Вы тут

Пайшоў з жыцця народны артыст Беларусі Мікалай Кірычэнка


Чалавек у белым — адна з яго роляў у спектаклі "Больш, чым дождж". Адна з тых роляў, дзе Кірычэнка рабіў сваю справу вельмі дакладна, але незаўважна. Ён наогул умеў рабіць маўклівыя і нават эпізадычныя ролі, цярпліва чакаючы цягам спектакля адной сваёй рэплікі — тады, калі яму падабалася тое, што адбывалася на сцэне. А яму, здаецца, падабалася ўсё: ёсць артысты для якіх кайф — сама праца. І таму Мікалай Кірычэнка ўжо будучы ў статусе народнага артыста Беларусі не грэбаваў ніякімі ролямі, нават дробнымі — ці то ў тэатры, ці то ў кіно. Пры тым, што за ім былі яркія ролі ў спектаклях па беларускай і замежнай класіцы, дзе ён увасабляў нават каралеўскіх асоб.


Мікалай Кірычэнка ў ролі Лаўрэнція Берыі ў фільме "У жніўні 44-га".

Купалавец, адным словам. За гэтым азначэннем хаваецца адметны сэнс і прафесійныя характарыстыкі: акадэмізм (як дакладнасць і ўзорнасць акцёрскай працы) і жаданне пошуку (бо артыстам заўсёды хочацца больш добрага і рознага матэрыялу). Выхаванец курса Дзмітрыя Арлова ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце, з моманту пераходу ў Купалаўскі тэатр (1971 год) пасля некалькіх гадоў на сцэне Брэсцкага абласнога драматычнага тэатра, Мікалай Кірычэнка быў запатрабаваны заўсёды і рознымі рэжысёрамі. Многія памятаюць яго ролі ў спектаклях Валерыя Раеўскага: ад першага чалавека Адама ў "Страчаным раі" (паводле А. Курэйчыка) да караля Ягайлы ў "Князі Вітаўце" (А. Дударава). З яго ўдзелам жылі на сцэне такія пастаноўкі як "Чорная Панна Нясвіжа" і "Вечар"... Вельмі яркія ролі Кірычэнкі паўсталі ў знакавых спектаклях Мікалая Пінігіна, такіх як "Ідылія", "Пінская шляхта", "Пан Тадэвуш"...

Але прыхільнікі іншага (экперыментальнага тэатра) могуць быць удзячныя Мікалаю Кірычэнку за тое, што ён не баяўся рызыкаваць, выконваючы ролі ў спекталях, якія былі рэжысёрскімі дэбютамі. Адна з самых яркіх работ Мікалая Кірэчынкі — у спектаклі "Крывавая Мэры" (паводле Д. Бойкі), першай пастаноўцы Аляксандра Гарцуева, якая мела фантастычны фестывальны лёс і яшчэ ў 90-я гады паказала: у беларускага тэатра ёсць жаданне рухацца і развівацца, шукаць і спрабаваць новыя формы. Гісторыя сямейная пары, якая страціла каханне, падавалася ў стылі мінімалізму, без якіх бы то ні было сцэнаграфічных эфектаў і трымалася выключна на артыстах Зоі Белахвосцік і Мікалаю Кірычэнку. І хто б гэта здолеў сыграць вось так — проста, без залішніх эмоцый? Але для гледачоў гэта былі суцэльныя эмоцыі!.. Такія ж эмоцыі захаплення выклікалі пластычныя эксперыментальныя пастаноўкі Паўла Адамчыкава (згаданы "Больш, чым дождж" паводле "Чайкі" А. Чэхава" і "С.В"—інтэрпэытацыя чэхаўскага "Вішнёвага саду"). Атрымалася таму, што сабралася кола артыстаў, якія былі гатовыя гэта рабіць па-за працай, дзеля мастацтва, паяднаныя ідэяй. Мікалай Кірэчэнка быў гатовы да работы ў добрай камандзе і ўмеў ацаніць ідэю.

Калі ён працаваў на пасадзе дырэктара Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Янкі Купалы (чатыры гады з 2005-га), то працягваў плынь пастановак па беларускай класіцы. Але стаўшы фактычна чыноўнікам, не сышоў з акцёрскай прафесіі. Адданасць справе і шчырасць — вось што было вызначальным у характары Мікалая Кірычэнкі. І не толькі непасрэдна ў тэатры, але і ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, дзе ён выкладаў акцёрскае майстэрства. Умеў зацікавіць моладзь тым, што наогул адбываецца ў тэатральнай прасторы нашай краіны і ўсяго свету: яго разам са студэнтамі можна было бачыць у якасці гледача самых яркіх прывазных спектакляў.

Адна з апошніх яркіх прэм'ер з удзелам Мікалая Кірычэнкі — "Зямля Эльзы" адбылася амаль паўгода таму. Ён працаваў і не даваў сабе палёгкі, нават калі падводзіла здароўе. Імкнуўся паспець больш. Спыніўся на лічбе 72 гады.

Што застанецца, бо зафіксавана на кінастужку: яркая фактура Мікалая Кірэчынкі была запатрабаваная не толькі ў папулярных расійскіх тэлесерыялах, але і беларускіх карцінах (пачаў здымацца ў 70-я гады), прынамсі, такіх рэзанансных мастацкіх фільмах як "Настасся Слуцкая". У папулярнай карціне "У жніўні 44-га" ў Мікалая Кірычэнкі эпізадычная роля. Але тут яго маўчанне ў кадры вельмі красамоўнае — за ім больш, чым словы...

Рэдакцыя выказвае словы спачування сям'і Мікалая Кірычэнкі і калектыву Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Янкі Купалы.


Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка накіраваў спачуванне родным і блізкім народнага артыста Беларусі Мікалая Кірычэнкі, паведаміла прэс-служба беларускага лідара. «Прыміце спачуванні ў сувязі са смерцю шчырага і абаяльнага чалавека. Свой лёс Мікалай Міхайлавіч звязаў з мастацтвам, прысвяціўшы яму ўсе душэўныя сілы, талент і натхненне», — гаворыцца ў спачуванні.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што творчая дзейнасць Мікалая Кірычэнкі стала неацэнным унёскам у гісторыю сучаснай культуры, з'яўляецца прыкладам для маладых артыстаў, сапраўдным гонарам Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы і айчыннага кінематографа, узорам служэння сваёй краіне.

«Светлая памяць пра Мікалая Міхайлавіча назаўжды застанецца ў нашых сэрцах», — падкрэсліў беларускі лідар.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.