэўныя неспрыяльныя ці не вельмі характэрныя для нашых шырот прыродныя з'явы часам адзначаюцца, а са змяненнем клімату яны могуць нарастаць, — прагназуе Андрэй Кузьміч. — Таму своечасовая работа па прадухіленні дэградацыі зямель мае вялікае значэнне для экалагічнай раўнавагі і эканамічнага дабрабыту.

Вольга ПРАЛЮК,

Вераніка КОЛАСАВА

Загаловак у газеце: Каб зямля не стала пустыняй

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.