Вы тут

Як фермер з Гродзенскага раёна забяспечвае збор малака ад насельніцтва


Аляксандр Зубрыцкі не толькі сам актыўна здае малако на прыёмны пункт, але і збірае яго ў жыхароў навакольных вёсак. Штодзень ён адвозіць на прыёмны пункт да 600 літраў.


— У нас 23 здатчыкі па калгасе, — расказвае Аляксандр Зубрыцкі, — я забіраю малако з самага ранку і вязу ў найбліжэйшы населены пункт — пасёлак Сапоцкін. Людзі задаволеныя, бо гэта выгадна, і малака здаём нямала.

Раней Аляксандр вазіў толькі сваю прадукцыю. Сям'я Зубрыцкіх з вёскі Рацічы трымае ажно 12 кароў і здае да 100 літраў у дзень. У мясцовым калгасе «Ніва-2003» прапанавалі аформіць яшчэ і збор малака ад насельніцтва. І вось ужо трэці год Аляксандр на сваім «бусе» штодзень курсіруе па вёсках, каб забраць лішкі малака ў іншых. І калгасу такі расклад выгадны, бо не трэба задзейнічаць транспартны сродак, кіроўцу і грузчыка, што для сельгаспрадпрыемства даволі дорага.

Для многіх вяскоўцаў магчымасць здаваць лішкі — адна з умоў утрымання статка. На гэтым можна нядрэнна зарабіць. Вынік ацэньваецца па тлушчы. Чым яго больш, тым і кошт вышэйшы. Напрыклад, за літр малака тлушчам не менш 3,6 % атрымліваецца 51 капейка. Разлік — кожныя дзесяць дзён. За месяц можна зарабіць адну, а то і дзве вясковыя зарплаты. На гэты прадукт зрабіў стаўку і фермер Аляксандр Зубрыцкі.

— Канешне, гэта добрая дапамога для сямейнага бюджэту, па сутнасці, мы з гэтага і жывём. Што атрымалі за малако, тое і маем, — кажа Аляксандр.

Першую кароўку сям'я набыла 11 гадоў таму. Аляксандр звольніўся са службы і задумаўся аб сваёй гаспадарцы. Да таго ж у сям'і падрасталі чатыры дачкі. А малако для дзяцей, як вядома, — асноўны прадукт харчавання. Калі першая карова ацялілася, купілі яшчэ адну. Паступова нарошчвалі статак, а некалькі гадоў таму ім выдзелілі 25 гектараў зямлі пад фермерскую гаспадарку.

— Справа ў тым, што не хапала кармоў. Участкі для выпасу не маглі забяспечыць патрэбу для такога статка, — растлумачыў Аляксандр. — Таму звярнуўся ў калгас, каб атрымаць зямлю для нарыхтоўкі кармоў і аформіў фермерскую гаспадарку.

Усе жывёлы, у адрозненне ад калгасных, пасуцца на пашы. Аляксандр свой статак утрымлівае ў памяшканні толькі ў халодны перыяд. Затое каровы не маюць праблем з капытамі, як большасць калгасных, а дояцца не менш за 10 гадоў. Гэта станоўча ўплывае на развіццё ўласнай гаспадаркі.

— На дамашнія малочныя прадукты ёсць попыт нават сярод вяскоўцаў, — кажа Аляксандр, — мы для сябе вырабляем і тварог, і масла, і смятану. Маглі б таксама прадаваць, але не паспяваем вырабляць такія аб'ёмы, бо ў саміх вялікая сям'я. Некаторыя жыхары трымаюць кароў толькі для сябе і прадаюць малако сваім суседзям.

На пачатак года ў Падлабенскім сельсавеце зарэгістравана 115 дойных жывёл. Гэта нямала. Згодна з чыпаваннем, колькасць дойнага статку не змяншаецца. Наадварот, некаторыя жыхары набылі цялят і збіраюцца іх гадаваць. За мінулы год насельніцтвам здадзена 21 тона малака ад 23 здатчыкаў.

Ці захаваецца такое становішча налета, Аляксандр сумняваецца. Ён паведаміў, што найбліжэйшы прыёмны пункт у пасёлку Сапоцкін можа быць закрыты ў сувязі з развіццём турыстычнай інфраструктуры, у прыватнасці, будаўніцтвам стаянкі веламаршруту. Тады прыйдзецца вазіць малако ў больш аддалены сельсавет, які знаходзіцца за 50 кіламетраў. Аляксандр лічыць, што ў спякоту вельмі складана забяспечыць на такой адлегласці якасць малака, яно можа падкіснуць. Такая сітуацыя непакоіць і гаспадароў, якія трымаюць некалькі кароў і прывыклі да ўстаноўленага парадку.

Мы спыталі, чаго чакаць вяскоўцам ад гэтай сітуацыі ў старшыні Сапоцкінскага пасялковага Савета Ліліі Шаматовіч, якая паведаміла, што прыёмны пункт закрывацца ні ў якім разе не будзе.

— У раёне распрацоўваецца праект па будаўніцтве веладарожкі і стаянкі. Праз Сапоцкін пралягае адзін з міжнародных веламаршрутаў, які павінен злучыць Гродна з Аўгустоўскім каналам. Але гэта ніякім чынам не паўплывае на здачу малака. Прыёмны пункт працуе ў асобным будынку, дзе раней быў сепаратарны цэх. Ніхто яго закрываць не збіраецца. Веламаршрут і стаянка не будуць ніякім чынам закранаць ні прыватныя ўчасткі, ні землі сельсавета. Малако тут будуць прымаць, як і прымалі.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Вясковы бізнес

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.