Вы тут

У пастцы сумлення


Прасякнутая болем, пакутамі і прадчуваннем трагічнасці аповесць Уладзіміра Саламахі «Калі ўпадзе адзін...» («Нёман», NoNo 6—7 за 2018 г., пераклад з беларускай Вольгі Нікольскай) знаёміць чытачоў з няпростымі лёсамі двух сяброў, Яўхіма і Іосіфа. Галоўнае месца ў аповесці займаюць успаміны і разважанні герояў, людзей розных пакаленняў і розных поглядаў. Менавіта думкі, а не дзеянні персанажаў даюць чытачу магчымасць зразумець матывацыю ўчынкаў, убачыць гісторыю і кантэкст падзей.


Адчуванне нявызначанасці, нечага невядомага не пакідае чытача да самага канца. Гэтаму спрыяюць удумлівая, павольная, але ў той жа час інтрыгуючая лінія апавядання, шматлікія рэтраспекцыі, глыбокі псіхалагізм у разважаннях герояў, змяшэнне часавых пластоў.

Тэматычны спектр аповесці вельмі шырокі. Даволі падрабязна аўтар ахарактарызаваў чалавека перад тварам вайны, вясковае жыццё ў даваенны і пасляваенны час. Асаблівую ўвагу Уладзімір Саламаха ўдзяляе ключавым катэгорыям свайго твора: сяброўству, каханню, сям’і, маральнаму выбару чалавека і яго наступствам. Герояў хвалююць складаныя пытанні, адказ на якія не заўсёды па-маралізатарску адназначны. Дапамагчы сябру нават тады, калі лічыш яго выбар няправільным? Адкрыць усю праўду, якая параніць яго сэрца? Узяцца за справу, якая, несумненна, прынясе шкоду многім людзям? Адказваць перад законам ці перад сумленнем? Героі твора, прайшоўшы праз гады жаху, адзіноты і непаразумення, знаходзяць адказы на гэтыя пытанні сам-насам і разам.

Вялікую ролю ў сюжэце апавядання адыгрывае падарваная дамба, якую можна назваць штуршком да змянення фізічнага і маральнага стану жыхароў, афармлення кругазвароту, віру, у якім губляюцца галоўныя героі і кружацца да канца свайго жыцця. Па-за гэтым вірам жыцця для герояў амаль не існуе, яны так і не спазналі звычайнага чалавечага шчасця.

Яўхім, які неаднойчы крыўдзіў сябра і праз гады нясе гэты крыж на душы, да апошняга вагаецца, успамінаючы, як не падаў рукі, ды яшчэ і прагнаў у цяжкую хвіліну. Іосіф, наадварот, лічыць сябе вінаватым, чужым для аднавяскоўцаў, хоць жахлівым падзеям ён ніяк не спрыяў. Ён знаходзіць для сябе пакаранне: больш ніколі не вяртацца ў вёску. Прымаючы розныя рашэнні, людзі часта трапляюць у своеасаблівую маральна-этычную пастку. Героі твора прыходзяць да высновы, што менавіта сумленне ў аснове ўзаемаадносін чалавека з людзьмі і светам. І няма больш суровага прысуду, чым той, які чалавек вызначае сабе сам.

Каштоўнасць братэрства і вера ў чалавека — галоўная ідэя твора. Гераіня Тэкля, каханая Іосіфа, увасабляе вобраз пакутніцы. Яна ўпэўнена, што толькі вера ратуе. Калі няма веры ў Бога, то трэба верыць у людскую дабрыню. Матыў братэрства адлюстроўваецца наступным чынам: нягледзячы на ўсе пакуты і страты падчас ваеннага ліхалецця, аднавяскоўцы змаглі аднавіць сваё селішча, не перастаючы быць роднымі адно аднаму. Аўтар апісвае стасункі паміж вяскоўцамі так, што ў чытача ствараецца падманлівае ўражанне, нібыта ўсе яны кроўныя родзічы. Таму аснова вёскі Гуда — сям’я, аб’яднаная не кроўнымі сувязямі, а братэрскімі, і, як многія куткі Беларусі, агульным горам.

Асаблівай увагі, безумоўна, заслугоўвае вобраз Маці, найгалоўнейшы ў аповесці. Менавіта характарыстыка ўзаемаадносін герояў з маці дапамагае чытачу прааналізаваць далейшыя ўчынкі і іх магчымыя прычыны. Для Іосіфа, які страціў родную маці, узорам добразычлівасці і адданасці стала мачаха, а сірата Яўхім так і не зведаў матчынай любові. Гэта вельмі моцна паўплывала на тое, як яны развівалі адносіны з іншымі людзьмі. Уражвае адзін з эпізодаў: калі маладыя хлопцы ішлі на вайну, чалавек, якому ўжо давялося паваяваць, раіў ім для пазбаўлення страху крычаць «Мама!». Самому сабе, Радзіме, роднай матулі.

Твор напоўнены глыбінёй пачуццяў паміж такімі блізкімі і такімі далёкімі людзьмі. Уладзімір Саламаха стварыў традыцыйны для беларускай літаратуры твор, блізкі народу і словам, і духам. Праўда, у перакладзе, як мне падаецца, страчана дзіўная атмасфера нечага сапраўднага, роднага і такога звыклага...

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».