23 Верасень, нядзеля

Вы тут

У курортным пасёлку Гродзенскага раёна абяцаюць добраўпарадкаваць пляж


У курортным пасёлку Гродзенскага раёна абяцаюць налета добраўпарадкаваць пляжную зону

Вось ужо тры гады ў папулярнай пляжнай зоне курортнага пасёлка Парэчча забаронена купанне. У гэтым сезоне за парушэнне было складзена некалькі пратаколаў. Міліцэйскі патруль выязджае на бераг Малочнага возера, каб кантраляваць сітуацыю.


Між тым пляжная зона не пустуе. Блізкасць санаторыя вабіць сюды курортнікаў, нямала прыязджае гродзенцаў. Многія з іх не чулі аб тым, што купанне тут забаронена, таму міліцэйскі патруль выклікае здзіўленне. Але і прадстаўнікі правапарадку разумеюць, што ў спякоту нельга не акунуцца ў ваду, якая не мае ніякіх супрацьсанітарных паказчыкаў. Таму яны папярэджваюць аб тым, каб ніхто не заплываў далёка ад берага.

Неадназначная сітуацыя склалася нядаўна, пасля таго, як былы кіраўнік санаторыя «Парэчча» адмовіўся ад догляду гэтай тэрыторыі. Маўляў, няхай усе выдаткі нясе сельскі Савет. У выніку з узбярэжжа зніклі ўсе лаўкі, сталы, пляжныя кабінкі, месца для мангала, тэнісны корт і нават вялізныя валуны. Дэманціравалі і абгароджаную зону для купання. У сваю чаргу, сельскі Савет не змог узяць такую нагрузку на свой баланс. Таму было вырашана забараніць купанне на пляжы, аб чым папярэджваюць і дзве шыльды на дрэвах. У такім «завіслым» стане праходзіць чарговы летні сезон на Малочным возеры.

Ці непакоіць такая сітуацыя мясцовых дэпутатаў? Анатоль Кужалінаў, дэпутат Парэцкага сельскага Савета, гэту праблему ведае. Ён лічыць, што прыбярэжную тэрыторыю варта замацаваць за моцным гаспадаром, такім, як санаторый «Парэчча». Сельскі выканкам наўрад ці знойдзе сродкі для добраўпарадкавання пляжнай зоны. Тут патрэбны спонсары, якія возьмуць на сябе расходы за нейкі вызначаны ўчастак.

У размове з адміністрацыяй санаторыя высветлілася, што браць на сябе гэту тэрыторыю тут не маюць намеру. Санаторый заняты больш важнымі справамі — ідзе будаўніцтва новага корпуса, акрамя таго, у курорта ёсць свая зона адпачынку з тапчанамі і ўласны аквапарк. Палепшыць стан пляжа тут прапанавалі са сродкаў раённага бюджэту, у які, дарэчы, паступае курортны збор і ад санаторыя «Парэчча».

Святло на будучыню пралілі мясцовыя ўлады. Старшыня Гродзенскага раённага Савета дэпутатаў Ігар Лябецкі паведаміў, што справа зрушылася з месца. Згодна з рашэннем сесіі райсавета, на праект добраўпарадкавання прыбярэжнай тэрыторыі і пляжнай зоны выдзелена з бюджэту 50 тысяч рублёў. Грошы павінны быць асвоены да канца года. Затым трэба будзе шукаць сродкі на само добраўпарадкаванне. Пакуль тэрыторыя, а гэта два гектары, належыць сельсавету, а потым будзе відаць, зазначыў Ігар Лябецкі.

Часовае карыстанне зямельным участкам ажыццяўляе Скідзельская ЖКГ. Камунальнікі выступаюць у ролі заказчыкаў праекта і будучых работ. Па словах начальніка Уладзіміра Ханевіча, добраўпарадкаванне будзе зроблена ў лясной зоне, прыбярэжнай тэрыторыі і непасрэдна ў акваторыі возера. Тут з'явяцца дарожкі, асвятленне, малыя архітэктурныя формы, зоны адпачынку. Непасрэдна на пляжы — навесы, раздзявальні, душавыя... Не будзе недахопу і ў кантэйнерах для смецця (іх тут зараз няма ніводнага). Праект прадугледжвае выратавальную станцыю і пракат лодак. Карацей кажучы, налета абяцаюць пераўтварыць тэрыторыю ў сапраўдную зону адпачынку, якая б адпавядала статусу курортнага пасёлка. Нагадаем, што летась аграгарадок Парэчча ўключаны ў спіс 16 населеных пунктаў Беларусі, якія павінны стаць цэнтрам турызму і адпачынку нацыянальнага значэння.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.