Вы тут

Аграрыі выходзяць на завяршальны этап уборкі ўраджаю


Па аператыўнай інфармацыі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання аграрыям ужо ўдалося сабраць з палёў больш за 4,6 млн тон збожжа. Па стане на 13 жніўня ўраджай убраны з 84,9 % пасяўных плошчаў. Сярэдняя ўраджайнасць па краіне склала 26,9 ц/га.


Па колькасці сабранага збожжа лідзіруе Мінская вобласць — 1217,5 тысячы тон. На другім месцы Брэсцкая вобласць з вынікам у 910,1 тысячы тон, на трэцім — Гродзеншчына, дзе сабралі 840,2 тысячы тон. На Магілёўшчыне вывезлі з палёў 596,9 тысячы тон збожжа. Аграрыі Віцебшчыны і Гомельшчыны адрапартавалі пра 575,8 тысячы тон і 500,4 тысячы тон збожжа адпаведна.

Найбольш блізкія да завяршэння жніва ў Брэсцкай, Гродзенскай і Мінскай абласцях, дзе збожжавыя сабралі з 96,6 %, 93,6 % і 90,8 % пасяўных плошчаў адпаведна.

На Брэстчыне некаторыя гаспадаркі ў Брэсцкім, Камянецкім, Іванаўскім, Столінскім, Бярозаўскім раёнах ужо завяршылі жніво. У Ганцавіцкім і Лунінецкім раёнах збожжавыя ўбраны з 82 % і 85 % плошчаў адпаведна. У Ляхавіцкім, Маларыцкім і Пінскім раёнах аграрыям засталося сабраць збожжа з менш чым 10 % пасяўных плошчаў.

Таксама гаспадаркі пераходзяць да здачы збожжа па дзяржзаказе. Сёлета Брэсцкая вобласць павінна паставіць у дзяржаўныя засекі 122 тысячы тон. Па заданні прадугледжана пастаўка 70 тысяч тон пшаніцы і 45 тысяч тон жыта, а таксама 2 тысяч тон ячменю, па 1 тысячы тон аўса і проса, 3 тысяч тон грэчкі. Да месцаў захоўвання ўжо дастаўлена больш за 90 тысяч тон збожжа, што складае больш за 80 % ад плана.

У Гродзенскай вобласці цалкам завершана ўборачная ў Шчучынскім раёне. Зусім няшмат засталося ўбраць у Гродзенскім і Мастоўскім раёнах. Па 99 % плошчаў убрана ў Ваўкавыскім, Воранаўскім, Зэльвенскім і Іўеўскім раёнах.

Больш за ўсё намалацілі ў Гродзенскім, Карэліцкім, Шчучынскім раёнах — 132 тысячы тон, больш за 82 тысячы тон і больш за 72 тысячы тон адпаведна.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: На фінішнай прамой

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».