Вы тут

Як Максім Багдановіч апынуўся ў ЗША


Шматкультурны абсяг творчых зацікаўленняў песняра чыстай красы, прадстаўлены ў перакладчыцкай дзейнасці, літаратуразнаўчых і крытычных публікацыях, не ў апошнюю чаргу прадвызначыў шырокую геаграфію міжнароднага розгаласу самой спадчыны аўтара «Вянка». Намаганнямі архіўных росшукаў у розных краінах сёння яна мае патэнцыял да свайго істотнага пашырэння і фактаграфічнага ўзбагачэння, а значыць — змены ракурсаў асэнсавання.


Тытульная старонка брашуры «Угорская Русь» М. Багдановіча. ЗША, 1916 г. З фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Украіны імя У. І. Вярнадскага.

Апошнімі гадамі на старонках навуковага і метадычнага часопіса «Роднае слова» я меў магчымасць прэзентаваць невядомыя публікацыі, у тым ліку прыжыццёвыя, беларускага аўтара, што выйшлі ў Берліне, Вене, Ніжнім Ноўгарадзе. Асабліва сенсацыйна выглядала сітуацыя, калі ў фокусе даследчыцкага бачання апынуўся нарыс «Угорская Русь» (1914), украінскае перастварэнне якога, невядомае айчыннай гуманітарыстыцы, пабачыла свет у ЗША ў 1916 г. Ужо сам па сабе гэта беспрэцэдэнтны факт першай прадстаўленасці твораў М. Багдановіча і ўсёй беларускай літаратуры нашаніўскага перыяду ў далёкай заакіянскай краіне. Ён меў за сабой лагічны ланцужок канкрэтных крокаў да ўзаемнага спазнання розных народаў — на фоне маштабных геапалітычных зрухаў і моцнага сілавога поля нацыянальнай ідэнтычнасці, спароджанага Першай сусветнай вайной.

У пачатку ХХ ст. тэрыторыя, вядомая на той час пад назвай Угорская Русь, разам з этнічна блізкімі Галіцыяй і Букавінай, уваходзіла ў склад Аўстра-Венгерскай імперыі, знаходзілася пад непасрэдным пратэктаратам Венгрыі, якая стагоддзямі праводзіла тут палітыку асіміляцыі (мадзьярызацыі) мясцовага насельніцтва. Гэта былі ўскраінныя мясціны, эканамічна і культурна адсталыя ў параўнанні з іншымі землямі дуалістычнай манархіі.

Гісторыка-этнаграфічны нарыс «Угорская Русь» у вядомай сёння спадчыне класіка беларускай літаратуры стаіць поруч з шэрагам прац перыяду Першай сусветнай вайны, якія ў другім томе «Твораў М. Багдановіча» 1928 г. лагічна былі вылучаны ў асобны раздзел «Славянства»: «Украинское казачество», «Галицкая Русь», «Червонная Русь», «Образы Галиции в художественной литературе», «Аб веры нашых прашчураў». Гэта даволі тыповае сярод навукова-папулярных выданняў канца ХІХ — пачатку ХХ ст., што мелі на мэце даць агульныя звесткі пра гісторыю і культуру краю. Тэкст часта суправа-джаўся ілюстрацыйнымі матэрыяламі і дадаткамі: каларытныя тыпы мясцовага насельніцтва, этнаграфічныя карты і інш.

Максім Багдановіч звярнуўся да найбольш яркіх падзей мінулага і сучаснага Угорскай Русі, аўтарытэтных меркаванняў спецыялістаў. Беспрэцэдэнтным, арыгінальным і эмацыянальна-дзейсным ходам арганізацыі тэксту ў М. Багдановіча, як мне бачыцца, было ўвядзенне ў пачатку нарыса разгорнутага ўрыўка з аповесці ўкраінскага пісьменніка М. Кацюбінскага «Цені забытых продкаў» (1912), які выканаў ролю своеасаблівай уверцюры, аб’ектыўна спрацаваў на фарміраванне цікавасці чытача да людзей і прыроды гэтага краю.

Нарыс выйшаў у серыі «Бібліятэка вайны» кнігавыдавецтва Канстанціна Някрасава, грамадскага дзеяча, дэпутата Дзяржаўнай Думы першага склікання, пляменніка паэта Мікалая Някрасава. Разам з М. Дружыніным ён выдаваў у Яраслаўлі газету дэмакратычнага кірунку «Голос», з якой цесна супрацоўнічаў М. Багдановіч. Кнігавыдавецтва было заснавана ў 1911 г. і праіснавала да 1916 г. З ім мелі стасункі вядучыя рускія пісьменнікі таго часу: А. Блок, В. Брусаў, А. Белы, Д. Меражкоўскі, Ф. Салагуб і інш.

Узнікненне выдавецкай кніжнай серыі «Бібліятэка вайны» звязана з пачаткам Першай сусветнай. Тут прадстаўляліся рускія і замежныя аўтары (галоўным чынам французскія — А. Дадэ, Г. дэ Мапасан, П. Мерымэ), якія ў сваёй творчасці закраналі тэму гісторыі антынямецкага супрацьстаяння. Паводле фармату гэта былі невялікія папулярныя брашуры коштам 5—10 капеек.

 У рэкламным каталогу «Бібліятэкі вайны», які друкаваўся на апошняй старонцы кожнага серыйнага выдання, называліся тры працы М. Багдановіча: «Червонная Русь (Австрийские Украинцы)» (NoNo 8—9), «Угорская Русь» (No 24), «Братья-чехи» (No 28). Паводле колькасці выданняў, іх аўтар, поруч з яраслаўскім калегам П. Крыцкім, займаў лідарскія пазіцыі.

Пераклад нарыса М. Багдановіча на ўкраінскую мову ўбачыў свет у эмігранцкім асяроддзі ЗША ў 1916 г. Паводле выхадных звестак, брашура «Угорська Русь» выйшла ў Скрэнтане (англ. Scranton, штат Пенсільванія) у друкарні «Народнай волі», газеты Украінскага рабочага саюза. У названым горадзе ўкраінская працоўная эміграцыя пачала абжывацца з 1870-х гг., першыя перасяленцы былі заняты ў асноўным на капальнях каменнага вугалю.

Русінская сям’я. Малюнак з кнігі «Угорская Русь...» Рыгора Купчанкі, 1897 г.

Традыцыйна вылучаюць чатыры хвалі ўкраінскай эміграцыі. У дадзеным выпадку нас цікавіць першая, звязаная з масавым перасяленнем насельніцтва ў пошуках працы (працоўная эміграцыя) у ЗША, Бразілію, Канаду, Сібір, што пачалася ў апошняй чвэрці ХІХ ст. і працягвалася да Першай сусветнай вайны. Аснову нацыянальнай эміграцыі ў ЗША складалі выхадцы з Закарпацця, Галіцыі і Букавіны, якія на той час былі ў складзе Аўстра-Венгерскай імперыі.

На ўкраінскую мову працу М. Багдановіча пераклаў А. Рэвюк, выхадзец з Галіччыны, якая на той час была ў складзе Аўстра-Венгерскай імперыі, прадстаўнік першай хвалі працоўнай эміграцыі ў заакіянскай краіне.

Амялян Рэвюк (укр. Омелян Ревюк/ Рев’юк; 1887—1972) — амерыканска-ўкраінскі грамадскі дзеяч, журналіст, публіцыст, перакладчык. Адзін з заснавальнікаў Федэрацыі ўкраінцаў у ЗША (1915).

Перакладчыцкі набытак А. Рэвюка прэзентуецца толькі адной друкаванай працай — нарысам «Тарас Шаўчэнка — пясняр Украіны» У. Краніхфельда, рускага пісьменніка і крытыка родам з Пінска.

Структуру асноўнага корпуса тэксту брашуры «Угорская Русь» М. Багдановіча на ўкраінскай мове складаюць прадмова і ўласна тэкст гісторыка-этнаграфічнага нарыса. Ёсць 4 падрадковыя рэдактарскія (перакладчыцкія) заўвагі, якія адзначаюць страчаную актуальнасць некаторых аўтарскіх меркаванняў ваеннага часу, а таксама даюць дадатковую інфармацыю пра дзейнасць згаданых у тэксце асоб (Звездзіч, Васілеўскі, Эган). У перакладзе адсутнічае апошні абзац тэксту М. Багдановіча — трэба думаць, таксама з-за страты сваёй актуальнасці. Вельмі адметная мова выдання — украінская, з выразным захаваннем рэгіянальных асаблівасцей.

Падчас працы над артыкулам для «Роднага слова», апублікаваным у No 1 за 2016 г., аўтар гэтых радкоў меў магчымасць працаваць з экзэмплярам выдання «Угорскай Русі», выяўленым у інтэрнэце. Гэта была сапраўды сенсацыйная знаходка. Адзінае, што трохі засмучала, — асобнік быў абсалютна «чысты», г. зн. не меў аніякіх пазнак, пячатак дзяржаўных бібліятэк ці прыватных кніжных збораў.

Магчымасць папрацаваць у фармаце «дэ візу», шляхам непасрэднага дотыку з аб’ектам даследчыцкай увагі, надарылася падчас знаёмства з фондамі Нацыянанальнай бібліятэкі Украіны імя У. І. Вярнадскага. Пра існаванне гэтага экзэмпляра ў вядучым кнігасховішчы Кіева ведаў раней. Прыцягвала яго адзінкавасць, больш асобнікаў брашуры М. Багдановіча, выдадзенай у ЗША, у еўрапейскіх бібліятэках пакуль што не выяўлена.

У кіеўскім кнігасховішчы «Угорская Русь» захоўваецца ў суседстве з яшчэ адным рарытэтным выданнем М. Багдановіча — нарысам «Червонная Русь (Австрийские украинцы)», добра вядомым беларускім даследчыкам.

Нарыс, выдадзены ў ЗША, — гэта малафарматнае, у далонь, выданне, разлічанае на зручнасць захоўвання, шырокую дэмакратычную аўдыторыю. Мяркуючы па многіх бібліятэчных штампах, брашура вандруе па бібліятэках Украіны пачынаючы з 1934 г. Для яе зроблена адмысловая вокладка. Пра няпросты шлях выдання гаворыць празмерная абрэзка (да самага тэксту) па ніжнім краі.

«Угорская Русь» — выданне, якое дэманструе асобныя грані таленту М. Багдановіча, яго рускамоўную творчасць. Нарыс створаны ў кантэксце шэрага падобных навукова-папулярных прац, запатрабаваных у Расійскай імперыі ў час Першай сусветнай вайны. У аўтара гэтых радкоў было некаторае шкадаванне адносна таго, што ў 1916 г. у ЗША быў апублікаваны пераклад не ўласна беларускамоўнай творчасці песняра чыстай красы. Гэтае пачуццё развеялася, калі быў выяўлены паэтычны, больш ранні, пераклад М. Багдановіча, надрукаваны ў ЗША. І не аднаго яго. У пачатку ХХ ст. стараннямі ўкраінскай эміграцыі ў заакіянскай краіне пабачылі свет творы беларускіх аўтараў нашаніўскага перыяду. Але гэта тэма асобнай гаворкі, што прадвызначана мае адбыцца ў дарагой для кожнага даследчыка аўры сенсацыйнасці, атмасферы радасці архіўнай знаходкі.

Мікола ТРУС, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, дактарант Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі 

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.