Вы тут

Як свінаферма ператварылася ў ферму па адкорме цялят


Некалі племзавод «Нача» спецыялізаваўся на вырошчванні маладняку свіней. І вытворчасць, дарэчы, атрымлівала датацыі Мінсельгасхарча. А калі названы ды іншыя племзаводы сталі звычайнымі сельгаспрадпрыемствамі і перайшлі пад юрысдыкцыю раёнаў, эканамічная сітуацыя ў гаспадарцы стала развівацца не найлепшым чынам.


— У «Начы» без датацый на свінагадоўлю адразу пайшлі ўніз надоі і прывагі ў галіне буйной рагатай жывёлы. На дарагі камбікорм сродкаў не хапала, абыходзіліся сваім збожжам, такім чынам, кармоў не было ўдосталь ні свінням, ні каровам. Да таго ж свінаферма маральна зжыла сябе. Рэч у тым, што асноўныя яе будынкі ўзводзіліся ў 60-я гады. Сістэма гноевыдалення не вытрымлівала ніякай крытыкі. Так званы адкрыты спосаб азначаў, што жыжа стаяла побач з хлявамі. Кармавы цэх і склад пачалі пакрысе развальвацца. Трэба было неадкладна прымаць рашэнне, — расказвае дырэктар дзяржпрадпрыемства «Нача» Мікалай ТАРЛЮК.

Адным з варыянтаў было разбурыць пабудовы, правесці рэкультывацыю зямлі. Але былая свінаферма размешчана сярод зараснікаў вялікіх дрэў, так што ўвесці ў севазварот землі выглядала надта праблематычна. Ды і на знос мноства цагляных будынкаў з грунтоўнымі фундаментамі патрабуюцца немалыя сродкі.
«І мы вырашылі перабудаваць свінаферму ў ферму па адкорме цялят, — расказвае Мікалай Сямёнавіч. — Некаторыя казалі, што вытворчасць ялавічыны справа стратная. Але ж развіццё падразумявае пашырэнне вытворчасці, іншага проста не дадзена. А калі падысці з розумам, пастарацца аптымізаваць затраты... Карацей, мы прыйшлі да высновы, што зусім не лішнім будзе гаспадарцы атрымаць рэальныя грошы ад здачы некалькіх тон ялавічыны жывой вагой у пару, якую не называюць сезонам вялікага малака. Дойны статак мы павялічваем, а прадаваць лепш не маладняк, а гатовую ялавічыну. Гэта па-гаспадарску.

Словам, найперш мы прыступілі да перабудовы былых свінарнікаў пад хлявы для буйной рагатай жывёлы. Зразумела, што памяшканні, у якіх знаходзіліся свінаматкі, выглядаюць замалымі для знаходжання бычкоў і цялушак. Таму іх адрамантавалі і прыстасавалі як спальнае памяшканне, у якое жывёла можа заходзіць па сваім жаданні. А для яе дзённага знаходжання адгарадзілі загоны побач са сценамі хлявоў. І прыбудавалі так званыя кармавыя сталы. У гэтых сталоў забетанаваная падлога, на якую скідваецца корм. Зверху зроблены дах-навес, каб жывёла магла камфортна адчуваць сябе ў любое надвор'е, каб зімой сюды снегу не заганяла. Калі зрабіць гэтыя сталы ўнутры памяшкання, будзе мала месца жывёле, а так месца — дастаткова. Побач з кармасталамі паклалі былыя ў карыстанні шпалы. Купілі іх, дарэчы,  за капейкі ў Баранавіцкай чыгункі. Для трактара гэта ідэальная дарога, для фермы ж гарантыя, што трактар заўсёды падвязе кармы своечасова».

Вось гэты ўласны праект увасобілі ў жыццё ў «Начы» за тры гады падрадным спосабам без прыцягнення крэдытаў. Будоўля працягваецца. І ўжо ў першых двух памяшканнях стаяць на адкорме бычкі.

Вядзецца рэканструкцыя ў памяшканні былога кармацэха. Тут прывялі ў парадак сцены і падлогу, будынак можна будзе выкарыстаць пад склад.

Пакуль на будаўніцтве фермы працуе брыгада рабочых са Століншчыны і прыватнае прадпрыемства з Баранавіч, якое мае міні-завод па выпрацоўцы растворабетоннай сумесі. Гэтае прадпрыемства выгаднае найперш сваёй мабільнасцю. Вытворчасць яны здольныя разгарнуць за адзін дзень. І гэтак жа хутка могуць перадыслакаваць яе ў іншае месца.

Паступова вымалёўваецца тэрыторыя будучай фермы прыкладна на 350 галоў маладняку. Наперадзе работа па добраўпарадкаванні. Мікалай Тарлюк, як былы старшыня сельскага Савета, вялікае значэнне надае пытанням парадку. Няма падстаў сумнявацца, што з часам гэтая ферма будзе выглядаць як належыць.

Пакуль тут працуюць два чалавекі — кормараздатчык і вартаўнік. Да канца года работнікаў будзе больш, ужо і маладога спецыяліста прыгледзелі на пасаду загадчыка фермы па адкорме.

Між іншым, пасля перапрафілявання з'явіліся і іншыя карысныя моманты. Напрыклад, пасля закрыцця свінафермы кармавыя канцэнтраты ў гаспадарцы накіравалі на малочную жывёлагадоўлю, што паўплывала на імклівы рост паказчыкаў. Летась, напрыклад, рэнтабельнасць малака склала 47 працэнтаў, ад каровы надаілі 6800 кілаграмаў малака, сёлета паставілі задачу атрымаць больш за сем тысяч літраў ад кожнай каровы. А з гэтага складваецца і зарплата працаўнікоў, і фінансавая стабільнасць невялікай гаспадаркі ў цэлым.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Ляхавіцкі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».