Вы тут

Як свякроў выбрала сабе нявестку


У наш імклівы час, калі людзі хутка сустракаюцца, сыходзяцца і разбягаюцца, сямейныя пары, якія пражылі разам не адно дзесяцігоддзе, з'яўляюцца сапраўдным астраўком трываласці, надзейнасці, упэўненасці і спакою. «Напэўна, яны валодаюць якімсьці сакрэтам?» — часта думаем мы. І штораз упэўніваемся: сакрэтам з'яўляецца толькі зараджэнне пачуцця кахання, прыязнасці, прывязанасці.

Усё астатняе — штодзённая праца дваіх.


Шка­да, што не бы­ло фа­то­гра­фа на вяс­ко­вым вя­сел­лі ма­ла­дых Вярж­біц­кіх. Але ёсць фо­та та­го ж го­да, зроб­ле­нае ў Мін­ску.

Як прыклад гэтаму — сумеснае жыццё даўжынёй у 60 гадоў Казіміра Ваўжынцавіча і Алы Пятроўны Вяржбіцкіх, жыхароў вёскі Ляды Чэрвеньскага раёна, добра вядомай тут настаўніцкай пары.

...У простай вясковай хаце пануе атмасфера прыязнасці і ўтульнасці. Вокны расквечаны геранню, з-за дзвярэй выглядвае цікаўнае кацяня. Гаспадыні 80 гадоў, гаспадару — за 90, але яны так кранальна турбуюцца адно пра аднаго!

...Пра іх сустрэчу не скажаш — выпадковасць. І ўсё ж лёс вёў маладых людзей насустрач адно аднаму: праз гады, праз вогненныя ваенныя віхры, праз час і прастору.

Тата Казіміра Вяржбіцкага быў піцерскім рабочым. Яшчэ да Кастрычніцкай рэвалюцыі вучыўся спецыяльнасцям слесара і токара ў немца-майстравога. Некалькі разоў ужывую слухаў Леніна, пра што потым неаднойчы ў падрабязнасцях расказваў сыну.

З галоднага Петраграда сям'я каталікоў Вяржбіцкіх, якая стварылася ў 1919-м, са сваім першынцам выехала на лядзенскую зямлю, дзе і асела. Толькі малы ўсё адно памёр. Затым у сям'і нарадзіўся другі сын, а за ім і трэці — Казімір.

Калі ў 1939-м ліквідавалі хутары, Вяржбіцкія апынуліся ў вёсцы Прамень, дзе на машынна-трактарнай станцыі працаваў бацька сямейства. Казімір вучыўся ў розных вясковых школах Чэрвеньшчыны, бо не ўсюды тады былі нават сямігодкі. Восьмы клас і ўвогуле заканчваў у Градзянцы цяперашняга Асіповіцкага раёна, дзе давялося стаць на кватэру.

А тым часам на Барысаўшчыне ў настаўніцкай сям'і Пшыгодскіх нарадзілася дачушка Ала — будучая жонка Казіміра Вяржбіцкага. Пачатак вайны яна сустрэла чатырохгадовай. У сям'і з'явіўся на свет і сын. А тата з фронту так і не вярнуўся. Яго ўдава з дзецьмі вырашыла пераехаць на сваю радзіму — Чэрвеньшчыну.

І ў сям'ю Вяржбіцкіх прыйшло гора. Сын Валянцін, прызваны ў войска напярэдадні вайны, знік без вестак. Казіміру пашанцавала болей. Апынуўшыся на фронце пасля вызвалення Беларусі, ён, малады і неабстраляны, цудам выходзіў цэлым з самых розных сітуацый. Як быццам штосьці вяло яго праз мінныя палі і лініі абстрэлу. Мо бацькоўская малітва?! Паблізу рваліся снарады, траплялі ў аднапалчан, коней... І толькі адзін раз Казімір Вяржбіцкі быў паранены — асколкам у галаву. Таму і сустрэў 9 мая 1945 года ў шпіталі на тэрыторыі Памераніі, але ўжо ачуняўшы.

А зды­мак на­пя­рэ­дад­ні брыль­ян­та­ва­га вя­сел­ля вы­паў го­нар зра­біць мне — аў­та­ру гэ­та­га ма­тэ­ры­я­лу.

Наперадзе яго чакала вайсковая вучоба і далейшая служба. Дадому вярнуўся ў 1947 годзе, з медалём «За адвагу» і ордэнам Чырвонай Зоркі. Алачцы Пшыгодскай на той час было ўсяго 10 гадоў...

Якога лёсу хоча любы бацька для свайго сына? Каб ён займаўся па жыцці сапраўднай мужчынскай справай. Вось і тата Казіміра прапанаваў яму вывучыцца на токара і слесара, каб працаваць разам на МТС. А кім марыць бачыць сваё дзіця любая маці? Паважаным усімі чалавекам, пісьменным і на працы «чыстай». У выніку Казімір паступіў у Мінскае педвучылішча, дзе на той час рыхтавалі настаўнікаў пачатковых класаў, на завочнае аддзяленне, каб мець магчымасць адначасова працаваць па спецыяльнасці. Педагогіка і стала яго лёсам ажно на 46 гадоў. Пачынаў з настаўніка 2 класа Лядзенскай школы. Пасля былі пасады загадчыка, дырэктара некалькіх навучальных устаноў.

Падчас яго дырэктарства ў Рэчкаўскай школе там працавала настаўніцай Эмілія Пшыгодская, чыя дачка Ала пасля заканчэння першай беларускай школы ў Чэрвені паступіла ў інстытут замежных моў, працягнуўшы тым самым педагагічную дынастыю.

Вядома ж, Ала Пятроўна часта бывала ў сваёй мамы, у тым ліку і на працы. Ведала, што там нежанаты дырэктар, якому падбіралася пад 30. Але сказаць, што менавіта тады яны звярнулі адно на аднаго ўвагу, было б няпраўдай. Свавольнік лёс цікавейшы сцэнарый закруціў, дазволіўшы зрабіць выбар... чуйнаму мацярынскаму сэрцу.

Як сёння Казімір Ваўжынцавіч памятае тую размову са сваёй маці, калі яна параіла яму звярнуць увагу на дачушку Эміліі Пшыгодскай. Маўляў, толькі Алачку бачыць яна вернай і любячай спадарожніцай свайму сыну па жыцці. І розніца больш чым у 10 гадоў — не перашкода. Толькі прыгледзецца трэба да дзяўчыны, дакрануцца да яе душы сваёй.

Праўду кажуць, што мацярынскае сэрца — вяшчун. Усё зладзілася ў маладых. Распісаліся. Вяселле згулялі. Разам пачалі будаваць сумеснае жыццё, пераадольваць цяжкасці і нягоды, гадаваць дачушку Галіну і сына Генадзя. На шмат дзесяцігоддзяў лёсам іх стала Лядзенская школа, дзе Казімір Ваўжынцавіч працаваў дырэктарам, а Ала Пятроўна выкладала англійскую і нямецкую мовы, нават некалькі гадоў — яшчэ і на пенсіі.

Гэтая трывалая сям'я, заснавана на даверы, узаемапавазе, узаемаразуменні. Уменне ісці на кампраміс, прамаўчаць у патрэбны момант, саступіць змацоўвала адносіны лепей, чым цэмент камяні!

Што датычыцца праўдзівай гісторыі пра мацярынскі выбар нявесткі, дык яе Казімір Ваўжынцавіч у свой час расказаў дачцэ і сыну, затым — чатыром унукам, двум праўнукам... І гэта сталася ўжо сапраўднай сямейнай легендай Вяржбіцкіх!

Святлана АДАМОВІЧ

Загаловак у газеце: Мацярынскае сэрца — вяшчун

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».