Вы тут

Як засцерагчыся ад кішэчных інфекцый


...У Крычаве шпіталізавана пяцёра работнікаў прадпрыемства па вырошчванні грыбоў шыітаке. Пакуль высвятляецца канчатковы дыягназ, і медыкі не спяшаюцца сцвярджаць, што гэта было масавае атручванне. Але летняя спякота — менавіта той час, калі колькасць кішэчных інфекцый узрастае. Як ад іх засцерагчыся, нагадалі спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.


Як не захварэць дома...

Колькасць вострых кішэчных інфекцый, якая традыцыйна расце ў летні перыяд, сёлета застаецца на ўзроўні мінулага года. З пачатку 2018-га ў Беларусі зарэгістравана каля 8 тысяч выпадкаў кішэчных інфекцый, з іх вострых — 6 тысяч. Выпадкаў брушнога тыфу і паратыфаў (кішэчных інфекцый, якія выклікаюць мікраарганізмы роду сальманела) з пачатку года ў краіне ўвогуле не выяўлена. Напалову ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года знізілася захваральнасць гепатытам А (вірусная інфекцыя, якая перадаецца праз ваду і прадукты харчавання). Затое колькасць некаторых іншых інфекцый вырасла. Напрыклад, амаль на трэць павялічылася захваральнасць сальманелёзам (інфекцыя, якая сустракаецца ў свойскай птушкі і жывёлы і перадаецца ў асноўным праз мяса і мясныя прадукты).

— Больш чым у васьмі дзясятках выпадкаў прычынай стала ўжыванне прадуктаў, якія неналежным чынам захоўваліся ў хатніх умовах або гатаваліся там жа з парушэннем тэхналогіі апрацоўкі, — адзначыў загадчык проціэпідэмічнага аддзялення Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Дзмітрый Галоцік. — У той жа час гэтым летам не зарэгістравана выпадкаў атручванняў прадуктамі харчовай прамысловасці ў арганізаваных калектывах.

Як нагадаў урач-гігіеніст аддзялення гігіены і харчавання Юрый Гаранюк, варта быць пільнымі і пры зборы грыбоў, не збіраць падазроныя, старыя і тыя, што растуць побач з трасамі і ў межах гарадоў. Гэтак жа быць уважлівымі рэкамендуюць пры выбары прадуктаў у крамах, звяртаючы ўвагу на тэрмін прыдатнасці. Асаблівую пільнасць у спякоту варта праяўляць пры набыцці садавіны і агародніны, а таксама ягад, у прыватнасці кавуноў. Трэба памятаць, што кавуны, якія складаюцца з цукрознай вадкасці, — выдатнае асяроддзе для развіцця мікраарганізмаў.

...і за мяжой

Дзмітрый Галоцік падкрэсліў, што летам узрастае верагоднасць атрымаць кішэчную інфекцыю падчас купання ў вадаёмах. Для адпачынку і купання гігіеністы раяць выкарыстоўваць дазволеныя для гэтага месцы. І нагадваюць, што ў забароненых для купання вадаёмах рызыка заражэння кішэчнай інфекцыяй павялічваецца. Асаблівую ўвагу трэба ўдзяляць гэтаму за мяжой — у вадаёмы, у тым ліку ў мора, могуць адводзіцца сцёкавыя воды.

— Летась гэта была вялікая праблема. У нас высокая ступень ачысткі сцёкавых водаў, але трэба памятаць, што такая сітуацыя не ва ўсіх краінах, — папярэджвае Дзмітрый Галоцік. — З гэтай прычыны не пажадана ўжываць вустрыцы, мідыі, іншых малюскаў, вылаўленых у прыбярэжнай зоне і прыгатаваных у кафэ ці набытых на рынку.

У многіх краінах з цёплым кліматам нашмат больш распаўсюджанымі, чым у Беларусі, з'яўляюцца гепатыт А, дызентэрыя, халера і іншыя інфекцыі. Таму расслабляцца цалкам на адпачынку ўсё ж не варта. Перад паездкай пажадана высветліць сітуацыю з інфекцыямі ў краіне, у якую накіроўваецеся. Не захапляцца экзатычнымі стравамі і не ўжываць не да канца прыгатаваныя прадукты, у прыватнасці, дрэнна прасмажанае мяса, якое з'яўляецца крыніцай як інфекцыйных, так і паразітарных хвароб. Харчавацца лепш у рэкамендаваных тураператарам месцах. І выкарыстоўваць надзейную крыніцу чыстай вады, а таксама ўжываць або свежавыціснутыя сокі, або напоі, якія падвяргаліся награванню.

— Для прафілактыкі халеры можна выпіваць ці з'ядаць штосьці кіслае, — раіць Дзмітрый Галоцік. — Варта звяртаць увагу на стан здароўя і пры першых сімптомах звяртацца да ўрача. Трэба памятаць, што такія прэпараты, як «стопдыяр» — часовыя сродкі, якія можна выкарыстоўваць, каб дабрацца да ўрача, яны не падыходзяць для лячэння і працяглага прыёму.

Правілы, якімі неабходна кіравацца

  • Падтрымлівайце чысціню ў тых месцах, дзе гатуеце ежу.
  • Аддзяляйце сырыя і прыгатаваныя прадукты. Для апрацоўкі сырых прадуктаў карыстайцеся асобнымі кухоннымі прыладамі.
  • Прытрымлівайцеся тэхналогіі прыгатавання, добра прасмажвайце і прапарвайце прадукты.
  • Захоўвайце прадукты пры бяспечнай тэмпературы. Калі яны доўга захоўваліся ў халадзільніку, абавязкова разагравайце пры тэмпературы не менш за 60—70 градусаў. Не захоўвайце прыгатаваныя стравы пры хатняй тэмпературы больш за дзве гадзіны.
  • Выбірайце свежыя і не сапсаваныя прадукты. Ад тых, у якіх сышоў тэрмін прыдатнасці, без шкадавання пазбаўляйцеся.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: «Сюрпрызы» лета

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?