Вы тут

Аб чым прасілі ўладу беларускія пісьменнікі з нагоды 10-годдзя БССР


Згодна з пастановай Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі ад 21 ліпеня 1928 года была створана Цэнтральная камісія па падрыхтоўцы святкавання дзесяцігоддзя БССР. Узначаліў камісію сакратар ЦВК А. І. Хацкевіч. Камісіі па падрыхтоўцы свята былі таксама арганізаваны пры акруговых і раённых выканаўчых камітэтах і гарадскіх саветах. Па распрацаваным і зацверджаным Цэнтральнай камісіяй плане правядзення мерапрыемстваў паўсюдна праводзіліся лекцыі па гісторыі стварэння савецкай рэспублікі, вечары памяці загінулых у барацьбе рэвалюцыянераў і чырвонаармейцаў, мастацкія выстаўкі на гістарычную тэму.


Сцяпан БУЛАТ.

Гаворачы аб мерапрыемствах, якія праводзіліся ў рэспубліцы да дзесяцігоддзя БССР, нельга не спыніцца на адным цікавым дакуменце, які захоўваецца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь. Гэта — калектыўны ліст беларускіх пісьменнікаў: Змітра Жылуновіча, Міхася Чарота, Янкі Купалы і Якуба Коласа, які яны накіравалі ў прэзідыум ЦВК 27 ліпеня 1928 года, адразу пасля абнародаваных у друку мерапрыемстваў да юбілею рэспублікі. Ліст надрукаваны на машынцы, а подпісы зроблены чарнілам. Прыводзім тэкст ліста поўнасцю:

«Ужо мінула сем гадоў з дня смерці маладога энергічнага барацьбіта і сябра ЦВК Сцяпана Булата і шэсць гадоў з дня смерці вядомага працаўніка па адраджэнні беларускага працоўнага народа і беларускай дзяржаўнасці сябра Алеся Бурбіса.

Да гэтага часу, аднак, мы не паспелі ўшанаваць іх магілы, якія нават згубіліся на могілках. Некалькі разоў паднімалася пытанне на старонках друку аб патрэбе паставіць помнікі дарагім нам таварышам, а былая «Секцыя рэвалюцыйнага руху» пры Інбелкульту ўжо было заказала самыя помнікі муляру. Між тым секцыю ліквідавалі, а ўзнятае ў газетах пытанне нікога не кранула, і справа зацягнулася да гэтага часу.

Нам здаецца, што мы ўжо дараслі да таго, каб умець шанаваць дарагіх нам і ўсяму працоўнаму народу людзей, а за гэтым павінны ўзмацніць сваё дбанне пра нябожчыкаў.

Выходзячы з гэтага, мы просім Прэзідыум ЦВК прызнаць патрэбу ў шанаванні магіл А. Бурбіса і С. Булата і асігнаваць пяць тысяч рублёў на балясы і надмагільныя камяні на іх магілах».

Атрымаўшы гэты ліст ад вядомых беларускіх пісьменнікаў, Цэнтральная камісія па падрыхтоўцы і святкаванні 10-годдзя БССР ужо 2 жніўня правяла пасяджэнне і ўнесла дапаўненне ў план мерапрыемстваў: «Зрабіць пабудовы помнікаў на магілах загінулых барацьбітоў-рэвалюцыянераў: Булата, Бурбіса, Апанскага і Даўмана».

Дык хто ж яны такія, гэтыя барацьбіты, што такое зрабілі для Беларусі, калі нашы славутыя песняры так клапаціліся аб ушанаванні іх памяці? Звернемся да Энцыклапедыі гісторыі Беларусі.

Булат Сцяпан Герасімавіч нарадзіўся ў 1894 годзе ў вёсцы Слабада Уздзенскага раёна. Скончыў Мінскія настаўніцкія курсы, нейкі час працаваў настаўнікам. У 1916 годзе мабілізаваны ў армію, дзе знаходзіўся да снежня 1917 года.

У час акупацыі Беларусі польскімі войскамі займаўся арганізацыяй партызанскага руху на Міншчыне. Пасля вызвалення Мінска ўступіў у члены камуністычнай партыі; працаваў у Мінскім губернскім аддзеле народнай асветы. Са жніўня 1920 года — загадчык аддзела ЦК КП(б)Б па рабоце ў вёсцы, адначасова выконваў абавязкі рэдактара газеты «Савецкая Беларусь». Булат таксама заснаваў і рэдагаваў газету «Белорусская деревня».

З мая 1921 года С. Г. Булат працаваў трэцім сакратаром ЦК КП(б)Б і загадчыкам агітацыйна-прапагандысцкага аддзела.

21 ліпеня 1921 года ва ўзросце 27 гадоў Сцяпан Булат нечакана памёр. Яго памяці беларускія паэты Я. Купала, М. Чарот і З. Бядуля прысвяцілі свае вершы.

Алесь БУРБІС.

Другі вядомы дзеяч беларускага нацыянальнага вызваленчага руху, адзін з заснавальнікаў Беларускай Сацыялістычнай Грамады Аляксандр Лаўрэнавіч Бурбіс нарадзіўся ў Вільні ў 1885 годзе.

З ліпеня 1921 года — намеснік народнага камісара замежных спраў, адзін з арганізатараў Чырвонага Крыжа БССР, член ЦВК Беларусі.

А. Л. Бурбіс вядомы таксама як даследчык гісторыі Беларусі. Ён з'яўляецца аўтарам даследаванняў па эканамічнай геаграфіі, гісторыі і этнаграфіі. Бурбіс — адзін з заснавальнікаў беларускага прафесійнага тэатра, шмат увагі ўдзяляў драматычным гурткам, вечарам, удзельнічаў у рабоце Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага. Алесь Бурбіс выступаў як акцёр і чытальнік вершаў, рэжысёр, паставіў некалькі спектакляў.

Памёр Алесь Бурбіс у росквіце творчых сіл, калі яму было толькі 36 гадоў.

У лісце пісьменнікаў да ўрада рэспублікі нічога не гаворыцца пра месцы могілак, дзе былі пахаваны Сцяпан Булат і Алесь Бурбіс і дзе, спадзяёмся, напярэдадні святкавання дзесяцігоддзя БССР на іх магілах былі ўсё ж такі ўстаноўлены памятныя камяні з адпаведнымі тэкстамі.

З надзеяй убачыць магілы беларускіх дзеячаў вясной гэтага года я наведаў мінскія вайсковыя могілкі, дзе ў свой час было пахавана шмат вядомых людзей. Але адміністрацыя могілак таксама ніякіх звестак пра пахаванне там Булата і Бурбіса не мае. Няма звестак пра іх пахаванне і на Кальварыйскіх могілках.

Магчыма, яны былі пахаваны на Старажоўскіх могілках, якія зачынены і зруйнаваны яшчэ ў пяцідзясятых гадах мінулага стагоддзя?..

Спадзяёмся, што недзе ёсць звесткі пра лёс іх магіл і з дапамогай гэтай публікацыі да канца адкрыецца гісторыя пра славутыя імёны нашай Бацькаўшчыны, пра ушанаванне памяці якіх так клапаціліся беларускія пісьменнікі.

Генадзь Баркун, гісторык

Загаловак у газеце: «Мы ўжо дараслі да таго, каб умець шанаваць дарагіх нам і ўсяму працоўнаму народу людзей...»

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.