Вы тут

На скрыжаванні Свіслачы і Нямігі


Беларуская проза 1920—1930-х гадоў карысталася вялікай папулярнасцю ў зацікаўленых чытачоў па ўсёй рэспубліцы. А не толькі ў сталічнай творчай тусоўкі, як сёння. Гэтым жа тлумачылася неверагодная папулярнасць твораў Івана Шамякіна, Уладзіміра Караткевіча, Васіля Быкава. Пісьменнікі ведалі, пра што мараць іх патэнцыйныя чытачы, якія сны сняць і нават чым абедаюць. Загадкі тут ніякай не было: у кожным рамане, аповесці ці апавяданні сучаснік бачыў сябе, сваіх суседзяў, бацькоў, калег, свой побыт, сваю гаспадарку. Інакш кажучы, творы былі папулярныя, таму што актуальныя, пісьменнікі бралі тэмы і герояў з сучаснасці. Пазнавальнасць інтрыгавала і заахвочвала.


Страта цікавасці да сучаснай айчыннай літаратуры, думаецца, не ў апошнюю чаргу звязана са зменай кола пісьменніцкіх зацікаўленняў: сучаснасць — тая, якой жыве большасць, амаль ніколі не становіцца асновай літаратурнага твора. І сучаснікі адказваюць узаемнасцю, то-бок абыякавасцю.

Амаль усе галоўныя падзеі ў культурным жыцці краіны адбываюцца ў сталіцы, тым не менш Мінск яшчэ не дачакаўся нейкага адмысловага сталічнага рамана, які б мог доўгія дзесяцігоддзі служыць яго візітоўкай, стаяць на паліцах мінскіх кавярняў у перакладах на розныя мовы.

Арганізатары фестывалю «Горад і Кнігі» сумесна з выдавецтвам «А. Янушкевіч» вырашылі выправіць сітуацыю: нядаўна пабачыў свет зборнік апавяданняў «Мінск назаўжды», дзе героем кожнага твора з’яўляецца беларуская сталіца. Мастак Лілія Бусарава па-майстэрску ўвасобіла творчую задуму кожнага аўтара.

Кніга стала плёнам праекта «10+10»: у зборнік уваходзяць апавяданні і абразкі дзесяці вядомых пісьменнікаў і дзесяці пачаткоўцаў. Вельмі цікавая задума, увасобленая таленавітымі аўтарамі і добрымі апавяданнямі. Праўда, некаторыя тэксты ўсё ж выглядаюць у зборніку выпадковымі. Напрыклад, кароткія празаічныя накіды (не выпадае па-іншаму вызначыць жанр) Аляксандра Паршанкова «Наш горад?», Аляксея Кулакова «Інтэрв’ю», Веранікі Ляўчук «У парку Горкага» і «Сподак з малаком». Ёсць арыгінальныя метафары і сюжэтныя напрацоўкі, але пакуль яшчэ няма іх цэласнага мастацкага ўвасаблення.

Апавяданне Ганны Севярынец «Залатая рыбка», якім распачынаецца зборнік, не самае лепшае, аднак самае змястоўнае ў апісанні мінскай геаграфіі. Пісьменніца пайшла самым простым (у прамым і пераносным сэнсе) шляхам: Саша, дзяўчына з залатымі валасамі (тая самая «залатая рыбка») працуе ў сокабары ў адным са сталічных гіпермаркетаў. Паколькі такая праца нічым не адметная і не вызначае глыбокай духоўнай сутнасці гераіні, Ганна Севярынец прапаноўвае чытачу прайсціся разам з Сашай мінскімі вулкамі праз паркі, праспекты, станцыі метро і крамы... Урэшце склалася ўражанне, што сэнс апавядання быў хіба толькі ў пералічэнні пазнавальных назваў. Палічым яго ўводзінамі ў бязмежны космас беларускай сталіцы, бо для многіх з нас гэта ўжо даўно не проста горад.

Зрэшты, добрым зачынам магло б стаць і апавяданне Яўгеніі Пастарнак і Андрэя Жвалеўскага «Цагліна перапоны» (пераклад з рускай М. Латышкевіч), дзе Мінск паўстае пашанотным юбілярам, які збірае за бяседны стол дарагіх гасцей з усяго свету: Вільню, Маскву, Рым і нават Атаву з Канберай.

Гістарычную частку прадстаўляюць творы Л. Рублеўскай «Староста Юзаф і булачніца Яўдахія», Міхаіла Валодзіна «Пліты крычаць, або Гісторыя пра мінскага Герадота» (пераклад з рускай М. Латышкевіч), Уладзіміра Садоўскага «На крукі свае». І гэта ці не самая моцная частка ў зборніку. Тут усё да месца: ні сам Мінск, ні героі не выглядаюць штучна дапасаванымі да абранай тэмы. Вядома, кожны з аўтараў пры гэтым застаецца яшчэ і адданым сваім мастацкім прыярытэтам. Каларытная булачніца Яўдахія, якая нечакана для сябе самой змагла дагадзіць новаму менскаму старосту Юзафу Радзівілу, але засталася абыякавай да матэрыяльнай выгады (ахвяравала падораныя грошы царкве і працягвала свой сціплы гандаль), арганічна ўпісваецца ў адноўленае фантазіяй пісьменніцы старажытнае «места на скрыжаванні Свіслачы і Нямігі». Прысмак палыну, што адчуў Радзівіл у печыве Яўдахіі, знаёмы многім пакаленням беларусаў, хаця ў апавяданні гэта не філасофскае абагульненне, а надзвычай моцная мастацкая дэталь.

Метафарычны водгалас апавядання Васіля Быкава «Жоўты пясочак» чуем у творы У. Садоўскага «На крукі свае». І вось тут мастацкая дэталь ужо набывае статус філасофскага абагульнення. Мінская камуналка, сярэдзіна 1930-х. Класічнае апісанне начнога арышту орнамі НКУС. Галоўны герой фатограф Міхаіл Пятроўскі неверагодным чынам пазбягае рассрэлу і атрымлівае фантастычную магчымасць уратавацца. Але замест гэтага... вяртаецца назад у расстрэльную машыну, каб дачакацца выканання прысуду. Нават у фантастычнай рэальнасці, дзе раптоўна знікаюць вартавыя, краты і замкі, беларус усё адно адмаўляецца ўзняць бунт супраць наканавання.

Пра гісторыю старых яўрэйскіх могілак, на месцы якіх пабудаваны стадыён «Дынама», і таямніцы надпісаў на надмагільных плітах, распавядае М. Валодзін. Па-іншаму ўспрымаюцца звыклыя мясціны, па-іншаму асэнсоўваецца гісторыя горада, не заўсёды літасцівага і часта не справядлівага да сваіх жыхароў.

«Асмалоўскія казкі» Адама Глобуса ўводзяць нас у напаўрэальны, напаўфантастычны свет гарадскіх дзівакоў, алкаголікаў, ведзьмакоў, мастакоў і міфічных істот, якія дапамагаюць тым, хто ім падабаецца, і шкодзяць тым, каго лічаць занадта правільнымі і зануднымі. Пісьменнік вельмі ўтульна пачуваецца ў такім таварыстве, распавядае пра ўсіх з любоўю і іроніяй. Так што часам нават сам падаецца хітрым падступным Вулічнікам, які стварае прыгоды на роўным месцы для позніх мінакоў.

Працягвае здзіўляць пашырэннем тэм і сюжэтаў у творчасці Маргарыта Латышкевіч. Апавяданне «Тры месяцы да вясны» вылучаецца глыбінёй, не пафасным апісаннем складанага душэўнага стану героя, які нават сам не разумее, што павінен адчуваць. Няма па-настаўніцку сумленнага вытлумачэння эмоцый, Маргарыта Латышкевіч давярае чытачу. І гэта прыемна ўражвае.

Вядома, дзе гарадскія пейзажы, там і гісторыі кахання. Хто шукае каханне (Алена Мальчэўская «Арфей едзе на Плошчу Перамогі»), хто перажывае боль здрады блізкага чалавека (Юлія Алейчанка «Ігар»), а хто проста назірае за выпадковымі мінакамі і чытае па тварах сюжэты іх жыццяў (Яна Гульцяева «Горад»).

Тэматычныя абсягі зборніка заводзяць чытача не толькі ў глыбіні гісторыі, але і ў віртуальныя лабірынты гарадскіх завулкаў. Аліна Длатоўская ведае, што недзе ў гэтым горадзе ёсць кропкі перасячэння з паралельным светам, і калі вы нечым пакрыўдзіце сталічнага лесуна, то рызыкуеце там заблукаць. Святлана Курганава стварыла галерэю партрэтаў людзей, якія штодня сустракаюцца нам у транспарце. Пачытайце: мо нехта пазнае сябе? А калі раптам вы пачуеце замест звыклых назваў прыпынкаў «Мінск-Паўночны» альбо «МінскПасажырскі» нешта больш рамантычнае (напрыклад, «Мінск-Восеньскі», «Мінск-Туманны», «Мінск-Хтанічны»), то не пужайцеся: Аляксей Карпека растлумачыць, што да чаго. І ўсё-такі варта пашукаць тую кавярню з вітражным акенцам, праз якое можна ўбачыць горад такім, якім ён быў гадоў 150 таму. Надзея Ясмінска ведае адрас.

Адным словам, Мінск, увасоблены сілай мастацкага слова ўдзельнікаў праекта «10+10», выглядае не зусім так, як проста вось цяпер за вашым акном. (А можа, гэта і не акно, а купал сувенірнага шклянога шарыка, пад якім мы жывём? Кацярына Захарэвіч не выключае такога варыянта.) Вядома, не кожнае апавяданне гучыць як прызнанне ў каханні нашай сталіцы. Але такой мінскацэнтрычнай кнігі ў нашай літаратуры яшчэ не было.

Жана КАПУСТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».