Вы тут

А-фэст пройдзе ў Лошыцкім парку


У гэту суботу, 11 жніўня, у сталічным Лошыцкім парку ўжо трэці раз пройдзе самы буйны гарадскі опэн-эйр — фестываль піва і ежы А-fest.


Галоўнай адметнасцю фэсту сёлета, паводле слоў арганізатараў, стане так званая зона А-kіtchen: адкрытая кухня, дзе кіраўнік гільдыі шэф-повараў Беларусі Аляксандр Чыкілеўскі прадэманструе гледачам гастранамічнае шоу і пакажа, як прыгатаваць адмысловы бургер з катлетай, вырабленай на аснове... піва.

Акрамя таго, на адзін дзень у парк перабярэцца музей піваварэння — будзе працаваць крэатыўная прастора з некалькімі фотазонамі і інтэрактыўнымі інсталяцыямі, дзе гасцям прапануюць, напрыклад, прайсці лабірынт, намаляваць карціну з дапамогай інгрэдыентаў, што звычайна выкарыстоўваюць бровары, ці сыграць мелодыю на піўных бутэльках.

Агулам жа на фэсце будуць дзейнічаць 30 забаўляльных пляцовак, ад міні-футбола і эстафеты на паласе перашкод да гульні ў даміно, «крыжыкі-нулікі» і інтэлектуальных забаў ды тэстаў.

Уваход на фэст традыцыйна вольны, аднак дзеці да 18 гадоў змогуць трапіць на яго толькі ў суправаджэнні дарослых. Затое для маленькіх удзельнікаў адкрыецца дзіцячы гарадок з канструктарамі «Лега», аквагрымам, незлічонай колькасцю алоўкаў і фламастараў для размалёўвання вялікага пано, марожаным, кукурузай ды квасам. Дарослым жа наведвальнікам традыцыйна прапануюць не толькі разнастайную вулічную ежу, але і некалькі гатункаў піва (у тым ліку безалкагольнага).

І безумоўна, адной з галоўных і вельмі чаканых падзей фестывалю стане інтэрнацыянальная музычная праграма: брытанская поп-спявачка Сафі Эліс Бэкстар і французскі хаўс-поп-дуэт Modjo выступяць на адной сцэне з вядомымі беларускімі калектывамі Bez Not, Akute, :B :N, Tanіn Jazz, гёрл-бэндам Mustelіde і ўлюбёнцамі публікі «Без Білета».

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?