Вы тут

Віцебскай губернскай міліцыі ўчора споўнілася 100 гадоў


Віцебскай губернскай міліцыі ўчора споўнілася 100 гадоў. Сярод шматлікіх віншаванняў было і ад міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча.


«Гэтае свята — даніна павагі найлепшым традыцыям служэння народу і краіне, якія закладваліся многімі пакаленнямі праваахоўнікаў рэгіёна. Адзначаючы векавы юбілей, вы маеце права ганарыцца сапраўднымі прафесіяналамі, для якіх служба ў органах унутраных спраў гэта не толькі пакліканне — гэта лёс і цэлае жыццё. Подзвігі супрацоўнікаў, якія не шкадуючы сябе абаранялі законныя інтарэсы і правы грамадзян, — вось той трывалы падмурак, на якім вам трэба будзе будаваць найноўшую гісторыю сваіх падраздзяленняў», — павіншаваў падначаленых генерал-лейтэнант міліцыі.

На яго думку, асаблівы гонар выклікае тое, што расце колькасць міліцэйскіх дынастый, якія беражліва захоўваюць і прымнажаюць традыцыі бацькоў і дзядоў.

«Прадстаўнікі старэйшага пакалення міліцыянераў — узор самаахвярнага служэння Айчыне. Ім — словы ўдзячнасці і шчырыя пажаданні добрага здароўя і бадзёрасці духу», — падкрэсліў член урада.

У сваю чаргу з юбілеем павіншаваў калег і ветэранаў начальнік УУС Віцебскага аблвыканкама, генерал-маёр міліцыі Іван Кубракоў.

«Векавы летапіс нашай гісторыі ўвабраў у сябе незлічонае мноства яркіх сведчанняў бескарыслівага служэння Радзіме і вернасці прысязе. За гэтымі словамі — напружаная праца і бяссонныя ночы ўсіх, хто служыў і служыць у органах унутраных спраў. Гэта моцныя і бясстрашныя людзі, вопытныя спецыялісты, якія абралі складаную прафесію, якая патрабуе ад кожнага работніка высокай прафесійнай падрыхтоўкі і адказнасці. А гэта дадзена не кожнаму», — канстатаваў ён.

15 жніўня 1918 года было створанае Віцебскае губернскае ўпраўленне, якое і ажыццяўляла агульнае кіраўніцтва органамі аховы правапарадку.

Ганаровыя мерапрыемствы ў абласным цэнтры ў сувязі з юбілеем арганізуюць пазней. «Звязда», у якой нямала падпісчыкаў сярод міліцыянераў, абавязкова пра гэта раскажа.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?