Вы тут

«Хто ведаць жадае, хадзіце сюды...»


Не з чужых слоў, а з уласнага назірання ведаю: вельмі часта той, хто рана выходзіць на літаратурную сцяжыну, нярэдка гэтак жа рана сыходзіць з яе. Часам — з-за адсутнасці таленту і належнай працавітасці, а часам — з-за сваёй празмернай самаўпэўненасці і заспакоенасці. А калі ты сапраўды здольны, маеш літаратурны дар, ці можа ён патухнуць як вугольчык у шэрым попеле схаладалага вогнішча?


І яшчэ кажуць: вогнішча, якое спачатку марудна разгараецца, дыміць, слепячы вочы, потым гарыць даўжэй, а разам з гэтым — даўжэй радуе ўсіх, хто прысябрыўся да яго, сваім цяплом, зорным россыпам вясёлых іскрынак. А калі творчасць — тое ж вогнішча?..

Доўга тлеў, пакуль не разгарэўся на ўсю моц, «паэтычны вугольчык» Уладзіміра Мацвеенкі — прызнанага сёння гумарыста і дзіцячага паэта, лаўрэата Літаратурнай прэміі імя Янкі Маўра, вясёлкаўскай прэміі імя Васіля Віткі, уладальніка ганаровага медаля «За вялікі ўклад у літаратуру». Хоць, здавалася б, яшчэ з маленства яе вялікасць Муза не пазбавіла натхнення, улюбёнасці да паэтычнага слова, але далей звычайнага захаплення гаварыць у рыфму чамусьці не пайшло. Не адбылося цуду і тады, калі ўжо крыху пазней, падлеткам, захапіўся музыкай, «брынкаў на гітары, падбіраючы радкі на акынаўскі лад: што бачу, пра тое і пяю». Праўда, як прызнаецца Уладзімір Іванавіч, нешта кволае, падобнае на вершы, у той час пачынала ўсё ж прабівацца. Але ж да занятку літаратурнай працай было яшчэ далёка. Пра яе нават не думалася, бо шмат часу адбіралі жыццёвыя клопаты, вучоба.

Нарадзіўся Уладзімір Мацвеенка ў рабочай сям’і. Да вайны паспеў скончыць пяць класаў мінскай школы. Неўзабаве памёр бацька, і ён разам з маці, братам і сястрою спазнаў усе пакуты нямецкай акупацыі, горыч сірочага хлеба. Пасля вызвалення ад захопнікаў скончыў сямігодку і стаў студэнтам Мінскага палітэхнікума. Служыў у арміі. Вярнуўшыся з войска, працаваў рэтушорам-травільшчыкам, потым інжынерам на прыборабудаўнічым заводзе. Адначасова вучыўся на вячэрнім аддзяленні Мінскага медвучылішча, якое скончыў у 1956 годзе, атрымаўшы прафесію зубнога тэхніка. Доўгі час працаваў ім нават на пенсіі, бо гэтая праца, як і літаратурная, прыносіла яму задавальненне — ён жа дапамагае людзям быць здаровымі, у добрым настроі, пры ўсмешцы. Яму ўдзячныя заставаліся звычайныя вяскоўцы, якія дзясяткамі наведваліся ў абласную стаматалагічную паліклініку. А сам Уладзімір Іванавіч удзячны лёсу, што тут доўгія гады побач з ім працавала зубным урачом Іна Сяргееўна (для яго — толькі Інуся!), надзіва прыгожая, абаяльная і чулая жанчына, якая была яго натхненнем, усяляк спрыяла паэтычным памкненням мужа, але па волі таго ж лёсу заўчасна пайшла з жыцця, напоўніўшы сэрца паэта несуцішным болем, што быў выказаны ім у вянку трыялетаў, дзе ёсць такія радкі:

Я разарваны папалам, што мне рабіць і як мне жыць.

Палова пад зямлёй ляжыць — я разарваны папалам.

Хто дапаможа мне рашыць, сябры, калегі альбо храм.

Я разарваны папалам, што мне рабіць і як мне жыць.

Гэта было ўжо значна пазней... Як жа складваўся літаратурны лёс у маладыя гады?

Браўся за пяро ў арміі, дасылаў у армейскую акруговую газету «Во славу Родины» шарады. Пасля дэмабілізацыі ён, былы старшына мінамётнай роты, адважыўся зрабіць «лірычны залп», выбраўшы сваёй мішэнню рэдакцыю газеты «Сталинская молодежь». Аднак там яго паэтычны залп быццам не заўважылі, далікатна астудзілі... Пяро зноў было адкладзена, і гэтым разам — ужо на шмат гадоў...

Яму ўжо было сорак пяць, калі ўпершыню пераступіў парог рэдакцыі часопіса «Вожык», прынёс туды свае вершаваныя гумарэскі на беларускай мове. Паэт Пятро Сушко, які на той час працаваў там, уважліва прачытаўшы творы сівавусага «пачаткоўца», выбраў ажно... чатыры радочкі:

На рыбалку Федзя едзе.

Не паехаў, не паедзе.

Не да рыбы ўжо, вядома,

Калі добра выпіў дома.

Неўзабаве на старонках часопіса з’явіўся яшчэ адзін верш «Распарадчык». А на наступны год цэлаю абоймай адзначыўся: у «Вожыку» ўбачылі свет пяць баек і вершаў Уладзіміра Мацвеенкі. Так атрымалася, што рэдакцыя «Вожыка» стала «распарадчыкам» далейшага літаратурнага лёсу Уладзіміра Мацвеенкі. Менавіта тут, у бібліятэчцы «калючага» выдання, выйшла першая кніжка паэта «Лекі без аптэкі». Кожны, хто прачытаў яе, змог яшчэ раз пераканацца: у наш сатырычны цэх прыйшоў цікавы, назіральны, сапраўды самабытны майстар-смехатэрапеўт, які добра ведае сакрэты лячэння ад многіх заганных людскіх хвароб — бюракратызму, марнатраўства, хабарніцтва, падхалімства, лайдацтва... І шмат якія творы з той кніжкі — байкі, гумарэскі, карацелькі — дасціпныя, не шматслоўныя, здзіўлялі, міжволі заставаліся ў памяці, на языку, каб потым, пры нагодзе, згадваць іх зноў і зноў. Як, напрыклад, карацельку «Хвалько»:

Расказваў Рак

Суседзям ганарліва,

Што ён запрошаны

На кухаль піва.

Асаблівую вядомасць і прызнанне паэту прынесла творчасць для дзяцей. Рады, што ў свой час, калі працаваў у рэдакцыі часопіса «Бярозка», змог падтрымаць яго першыя крокі па сцяжынцы ў свет дзіцячай літаратуры. Памятаю, зайшоў аднаго дня Уладзімір Іванавіч у рэдакцыю і сціпленька (такая ўжо рыса характару!) падаў мне ладную вязанку вершаў, а сам ціхмяна сеў насупраць, чакаючы прысуду. Не ўсе вершы з той нізкі былі роўныя, але многія з іх падкуплялі навізною тэм, уменнем «выкруціцца», вобразна і па-майстэрску падаць іх. Скажам, што можна было сустрэць тады ў паэтычных кніжках пра захапленне дзяцей спортам? Усё тыя ж звыклыя лыжы, санкі, канькі, купанне. Нічога канкрэтнага. А тут раптам адразу — «Гімнастка», «Юныя фігурысты», «Варатар», нейкі «Віндсерфінг»:

Беленькая кропка сярод хваль мільгае,

вецер нетаропка з сонцам размаўляе.

Вузенькая дошка з хвалямі ў змаганні,

памыліўся трошкі — і ў халоднай “ванне”!

Не дужа соладка, аказваецца, і фігурыстам, у якіх «Быццам бы сястрычкі... рукавічкі, / Быццам бы браточкі, вострыя канёчкі». І ім нялёгка даюцца першыя спартыўныя поспехі:

Ледзь не так ступіў Валодзя —

І... ляжыць ужо на лёдзе.

Слізганула раптам Эла

Ды таксама побач села.

Гэтак вось за разам раз

«Ловіць зайца» кожны з нас.

Значна ўсё было б лягчэйшым,

Каб крыху быў лёд мякчэйшым.

Многа запомнілася з той нізкі. «Бярозка» надрукавала тады адразу сем вершаў Уладзіміра Мацвеенкі. На самым сур’ёзным узроўні: з партрэтам, з прадмоўкай да іх. А мы — пасябравалі.

Можа, памыляюся, але не яны, вершы ды казкі, зрабілі паэта Уладзіміра Мацвеенку, кажучы тэатральнай мовай, майстрам арыгінальнага жанру. Хуткае прызнанне прынеслі яму кніжкі «Загадкі Зайкі-загадайкі», «Азбука ў загадках», «Загаданачка», «Загадкі з хаткі дзеда Уладкі», «Сябрынка», «Сорак скорагаворак»... Не буду цытаваць творы, прывяду толькі некалькі водгукаў на іх з’яўленне ў нашых літаратурных выданнях.

Алесь Карлюкевіч: «У сваіх паэтычных пошуках Уладзімір Мацвеенка, ствараючы загадкі, прытрымліваецца традыцый, якімі ўзбагацілі нашу літаратуру Васіль Вітка, Ніл Гілевіч, Рыгор Барадулін. “Загадкі Зайкі-загадайкі” — своеасаблівая энцыклапедыя, адрасаваная маленькаму чытачу».

Віктар Марозаў: «Кожная чарговая кніга Уладзіміра Мацвеенкі — нязменнае адкрыццё. Уладзімір Іванавіч заўсёды ідзе сваім шляхам, ён далёкі ад традыцыйных сюжэтаў. Ды і жанр, як правіла, выбірае такі, які не кожнаму пад сілу, бо патрабуе асаблівага майстэрства. А што гэта і сапраўды так, лёгка ўпэўніцца, калі пазнаёміцца з яго новай ніжкай “Сорак скорагаворак”...»

Алесь Марціновіч: «...кнігі, падобнай “Сябрынцы”, у беларускай літаратуры да У. Мацвеенкі не было. Пад адной вокладкай сабраны не проста розныя творы, але і змешчаны пачатковыя звесткі пра... літаратуразнаўства. Не здзіўляйцеся — літаратуразнаўства, бо У. Мацвеенка спачатку знаёміць маленькіх чытачоў з адметнасцю пэўнага жанру, а пасля прапануе свае творы...».

Ад сябе дадам: «Сябрынка» — гэта яшчэ займальнае, поўнае фантазіі, досціпу і вынаходлівасці, падарожжа ў таямнічы свет верша, казкі, акраверша і акразагадак, шарад, анонімаў, анаграм, лагагрыфаў, метаграм, каламбураў... Як тут не паўтарыць радкі, якімі пачынаецца адна з яго загадак: «Хто ведаць жадае, хадзіце сюды»! Нездарма гэтая кніжка была заўважана і адзначана згаданай ужо Літаратурнай прэміяй імя Янкі Маўра.

Працуючы над творамі такога «дробнага», здавалася б, жанру, трэба мець, апрача паэтычнага ўмельства, глыбокія энцыклапедычныя веды датычна мовазнаўства і вуснай народнай творчасці. Калі ж гаварыць пра творчасць Уладзіміра Мацвеенкі, дык яшчэ трэба быць не толькі фантазёрам, апантаным творцам, але і жартаўніком, гумарыстам, майстрам, які ведае, чым здзівіць і зацікавіць маленькага чытача. Для іх, дзяцей, ён жыве і працуе, для іх пастаянна шукае. Ёсць у яго сваё правіла: «Для дзяцей трэба пісаць коратка, каб верш адразу ж запомніўся — як толькі прачытаў яго. І доўгіх казак не трэба пісаць: калі казка доўгая — што ж дзіця запомніць?» Думаю, у падмацунак гэтых слоў варта прывесці таксама выказванне нашага народнага пісьменніка і патрабавальнага да слова Янкі Брыля: «Маленькі чытач непадкупна патрабавальны, чулы на праўду і фальш у іх найменшым выяўленні, ён дапускае ў свет сваёй чыстай, паэтычнай душы толькі таго, хто таксама шчыры і закаханы ў прыгожае».

Паэту Уладзіміру Мацвеенку — 90. Толькі палова з пражытага аддадзена творчасці, літаратуры. Магчыма, не ўсё, што задумвалася і хацелася б, змагло ажыццявіцца, стаць старонкамі кніг. Але ж у літаратуры свая мерка: тут усё вызначаецца не колькасцю, а якасцю. Што ж да творчасці гэтага аўтара, дык таўро з адбіткам знака якасці з рук яе вялікасці Музы ён атрымаў па справядлівасці, дзякуючы настойлівасці і нястомнасці пошуку, сваёй зайздроснай працавітасці.

Хоць да нажытых з гадамі хвароб непажадана дадаліся яшчэ і праблемы са зрокам, Уладзімір Іванавіч, як гэта было і раней, ніколі не адмаўляецца ад сустрэч з чытачамі ў мінскіх школах і бібліятэках, дзіцячых садках і студэнцкіх інтэрнатах, захоплена працуе, не час ад часу, а даволі часта працягвае друкавацца ў часопісах «Вожык» і «Вясёлка». За нядаўнія гады змог парадавацца сам і парадаваць шматлікіх чытачоў выхадам трох новых шыкоўна выдадзеных кніг — «Дабранач», «Старонкі з моўнай скарбонкі» і «Займальны родны алфавіт»: тут вершы, казкі, калыханкі, смяшынкі і ўсё тыя ж любімыя ім самыя розныя загадкі, скорагаворкі і каламбуры. Творы, якія міжволі заварожваюць аўтарскай вынаходлівасцю, здзіўляюць багаццем тэм і знойдзеных вобразаў, гульнёвасцю і пазнавальнасцю, трапнасцю рыфмоўкі, умелай інструментоўкі многіх радкоў. Чытаеш і нібыта чуеш падказку паэта: «Глядзіце, якая наша родная мова багатая і непаўторная! Хіба можна яе не любіць, не захапляцца ёю?!»

Даруйце, што я, магчыма, мала прыводзіў радкоўцытат з твораў паважанага мною чалавека і творцы, а болей засяродзіўся на яго жыццяпісе, пражытым і перажытым. Тое, што ён напісаў, можна прачытаць у кніжках паэта. А як ён ішоў да свайго поспеху, да свайго прызнання — ці ж усім вядома? Яшчэ ж я хацеў падкрэсліць, якім пакручастым, неймаверна складаным, нават непрадказальным бывае літаратурны шлях, і каб прайсці яго, трэба мець такі ж талент, такі ж характар, якім надзяліла прырода гэтага сціплага ў жыцці рупліўца.

Мікола ЧАРНЯЎСКІ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.