19 Верасень, серада

Вы тут

Чарэшневы сад. Беларуская версія


Ці рэальна ў нас вырошчваць паўднёвыя дрэвы?

Беларускія вучоныя ўпэўненыя, што чарэшня цалкам заслугоўвае ўвагі садаводаў. На сёння Інстытутам пладаводства НАН Беларусі выведзена больш за дзясятак уласных сартоў і селекцыйная работа працягваецца. Калі раней лічылася, што пладовыя дрэвы варта вырошчваць толькі на поўдні краіны, то зараз дзякуючы марозаўстойлівым сартам чарэшні добра будуць расці па ўсёй Беларусі.


Вядома, выдаткі на закладку такіх садоў могуць быць большымі, чым, напрыклад, пры вырошчванні яблынь. Усё ж трэба ўлічыць і такія нюансы, як абарона насаджэнняў ад птушак, граду, дажджу. Але гэтая культура высокарэнтабельная, і ўсе выдаткі хутка акупяцца. Сёння па якасці беларуская чарэшня не саступае паўднёвай, сярэдняя маса ягады — 6,5 грама, але ёсць і сарты з максімальнай масай плода ў восем грамаў. З такой прадукцыяй можна смела выходзіць на рынак. І калі беларускія садаводы зацікавяцца такой культурай, можна было б істотна скараціць імпарт па чарэшні. Нават грузінскія калегі зацікавіліся распрацоўкамі беларускіх вучоных. Да таго ж беларускія сарты зімаўстойлівыя і адрозніваюцца хуткаплоднасцю — костачкавыя культуры на семянных прышчэпах уступаюць у плоданашэнне на трэці-чацвёрты год.

Яблыні беларускай селекцыі на клонавых прышчэпах наогул даюць ураджаі ўжо на другі год пасля пасадкі. Усё гэта ўплывае на хуткую акупнасць насаджэнняў. Так, адно таварнае плоданашэнне яблынь ужо пакрывае выдаткі на пасадку, таму вытворцы ўважліва сочаць за распрацоўкамі вучоных. І, як паведаміў на прэс-канферэнцыі дырэктар Інстытута пладаводства НАН Беларусі Аляксандр Таранаў, вучоныя гатовыя дзяліцца сваімі селекцыйнымі дасягненнямі, заключаць дагаворы аб вытворчым выпрабаванні найноўшых сартоў.

Трэба сказаць, што інстытут вядзе селекцыю па такіх культурах, як яблыня, груша, вішня, чарэшня, чорныя і чырвоныя парэчкі, агрэст і іншых. Акрамя таго вучонымі праводзіцца актыўная работа па захаванні генетычных рэсурсаў. З 2012 года «садавінная» калекцыя Інстытута пладаводства прызнана нацыянальным здабыткам. На сёння ў ёй больш за пяць з паловай тысяч узораў сартоў 40 культур 110 відаў. Для прыкладу, толькі ў калекцыі вінаграду 510 узораў! Усё гэта захоўваецца ў садах інстытута, якія займаюць вялізныя плошчы. Гэта адзін з найбуйнейшых садоў у Цэнтральна-Усходняй Еўропе, і аналагаў яму ў Беларусі няма. У склад навуковага цэнтра ўваходзіць і Талачынскі кансервавы завод, пад пладовыя насаджэнні якога занята больш за 600 гектараў і дзе новыя распрацоўкі вучоных найперш праходзяць вытворчае выпрабаванне. Напрыклад, па выніках вырошчвання грушы Проста Марыя згаданы сорт, між іншым адзін з найлепшых у Беларусі, быў раяніраваны па Віцебскай вобласці.

Працуюць вучоныя і з культурамі, якія раней не былі характэрныя для беларускіх садоў. Імі сабраная багатая калекцыя па абрыкосе, грэцкім арэху, больш за 30 сортаўзораў персіка. Зразумела, багаты генафонд выкарыстоўваецца і ў селекцыйнай рабоце.

Акрамя таго вучоныя вядуць даследаванні, звязаныя з пошукам замежных сартоў, якія маглі б паспяхова вырошчвацца ў садах нашай краіны. Напрыклад, летась на дзяржаўнае сортавыпрабаванне перададзены сорт ігрушы Талгарская прыгажуня зімняга тэрміну выспявання.

У той жа час беларускія сарты запатрабаваныя за мяжой. У прыватнасці, 16 сартоў пладовых культур раянаваны па цэнтральным рэгіёне Расіі. Хіба гэта не пацвярджэнне добрага патэнцыялу нашых сартоў, якія могуць расці ў розных кліматычных умовах? Беларускія яблыні здольныя вытрымліваць тэмпературы каля мінус 40. Найбольш распаўсюджаныя ў Расіі такія сарты, як Алеся, Антэй, Імант, Весяліна і іншыя, шырокую вядомасць атрымала беларуская груша Проста Марыя з познім тэрмінам выспявання. Добра сябе зарэкамендавалі беларускія сарты і на Украіне, адзін з самых папулярных там — Сябрына — вылучыўся і ўраджайнасцю, і таварнасцю пладоў.

Сярод апошніх сартоў, перададзеных вучонымі на дзяржвыпрабаванне, у тым ліку ўласныя распрацоўкі глогу і каліны. Вучонымі вядуцца выпрабоўванні як для прамысловага, так і для аматарскага садаводства, прычым для апошняга па выніках экспертнай адзнакі праводзіцца больш паскоранае раянаванне сартоў.

Заняліся вучоныя і хмелем. Нядаўна была распрацаваная тэхналогія па яго размнажэнні, выведзены аздароўленыя расліны і закладзены матачнік.

Навуковыя даследаванні праводзяцца таксама ў лабараторыі пчалярства. Сярод апошніх распрацовак — тэхналогія высокашчыльнага апылення садоў. Да нядаўняга часу было рэкамендавана мець дзве сям'і пчол на гектар пасадак, але праведзеныя даследаванні паказалі, што для апылення сучасных, больш інтэнсіўных садоў іх патрэбна каля шасці.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Адзінота і асабліва адзінота ў сям'і — рэальная прыкмета нашага часу.

Грамадства

Усё, што трэба ведаць пра замяшчальную гарманальную тэрапію

Усё, што трэба ведаць пра замяшчальную гарманальную тэрапію

Лішняя вага, бяссонніца, прылівы, парушэнні ціску і астэапароз — далёка не ўсе праявы, якія падпільноўваюць жанчыну ў пэўным узросце. 

Спорт

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Пра знакамітае прозвішча і сучаснасць беларускага хакея.