26 Верасень, серада

Вы тут

Дызайнерка з Оршы зладзіла вяселле з беларускім каларытам


Вераніка МАШАРСКАЯ, якая вырабляе гальштукі-матылькі з арнаментам (гл. «Звязду» за 09.02.2017 «Эфект матылька, або Мужчыны таксама хочуць быць моднымі»), нядаўна выйшла замуж. Што цікава, ідэя зладзіць свята ў беларускім стылі належыць яе выбранніку Аляксею Валадзько. «Мой муж цікавіцца нашай культурай і гісторыяй. Таму ідэя вяселля па-беларуску была блізкая нам абаім».


Першае маё пытанне пасля таго, як убачыла вясельныя здымкі: «Чаму жаніх не ў вашым рукатворным мятліку?» На што Вераніка толькі ўсміхнулася: «Бо палова гасцей мужчынскага полу на вяселлі была ў маіх тварэннях. Жаніх жа павінен адрознівацца. Таму і спыніліся на беласнежнай кашульцы з чырвоным арнаментам. Для майго таты, як, дарэчы, і для многіх сваякоў, вышыванку зрабіла мама. Сваю ж сукенку яна аздобіла арыгінальнымі каралямі з арнаментам з бісеру, набыла іх у нас у Оршы ў Доме рамёстваў.

— А што гэта за цуда-арнаменты ў нявесты на спіне? Няўжо татуіроўку зрабілі спецыяльна да вяселля? — цікаўлюся ў Веранікі.

— Не. (Смяецца.) Гэта адмысловая вышыўка бісерам. Надзвычай карпатлівая работа. Я вельмі доўга вышывала беларускія ўзоры на празрыстай сетцы. Завяршыла толькі ноччу перад вяселлем. Гэтую кампазіцыю я склала сама: выбірала арнаменты, якія з'яўляюцца абярэгамі сям'і, кахання, роду.

Да свайго вяселля Вераніка з Аляксеем рыхтаваліся старанна і загадзя. Шукалі розную інфармацыю пра беларускія традыцыі. «Увогуле, прыйшлося шмат перачытаць-перагледзець. У асноўным карысталіся інтэрнэтам ці літаратурай у электронным выглядзе, шмат карыснай інфармацыі ўзялі з кнігі «Залатыя правілы народнай культуры» Янкі Крука ды Аксаны Катовіч. Цудоўна, калі б з'явіўся нейкі ўніверсальны дапаможнік, дзе дакладна, ясна і поўна былі б распісаныя ўсе беларускія вясельныя традыцыі (а можа, мы проста не знайшлі такой крыніцы?)».

Маладыя першапачаткова ставілі мэту рабіць не традыцыйнае вяселле, а сучаснае з беларускім каларытам. Таму ўсё, што знайшлі, пра што даведаліся, — адаптавалі пад сябе, пры гэтым пастараліся захаваць сэнс абрадаў. У прыватнасці, не кусалі і не ламалі каравай, а толькі тры разы пацалавалі. Таму што ў Беларусі вельмі шанавалі хлеб і надавалі яму вялікае значэнне на вяселлі, ён лічыўся першым і самым дарагім падарункам навастворанай сям'і. «Таксама я не кідала букецік, бо жаніху і нявесце нельга ў гэты дзень нічога выкідаць ад сябе», — дадае Вераніка. Акрамя таго, маладыя, як было прынята ў нашых продкаў, сядзелі на кажусе.

«Паколькі я дызайнер, ды і нашы дзве сям'і творчыя, усё для афармлення залы (дарэчы, вяселле адзначалі ў аграсядзібе з беларускамоўнай назвай «Сябры і К») рабілі самастойна: запрашальнікі, рассадку гасцей, арку і многае іншае. Аўтэнтычную музыку падбіраў муж, ён у мяне вялікі знаток. Смачныя тарты ў беларускім стылі па нашай просьбе спяклі на Аршанскім хлебакамбінаце. Вядучы — Максім Панчанка з Віцебска — дарэчы, вёў вяселле на беларускай мове. Увогуле, настрой быў вельмі «беларускі».

 

Але ж самае «беларускае» на вяселлі — гэта госці. «Яны малайцы. Усе прыйшлі не на «свадьбу», а на «вяселле». Я, вядома, загадзя ўсім казала, што будзе цудоўна, калі яны нас падтрымаюць сваімі ўборамі, але з агаворкай, што гэта не абавязалаўка. Але ўсе прыйшлі такія прыгожыя, у вышыванках або нейкіх іншых уборах з арнаментам. І падарункі прынеслі таксама з беларускім каларытам, у прыватнасці агародніну са смешнымі вершыкамі-віншаваннямі на беларускай мове, кветкі нашай зямлі — валошкі, рамонкі, лубін, півоні...»

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Фота Наталлі ВАЙТКЕВІЧ

Загаловак у газеце: «Каравай мы не ламалі, букецік нявесты не кідалі...»

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Уладзімір Андрэйчанка расказаў пра найбольш значныя законапраекты

Уладзімір Андрэйчанка расказаў пра найбольш значныя законапраекты

 «Толькі агульнымі намаганнямі мы зможам супрацьстаяць няпростым выклікам часу».

Грамадства

Як у Беларусі абясшкоджваюць боепрыпасы

Як у Беларусі абясшкоджваюць боепрыпасы

​Колішняя Беларуская ваенная акруга лічылася адной з самых магутных у СССР.

Грамадства

Шчырая размова з вядомым педагогам пра бацькоўскія сумненні і страхі

Шчырая размова з вядомым педагогам пра бацькоўскія сумненні і страхі

«Калі ў вас адкрыўся рот, каб накрычаць на дзіця, спыніцеся хоць на секунду…» 

Грамадства

Чым здзівіў сёлета «Кліч Палесся»

Чым здзівіў сёлета «Кліч Палесся»

Этнафэст стаў вядомым далёка за межамі Беларусі.