Вы тут

Як Лагойскі раён вырваўся з датацыйных


Кожны кіраўнік Лагойскага раёна, які ў свой час стаяў на яго чале, зрабіў унёсак у развіццё рэгіёна. Чатыры гады таму на пасаду старшыні райвыканкама прызначылі Віктара Каляду, які пераняў усё самае лепшае ў сваіх папярэднікаў. Гаспадарскі падыход да справы, выкарыстанне новых тэхналогій, будаўніцтва жывёлагадоўчых аб'ектаў, належная ўвага кармавой базе, адпаведны падбор кадраў далі свае вынікі. Раён зрабіў значны крок наперад і вырваўся з датацыйных.


— За апошнія чатыры гады мы закупілі 51 трактар, у тым ліку дзесяць энерганасычаных «Беларус-3522», чатыры пагрузчыкі. А ўсяго за гэты перыяд набылі разам з трактарамі 162 адзінкі разнастайнай сельгастэхнікі. Перааснашчэнне машыннага парку адбылося практычна ва ўсіх гаспадарках. Сёлета пры дапамозе вобласці мы ўжо закупілі чатыры новыя энерганасычаныя «волаты» з плугамі. Хутка атрымаем яшчэ тры. Толькі сёлета купілі чатыры збожжаўборачныя і тры кормаўборачныя камбайны, — не без гонару расказвае першы намеснік старшыні Лагойскага райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі Наталля Петрушэнка.

Сапраўды, ганарыцца ёсць чым. Летась сяўба пачалася пазней у сувязі з неспрыяльнымі ўмовамі надвор'я. Але ў раёне змаглі справіцца з работамі ў агратэхнічныя тэрміны.

— У 2016—2017 гадах мы такія ж плошчы сеялі практычна два месяцы. Сёлета справіліся за месяц. Кормаўборачная кампанія пачалася рана, як ніколі, 10 мая прыступілі да нарыхтоўкі першых кармоў: падышлі травы. Першы ўкос закончылі ў пачатку чэрвеня. Летась гэтай парой толькі пачыналі ўбіраць, — канстатуе Наталля Мікалаеўна. — Сёння работа па нарыхтоўцы кармоў працягваецца. У параўнанні з адпаведным мінулагоднім перыядам плюсуем на 1,76 кармавых адзінак. На ўмоўную галаву жывёлы назапасілі 13,46 цэнтнера кармавых адзінак. Падчас засухі ў чэрвені, каб нашы рагулі не засталіся зімой без харчу, мы сеялі проса, сорга, пайзу. Нягледзячы на тое, што цяпер займаемся жнівом, папаўняем і кармавую базу. Мы ўжо пралічылі, што харчаваннем на зімова-стойлавы перыяд жывёлу забяспечым, запас будзе большы, чым летась.

Яшчэ некалькі гадоў таму некаторыя гаспадаркі раёна сутыкаліся з праблемай недахопу кармоў, якія даводзілася закупляць, пераразмяркоўваць з іншых сельгасарганізацый. Цяпер у Лагойскім раёне забыліся, што калісьці так было. Штогод тут перазалужаюць, перасейваюць па 5,5—6 гектараў шматгадовых траў, што дае магчымасць з лішкам зрабіць запасы.

Банальна, але факт: малако ў каровы на языку. Як накорміш, так і падоіш. Не хапае сена, фуражу — не працуе жывёлагадоўля. Значыць, няма выручкі і грошай на далейшае развіццё эканомікі. Планамерная работа з году ў год дазволіла раёну выйсці на дастойны ўзровень у жывёлагадоўлі. За тры гады на 140 % павялічылася вытворчасць і рэалізацыя малака. Сёлета ў раёне змаглі ўтрымаць дасягнуты ўзровень, хоць гэта далося нялёгка: засуха. Ды і некаторыя гаспадаркі недапрацавалі з шэрагу прычын. Калі чатыры гады таму Лагойскі раён у рэйтынгу па малаку займаў шаснаццатае месца сярод дваццаці двух раёнаў Міншчыны, то сёлета трымае восьмую пазіцыю. З пачатку года выручка ад продажу «белага золата» павялічылася на 111 %, а прыбытак за паўгоддзе — на 135 %. Вядома, што малако — гэта добрыя заробкі, матэрыяльны дабрабыт, дастойны ўзровень жыцця. Сярэднямесячная зарплата сельскіх працаўнікоў павялічылася да мінулагодняга ўзроўню на 115 % працэнтаў і склала 728 рублёў.

На паспяховае развіццё любога рэгіёна ўплывае цэлы комплекс розных складнікаў.

Раён жыве, калі будуюцца новыя фермы, гаспадарчыя памяшканні, паляпшаюцца ўмовы ўтрымання жывёлы, укараняюцца новыя тэхналогіі. Уладкаванне сучасных даільных залаў, выкарыстанне робатаў павышае прадукцыйнасць працы. Сіласныя і сянажныя траншэі дазваляюць палепшыць якасць кармоў, зменшыць іх страты.

— За чатыры гады ў нас пабудавана 76 сянажна-сіласных траншэй, сёлета запланавана яшчэ 16, у тым ліку 9 ужо ўведзены ў дзеянне. І хоць у 2017-м мы цалкам былі забяспечаны траншэямі, працягваем іх узводзіць, каб сховішчы кармоў наблізіць да фермаў і выключыць падвоз зімой. Гэта эканоміць паліва і захоўвае якасць, — адзначае Наталля Петрушэнка. — За гэты час узведзены тры буйныя малочнатаварныя комплексы: МТФ «Гайна» разлічана на 777 дойных кароў, «Косіна» — на 600 рагуль з даільнай залай. Летась увялі ў дзеянне памяшканне на 300 кароў на МТФ «Калачы», дзе жывёлін дояць робаты.

У вёсцы Атрубак Мінскі камбінат хлебапрадуктаў здаў новы свінакомплекс. Цяпер ідзе яго перадача Барысаўскаму КХП. Сёлета сюды завязуць пагалоўе. За апошні час у раёне ўзвялі 16 клюшачнікаў, на чарзе да канца года — яшчэ тры. У вёсцы Жасцінае аб'ект гатовы на 95 %.

Шмат увагі на Лагойшчыне ўдзяляюць уладкаванню мехдвароў. У 2016 годзе раён заняў першае месца ў вобласці па іх добраўпарадкаванні. Сёлета ж сельгаскааператыў «Лагойскі» выйшаў на другое месца сярод арганізацый. У 2015-м сельгаскааператыў «Астрошыцы» заваяваў трэцяе месца, а ў 2017-м адкрытае акцыянернае таварыства «Харошае» стала першым.

Усё, што зроблена ў раёне, — заслуга нашых кіраўнікоў, спецыялістаў, простых працаўнікоў на месцах, лічыць Наталля Петрушэнка. У раёне падабраны дастаткова прафесійныя кадры, моцная каманда, з якой можна вырашаць усе задачы. І калі камусьці неабходная дапамога, то ніхто не задае лішніх пытанняў: трэба, значыць трэба. Прафесіяналізм, памножаны на ўзаемавыручку, камандны дух — ужо палова поспеху.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Формула поспеху

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».