Вы тут

Агляд літаратурных часопісаў


Нішто не даецца дарэмна

У час, калі асабліва хочацца прыгод, бо сама прырода ў буйным яе красаванні абуджае ў душы прагу нечага яркага, вялікага і сапраўднага, ліпеньскае «Полымя» парадавала прозай Людмілы Рублеўскай. Адкрывае нумар пачатак яе пятай кнігі аб прыгодах алхіміка — «Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара». Пісьменніца вяртаецца да свайго ўлюбёнага героя Баўтрамея Лёдніка (якога палюбілі і чытачы за нязломную здольнасць змагацца ў самых неспрыяльных умовах і перамагаць у самых безнадзейных варунках) і кідае яго ў вір новых выпрабаванняў. Расповед, які ўвесь час трымае ў напружанні, дынамічны сюжэт, нечаканыя павароты і перадусім мудрасць і гумар аўтара — вось за што любяць прозу Л. Рублеўскай. Усё гэта ёсць і ў яе новым рамане.

Даволі нечаканую, непрадказальную развязку мае апавяданне Юльяны Пятрэнкі «Безыменныя прарокі». Высокі пафас у дыялогах герояў становіцца зразумелым, калі ўсведамляеш: дзеянне адбываецца ў псіхіятрычным аддзяленні. Глыбока філасофскі расповед пра нашу рэчаіснасць. Дзе мяжа паміж нармальным і вар’яцкім? Чым больш да яе набліжаешся, тым цяжэй вызначыць... Яшчэ цяжэй вярнуцца, калі ты — па той бок, як галоўная гераіня. «Шлях не абірае цябе. Ты абіраеш яго сама. Упускаеш у сваё жыццё, а потым падпарадкоўваешся. Сцеражыся. Галасы паклічуць і забяруць цябе, як некалі забралі і мяне», — з веданнем справы разважае Прарок (а насамрэч Паэт, які мае праблемы з алкаголем). Ніхто не застрахаваны (а тым больш ніхто з тых, хто абраў сэнсам жыцця Творчасць) ад таго, што калісьці звыклыя абрысы рэальнасці для яго не растануць... Будзь абачлівы і асцярожны, Творца, псіхічна ўстойлівы і трывалы, каб не папоўніць шэрагі тых, каго «забралі Галасы», — перасцярога аўтара зусім не пустая.

Пошукі асабістага шчасця, немажлівасць знайсці сябе ў адзіноце — тэма апавядання Вольгі Нікольскай «Два крокі насустрач...». Галоўныя героі, Андрэй і Галя, тыповыя — сярод самотных людзей шмат прыстойных, выхаваных і разумных. Ніколі нельга апускаць рукі, страчваць надзею, варта шукаць — і знойдзеш, вучыць гісторыя кахання Андрэя і Галі. Калі б яе трошкі перапрацаваць, дадаць больш псіхалагізму і містыкі (а яна прысутнічае ў расповедзе як прарочыя сны Андрэя з нябожчыцай мамай), мог бы атрымацца някепскі сцэнарый для тэлесерыяла.

Айчынныя паэты, прадстаўленыя ў нумары, — Анатоль Зэкаў, Галіна Загурская, Мікола Ждановіч, Міхась Болсун, Тамара Кручэнка, Уладзімір Шпадарук, Ганна Атрошчанка і Стася Кацюргіна — у каторы раз узнімаюць традыцыйныя тэмы традыцыйнымі сродкамі выяўлення, без нечаканасцей. Затое азербайджанскі паэт Фарыд Гусейн, прадстаўлены ў рубрыцы «Галасы свету» вершаванай падборкай «Пашпартны кантроль у сэрцы» ў перакладзе Марыі Кобец, здзіўляе філасофскай нават не глыбінёй, а безданню ў сваіх творах, багаццем алюзій, яркасцю метафар:

На колькі ж локцяў трэба зарыць каханне, / Каб на яго месцы вырасла забыццё, / А пульс перастаў адгукацца на імёны любых?

Хіба толькі тут хочацца запярэчыць аўтару: не варта «зарываць» каханне. Хай яно будзе! Бо нішто не даецца дарэмна...

У рубрыцы «Спадчына» адметная публікацыя Івана Саверчанкі: ім упершыню зроблены пераклад са старадаўняга арыгінала на сучасную беларускую мову «Дзённіка пасольства да цара Міхаіла Фёдаравіча ад караля і вялікага князя Уладзіслава IV» Пятра Вяжэвіча. Твор сведчыць пра насычаныя дыпламатычныя і палітычныя дачыненні паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Маскоўскім княствам у першай палове ХVІІ ст.

Яна БУДОВІЧ


Падарожжа па думках пісьменніка

Паэзія і проза новага нумара часопіса «Маладосць» прысвечана такой, здаецца, простай, але заўсёды новай і незвычайнай тэме, назва якой — падарожжа. Колькі б чалавек ні вандраваў, штораз усё па-іншаму: па цікавасці, цяжкасці ці лёгкасці, ступені актыўнасці, насычанасці ўражаннямі і праз гады памятнымі момантамі. Тое самае і з творамі пра падарожжа, куды б яно ні вяло: у свет Еўропы ці ў сусвет мар.

Паэзія ў нумары прадстаўлена трыма рамантычнымі і летуценнымі асобамі — Алёнай Папко, Аксанай Ючкавіч і Алёнай Беланожкай. У сваіх «Чорна-белых снах» Алёна Папко вандруе ў пошуках таго, што б прымусіла яе сэрца біцца часцей. І не так важна, што гэта будзе: балючае каханне, карціна мастака, сакавітыя яблыкі ці танцы залатых рыбак. Узяўшы с сабой выразны рытм і дасканалую рыфму, крочыць Аксана Ючкавіч, сур’ёзна і ўважліва аглядаючы наваколле, і дзе б ні была, яна кажа: «Клічу цябе» — таго незнаёмца, той вобраз, пра які марыць кожная рамантычная дзяўчына. Працягвае падарожжа паэмай «Акіяны» Алёна Беланожка. Яна захопленая вобразамі, поўная запалу, часам яе радкі крычаць, кожны раздзел — новая танальнасць, напружанне нарастае ўсё больш: яна кахае, шукае, смяецца, галосіць. І вось — усё пачынаецца з новага нараджэння. Наперадзе — новыя акіяны, новае жыццё, непадобнае да папярэдняга.

 Пад назвай «“Маладосць”-летняя: памянялі партфель на сакваяж» выйшлі невялічкія апавяданні адразу некалькіх творцаў. Аляксей Карпека знаёміць чытача з яго асабістай Грузіяй, якую не ўсе бачылі. «Дарогамі грузінскага бадзяння» — бачанне краіны аўтарам, дзе нават дождж «густы, як добрае харчо». Вечныя горы тут супрацьпастаўляюцца зусім нежыццяздольным дому ды плоту. Час падпарадкаваны сезону. Але ўсё гэта няважна, бо тут пануюць сон ды разлажэнне, калі гарады зараз спяшаюцца жыць. Нават у апісаннях вандравання няма актыўных дзеянняў. Сказы створаны для таго, каб канстатаваць рэчаіснасць. Працягваецца цыкл творам Алеся Дваракова «Платформа». Успрыманне аўтарам паездкі ў цягніку адлюстравана ў першым сказе, дзе ён адзначае, што рыхтуецца страціць тры гадзіны ў дарозе. Выпадковая сустрэча двух закаханых наводзіць аўтара на думку, што і на яго платформе будзе панаваць шчасце (гучыць неяк па-дзіцячы і нават не пераконвае). Нізку апавяданняў «Падарожжы» прадстаўляе Цімур Вычужанін, назвы якіх абагульняюць тое, пра што хацеў сказаць аўтар: «Рым», «Гарады», «Стомленасць». У кожным з іх аўтар стварае асаблівую атмасферу, не губляючы стылю аповеду. У Іспаніі аўтар адчуў штосьці накшталт эйфарыі і згубленасці ў часе. Затым яго здзіўлялі людзі, якія перасталі заўважаць велічнасць сваіх гарадоў. На вуліцах Барселоны ён адчуў стомленасць.

Дар’я Значонак прапаноўвае павандраваць чытачу па двух творах — «Аты-баты, йшлі дзяўчаты, аты-баты, на парад...» і «У эфіры — сон». У першым творы з дакладнасцю апісваецца вайсковы парад з пункту гледжання не гледача, а непасрэднага ўдзельніка. Другое апавяданне, як заўважыла аўтар, — вандроўка ў іншы свет, дзе працуюць тыя, хто ўжо завяршыў сваё зямное жыццё. І праца, здаецца, звышкрэатыўная — эфір сну чалавека. Твор амаль поўнасцю складаецца з дыялогаў, поўных эмацыянальнасці і перажыванняў. Цікавае апавяданне стала плёнам арыгінальнай задумы.

Яўгенія ШЫЦЬКА


Згубленыя душы

Сваё «Паэзіі святло» («Поэзии свет») прадстаўляе Алесь Бадак (пераклад на рускую мову Юрыя Шчарбакова). Вершы, строгія па форме і складаныя па змесце, прысвечаны тэме душы і ў гэтым жа кантэксце — тэме паэзіі:

Уходит поэзия с вечных высот,

Где солнцем пронизано слово.

Незрячие души — печальный исход.

Поэзии он уготован?

Нізку вершаў «Зямны абярэг» («Земной оберег») прадстаўляе Валянціна Паліканіна. Лёгка, ёмка, па-летняму задорна гучаць вершаваныя творы. Але ў той жа час ёсць поўныя душэўнага болю, горкага асэнсавання радкі. Часам словы паэта гучаць настойліва і ўпэўнена, не згодныя са становішчам вёскі, роднага краю, з даўно пражытым мінулым. Нізка вершаў Алены Кошкінай «Вось мая доля» («Вот моя доля») напоўнена адчуваннем простага шчасця, веры ў будучыню, надзеяй на лепшае, летуценнасці і пяшчоты.

Прозу ў нумары прадстаўляе Анатоль Зэкаў кароткімі былямі «Віно і хлеб» (пераклад з беларускай аўтара). Тэкст спадабаецца амаратарам простага, народнага гумару, які прымусіць пасмяяцца з таго, з чым мы сустракаемся кожны дзень. Тэматыка разнастайная: здароўе, адносіны ў сям’і, дрэнныя звычкі, розны погляд на рэчы і многае іншае.

Асобна можна адзначыць творы Андрэя Няклюдава «Цешуся, вось і плачу...» («Радуюсь, вот и плачу...») Цікавым па змесце падаецца апавяданне «Бусел». Яно прысвечана тэме вёскі і асаблівасцям менталітэту жыхароў. Галоўны герой — Сцяпан Сотнік, які так і не змог знайсці сябе ў жыцці, хоць меў талент, які мог забяспечыць яго і яго сям’ю. Пасяліўшыся ў нямоглай жанчыны Фаіны, ён, не здатны для простай сялянскай працы (нават плот не рамантаваў, а падвязваў), вырабляў незвычайныя па прыгажосці і майстэрстве драўляныя фігуры. Толькі прапіваў усё, што можна, акрамя гэтых фігур. Вось так і выйшла, што яны ратавалі адно аднаго — яна яго ад п’янства ды галечы, а ён яе ад адзіноты і невыноснай працы. Ды толькі калі жанчына памерла, пакінуўшы яму хату, ён напіўся ды прадаў усе свае вырабы, нават прыгожага бусла, якога гаспадыня прасіла паставіць на яе магілу. Выкупіўшы яго і выканаўшы просьбу, Сцяпан знік назаўсёды.

Тэме дзіцяці на вайне і нявыказанаму, непачутаму гору прысвечана апавяданне «Цягне дзед рэпку» («Тянет дед репку»). Час імчыць, пакаленні мяняюцца, а падзеі, якія паранілі душу маленькай дзяўчынкі на вайне, стаяць перад вачыма ў цяперашніх пажылых людзей. Такі твор не зможа пакінуць чытача абыякавым.

Апавяданне «Доўбень» («Долбень») вылучаецца сярод астатніх твораў Андрэя Няклюдава. У ім распавядаецца пра паводзіны нікчэмнага чалавека сярод крыштальна чыстых пачуццяў. Антыгерой, ад імя якога і вядзецца апавяданне, так і не знайшоў памылак у сваіх «бездакорных» учынках. Нягледзячы на тое, што гутарка пра памерлую аднагрупніцу скончылася забойствам чалавека, ён да апошняга стараецца знайсці той варыянт развіцця падзей, дзе б яго асоба выглядала як мага больш ганарліва і бездакорна.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.