Вы тут

У Мінску стартавала акцыя «Клас» кіроўцу


Цікавая і карысная ва ўсіх сэнсах акцыя запушчана 15 жніўня сталічным ДАІ і мабільнай праграмай па ПДР «АўтаКлас». Накіравана яна на тое, каб зменшыць колькасць ДТЗ на дарогах, у прыватнасці, на нерэгулюемых пешаходных пераходах. Сутнасць у тым, каб пешаходы дзякавалі кіроўцы, які прапусціў іх на пераходзе, жэстам: падымалі вялікі палец — ставілі яму «клас». Такая абавязковая мадэль узаемнай ветлівасці, якая павінна прыйсціся даспадобы і аўтамабілістам, і пешаходам.


Як заўважыў намеснік начальніка УДАІ ГУУС Мінгарвыканкама Андрэй Зыранаў, за першае паўгоддзе адбылося 106 ДТЗ з удзелам пешаходаў. Пытанне ўзаемнай ветлівасці важнае перш за ўсё на пешаходных пераходах. Часта бывае так, што пешаход ідзе па «зебры» па ўсіх правілах дарожнага руху і «забывае» аб машынах, а кіроўца, па няўважлівасці або з іншай прычыны, налятае на яго. Неабходна, каб і аўтамабіліст, і пешаход бачылі адзін аднаго, не выпускалі з-пад увагі і зводзілі да нуля магчымасць ДТЗ. Таму вітаюцца любыя акцыі, здольныя знізіць аварыйнасць і павысіць увагу ўдзельнікаў дарожнага руху.

Як растлумачыла адзін з арганізатараў акцыі, выканаўчы дырэктар ТАА «Аўтамабайл» Вераніка Гапеева, асноўная ідэя — устанаўленне дыялогу паміж кіроўцам і чалавекам, які пераходзіць вуліцу. А паколькі вярбальны дыялог у гэтым выпадку немагчымы, знайшоўся выхад у выглядзе візуальнага дыялогу. Гэта значыць, пешаход, які крочыць па нерэгуляваным пераходзе, павінен паглядзець на кіроўцу і паказаць яму «клас» — падняць вялікі палец рукі. Сказаць своеасаблівае «дзякуй». Такім чынам, у пешаходаў з'явіцца звычка дзякаваць кіроўцам і ўважліва чакаць, пакуль кіроўца іх прапусціць. А кіроўцам, у сваю чаргу, будзе больш прыемна прапускаць пешаходаў, і яны таксама будуць больш пільныя.

У падтрымку гэтай акцыі па горадзе развесяць білборды і ўсталююць дарожныя знакі з хэштэгам #клас_вадзіцелю — яркія і пацешныя малюнкі «палец уверх», а таксама іншыя выявы. «Візуалы» паставяць так, каб не адцягваць увагу кіроўцы: на пешаходных дарожках паблізу ажыўленых нерэгулюемых пераходаў. Якіх-небудзь змяненняў у ПДР не адбудзецца. Акцыя носіць адукацыйны і выхаваўчы характар і скіравана больш на пешаходаў. Хоць, як было сказана, яна заклікана павысіць культуру паводзінаў абсалютна ўсіх удзельнікаў руху. Таму як ні ўдасканальвай тэхнічны бок працэсу, маральна-этычны аспект заўсёды стаіць на першым месцы. Людзі павінны быць перш за ўсё ветлівыя і ўважлівыя ў адносінах адзін да аднаго, і гэта вельмі важная, калі не першарадная, умова бяспекі дарожнага руху.

Акцыя «Клас кіроўцу» будзе доўжыцца 21 дзень. За гэты час у людзей фарміруецца новая звычка, і арганізатары спадзяюцца, што жэст «клас» кіроўцу, які прапусціў пешахода, стане добрай традыцыяй у нашага насельніцтва. Работнікамі ДАІ будзе праводзіцца адпаведная работа сярод аўтамабілістаў, каб яны з разуменнем рэагавалі на незвычайную ініцыятыву.

Пакуль акцыя пройдзе на сталічных дарогах. Але арганізатары плануюць распаўсюдзіць сваю ідэю па ўсёй Беларусі. Улічваючы, што пачынанне гэта датычыцца кожнага з нас і накіравана на нашу бяспеку, можна не сумнявацца, што планы будуць увасоблены ў жыццё.

Сяргей КУЛАКОЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.