Вы тут

Калі сям'я перастае існаваць як суцэльны арганізм?


З чаго афіцыйна пачынаецца сям'я, пэўна, усім вядома: з адпаведнай пазнакі, пастаўленай у загсе, без якой пражывіце вы разам хоць сто гадоў — на юрыдычнай мове будзеце называцца сужыцелямі, а не мужам і жонкай. А вось у які момант сям'я, скажам так, перастае існаваць як суцэльны арганізм і робіцца паламанай мазаікай?


Пытанне гэта зусім не марнае, як можа здавацца на першы погляд, а, наадварот, вострае і злабадзённае. Вось толькі лічбы Нацыянальнага статыстычнага камітэта: за апошнія пяць гадоў колькасць заключаных у краіне шлюбаў няўхільна скарачаецца (калі ў 2013-м загсы Беларусі зарэгістравалі 87 127 шлюбаў, то летась — усяго 66 215), а вось колькасць разводаў, на жаль, застаецца адносна стабільнай (36 105 скасаваных шлюбаў у 2013-м і 32 006 — у 2017), і каэфіцыент, прабачце, развадзімасці складае 3,4—3,8 на 1000 чалавек насельніцтва.

Але што лічбы, калі тут, зусім побач, — людзі. Часта, вяртаючыся да сваіх герояў — сямейных пар, пра якіх мы пісалі 5—10 гадоў таму, — мы з калегамі з расчараваннем даведваемся, што яны даўно ўжо не пары. Некаторыя, як наша зямлячка спявачка Рыта Дакота, захоўваюць глянцавы інстаграмны статус «шчаслівыя разам» усяго тры гады і разыходзяцца так жа гучна і эмацыянальна, як сыходзіліся. Іншыя, як вядомыя расійскія гумарысты Яўген Петрасян і Алена Сцепаненка, расстаюцца пасля 33 гадоў сумеснага жыцця. І хоць дзеляць сумесна нажартаваную маёмасць інтэлігентна, без лішніх скандалаў і прыцягнення жоўтай прэсы, гэта зусім не смешна...

Наогул, калі глядзіш на медыяперсон, складваецца ўражанне, што развод — гэта нейкі модны трэнд. То скандаліст Шнур, які вярнуўся ў прыстойнае грамадства дзякуючы жонцы Мацільдзе, скасаваў шлюб з ёй — дарэчы, ужо трэці для музыканта. То зорка маладзёжных серыялаў актрыса Настасся Самбурская пасля двух месяцаў (!) сямейнага жыцця з акцёрам і ўладальнікам тытула «Містар Беларусь» Кірылам Дыцэвічам — дэманстратыўна выдаліла ўсе сумесныя фота ў сацсетках і, па чутках, выставіла мужа з дому. То аскараносны рэжысёр Гільерма дэль Тора расстаўся з жонкай пасля 30 гадоў трывалага шлюбу, то Анджэліна Джалі і Брэд Піт, якія сумеснымі намаганнямі разбурылі галівудскую карцінку ідэальнай шматнацыянальнай сям'і, два гады запар высвятляюць адносіны і дзеляць апеку над дзецьмі. Як тут усім астатнім захоўваць веру ў «жылі яны доўга і шчасліва»?!

Дзякаваць богу, ёсць і адваротныя прыклады. Праўда, не такія яркія і заўважныя: нармальныя чалавечыя паводзіны заўжды менш кідаюцца ў вочы, чым скандал і эпатаж. Альбо якраз гэтыя сем'і, якія і праз 5, 10, 20, 40 і больш гадоў разам захавалі гэта самае «разам», у сучасных умовах робяцца выключэннямі, а індывідуалісты-аднаасобнікі, для якіх свабода ад абавязкаў і кампрамісаў важнейшая за ўсё астатняе, — нормай?

Зрэшты, не, занадта сумная выснова атрымліваецца. Магчыма, каб не давесці да такога канца, трэба вярнуцца да пачатку: з чаго пачынаецца сям'я? Вярнуцца, злавіць той момант, калі з двух «я» нарадзілася «мы»... І пранесці яго так доўга, як зможаце. А потым яшчэ крыху.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У 72-м аб'яднаным вучэбным цэнтры юнакі атрымліваюць і грамадзянскія спецыяльнасці

У 72-м аб'яднаным вучэбным цэнтры юнакі атрымліваюць і грамадзянскія спецыяльнасці

72-і аб'яднаны вучэбны цэнтр, што ў Печах, — самая вялікая воінская часць у Беларусі. 

Грамадства

Распавядаем, як арганізавана меддапамога ў Паставах

Распавядаем, як арганізавана меддапамога ў Паставах

Самым аддаленым ад абласнога цэнтра раёне краіны.

У свеце

Чаму Дональд Трамп захацеў набыць Грэнландыю?

Чаму Дональд Трамп захацеў набыць Грэнландыю?

Цяпер гэтая аўтаномная тэрыторыя ўваходзіць у склад Каралеўства Данія.

Грамадства

Школы Гомельшчыны прайшлі праверку на гатоўнасць да навучальнага года

Школы Гомельшчыны прайшлі праверку на гатоўнасць да навучальнага года

Сё­ле­та ў да­школь­ныя ўста­но­вы ра­ё­на прый­дзе 2 700 ма­лых.