Вы тут

Агульны працоўны стаж сям'і сельскіх настаўнікаў перасягнуў 150 год


Пра былую настаўніцу Ніну Аляксандраўну Трацюк расказала даўні і шчыры сябар нашай газеты Клаўдзія Іванаўна Літвінчук. Яны шмат гадоў працавалі ў адной школе, а пражылі ў адной вёсцы большую частку жыцця.


Ды­рэк­тар Рын­каў­скай шко­лы Аляк­сандр Тра­цюк.

Ніна Аляксандраўна нарадзілася ў канцы 30-х гадоў на хутары недалёка ад вёскі Тэўлі. Пасля вайны, як вядома, пачаўся масавы адыход людзей з хутароў. Яе бацькі Феадосія Васілеўна і Аляксандр Мікалаевіч пабудавалі дом у Тэўлях, куды і перабралася сям'я. Ніна вельмі добра вучылася. Ну а тады самай смелай марай любой вясковай дзяўчынкі было стаць настаўніцай. І яна паступіла ў не так даўно створаны Брэсцкі настаўніцкі інстытут на фізіка-матэматычны факультэт.

Сын Аляксандр дастае сямейны альбом і паказвае студэнцкія фотаздымкі маці. Яна — то на веласіпедзе, то ў спартыўным касцюме. Была актыўная ва ўсіх справах, любіла займацца спортам, адным словам: камсамолка, спартсменка, прыгажуня.

Пасля заканчэння інстытута па размеркаванні Ніна прыехала ў вёску Кабакі Бярозаўскага раёна. Там сустрэла чалавека, які стаў мужам, нарадзіліся дзеці. Потым па сямейных абставінах пераехалі ў Тэўлі, у бацькоўскі дом Ніны. Гэта было, калі старэйшы сын ужо скончыў два класы. Некаторы час нават у Жабінку на работу ездзіла, тут добрыя чыгуначныя зносіны, так што да гэтага населенага пункта цягніком дабірацца ўсяго паўгадзіны. Потым паявілася месца ў Рынкаўскай школе, Ніна Аляксандраўна перайшла туды. Там яны і сустрэліся з Клаўдзіяй Іванаўнай ужо ў якасці калег.

Клаўдзія Літвінчук згадвае, што Ніна была ўзорам настаўніка свайго часу: заўсёды стрыманая, роўная ў адносінах, адзетая ў строгі касцюм ці дзелавую сукенку, як патрабаваў статус настаўніка таго часу. Каб нічога не адцягвала ўвагу вучняў ад тэмы ўрока, выгляд педагога павінен спрыяць дзелавому настрою. Менавіта так выхоўвалі будучых настаўнікаў у ВНУ.

Сельскія школы былі вялікія, класы часам перапоўненыя. Тады, можа, менш увагі ўдзялялі падрыхтоўцы алімпіяднікаў, але так атрымлівалася, што многія з яе выпускнікоў выбіралі сваім лёсам менавіта фізіку і матэматыку.

Не дзіва, што матчынай дарогай пайшлі дзеці. Сыны Ніны Аляксандраўны Анатоль і Аляксандр таксама паступілі на той жа факультэт, які раней скончыла іх маці. І толькі адзін сын выбраў іншую прафесію — стаў інжынерам. Пасля атрымання дыпломаў Анатоль Пятровіч і Аляксандр Пятровіч паехалі на работу ў сельскія школы, іх жонкамі, як часцей за ўсё бывае, таксама сталі каляжанкі. Так паявілася магчымасць гаварыць пра дынастыю Трацюкоў.

Аляксандр Трацюк па размеркаванні трапіў у Навасёлкаўскую сярэднюю школу Кобрынскага раёна, дзе працуе ўжо амаль 35 гадоў. А калі ў сям'і ўжо было трое дзяцей, прыйшла бяда. Трагічна загінула жонка. На сямейным савеце вырашылі, што з бацькам застаецца толькі старэйшы сын. А малыя Саша і Света, якім было пяць і сем гадоў адпаведна, пераязджаюць да бабулі. І Ніна Аляксандраўна замяніла ўнукам матулю. Ёй нават давялося выйсці на датэрміновую пенсію, бо сумяшчаць выхаванне дзяцей з работай у школе, якая знаходзілася за пяць кіламетраў ад дома, стала складана.

За­сна­валь­ні­ца на­стаў­ніц­кай ды­нас­тыі Ні­на Аляк­санд­раў­на Тра­цюк.

Святлана згадвае свае дзіцячыя гады з вечнымі бабулінымі клопатамі пра іх. А вось у вучобе паблажкі не давала: хатнія заданні правярала заўсёды, калі нешта не так, прымушала перапісваць, каб было правільна і прыгожа. Ці варта здзіўляцца, што Аляксандр і Святлана сталі настаўнікамі і выбралі сваёй спецыяльнасцю фізіку і матэматыку?

Святлана Аляксандраўна зараз жыве ў Жабінцы, працуе ў Хмелеўскай сярэдняй школе, выкладае матэматыку. У яе самой ужо трое дзяцей. І старэйшы сын, якому 12 гадоў, на радасць маці дэманструе здольнасці да навук дакладных. На маё пытанне аб прафесіі мужа Святлана смяецца: «Не, ужо настаўнікаў нам дакладна хопіць. Ён таксама з дынастыі, якая ідзе ад бабулі — дынастыі чыгуначнікаў, і працуе ў гэтай галіне».

Брат Святланы, Аляксандр Аляксандравіч Трацюк таксама не асабліва задумваўся над выбарам прафесіі, у 2004 годзе пайшоў вучыцца ва ўніверсітэт, які ў розны час скончылі бабуля, бацька, дзядзька. І ў якасці настаўніка фізікі вярнуўся ў былую бабуліну школу, а ў 2012 годзе стаў яе дырэктарам.

— Рынкаўскай школе не так даўно споўнілася 90 гадоў, — праводзіць экскурсію па яе калідорах малады дырэктар. — Яна не можа пахваліцца сучаснымі інтэр'ерамі, еўравокнамі, але ўсё неабходнае для работы ёсць. А пахваліцца можна хіба толькі вялікай гісторыяй, добрымі традыцыямі.

На жаль, мы не змаглі зайсці ў музейны пакой, які з любоўю стваралі многія пакаленні педагогаў — тут у самым разгары рамонт, многія памяшканні аддаюць свежай фарбай, школа рыхтуецца да прыёмкі.

У гэтым годзе яе сцены пакінулі дзевяць выпускнікоў. А ўсяго вучэбны год закончылі 75 вучняў. І ўсіх дзяцей прывозіць аўтобус з навакольных вёсак, у Рынках не засталося ніводнага жыхара школьнага ўзросту. Таму з наступнага года школа будзе базавай — такое рашэнне прынята ў раёне. У гэтай жа школе працуюць Анатоль Пятровіч Трацюк і яго жонка Наталля Віктараўна, настаўніца мовы і літаратуры.

Аляксандр Пятровіч Трацюк, гартаючы сямейны альбом, сказаў, што насамрэч уплыў маці не толькі на выбар прафесіі, нават на яго прафесійны почырк быў каласальны. «Першыя гады лавіў сябе на тым, што ў нечым капірую маму на ўроках, — згадвае Аляксандр Пятровіч. — І гэта, відаць, нармальна. На першым часе я заўважаў, што крыху паўтараю манеру інстытуцкага прафесара Георгія Шульмана, нашага дэкана Яўгена Праліска. Потым у працэсе працы нараджаецца і вышліфоўваецца свая манера. І ўжо на ўроках маладых калег заўважаю, што нешта запазычваюць у мяне. Цяпер дзеці карыстаюцца інтэрнэтам, яны больш развітыя і прасунутыя ў плане інфарматызацыі. Але яны амаль зусім не чытаюць кніг, у іх слоўнікавы запас меншы, чым у равеснікаў дваццаць гадоў таму. Ёсць свае асаблівасці ў выкладанні прадмета, у рабоце наогул. Ды некаторыя рэчы застаюцца нязменнымі. Мы ўсе да гэтай пары карыстаемся бібліятэкай, якую збірала мама. Многія метадычныя рэкамендацыі, ды і іншыя дапаможнікі, актуальныя. Цяпер такой літаратуры не знойдзеш».

Шмат гадоў таму, калі Ніна Аляксандраўна яшчэ працавала, яе разам з сынамі аднойчы запрашалі ў вобласць на ўшаноўванне настаўніцкіх дынастый. З гэтай нагоды засталіся здымкі ў сямейным альбоме. А зараз да гадавіны смерці бабулі яе ўнук Аляксандр вырашыў зрабіць асобны альбом, цалкам прысвечаны Ніне Аляксандраўне Трацюк, вясковай настаўніцы, заснавальніцы дынастыі.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Кобрынскі раён

Загаловак у газеце: «Да гэтай пары карыстаемся мамінай бібліятэкай»

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.