Вы тут

Малако на паперы вылілася ў крымінальную справу


У дачыненні да шасці службовых асоб ААТ «Чырвоная Буда» Добрушскага раёна пракуратурай Гомельскай вобласці заведзена крымінальная справа. Яна стала вынікам праверкі Камітэта дзяржаўнага кантролю Гомельскай вобласці і ўпраўлення дэпартамента фінансавых раследаванняў КДК Рэспублікі Беларусь па Гомельскай вобласці.


У прэс-службе паведамілі, што на пачатку лета падчас інвентарызацыі ў гаспадарцы выкрыты прыпіскі прыбаўленняў у вазе буйной рагатай жывёлы. На 1 чэрвеня было прыпісана звыш 780 тон — гэта больш за 26 % ад агульнай вагі жывёлы. Аналагічна службовыя асобы завышалі аб'ёмы вытворчасці і рэалізацыі малака. Таксама шляхам скажэння справаздачнасці кіраўніцтва гаспадаркі вырашыла задачу па павелічэнні прадукцыйнасці кароў. Фактычнае пагалоўе дойнага статка заніжалася: больш за 500 кароў даіліся, але лічыліся ў групе адкорму. У выніку сярэдні надой на карову быў значна завышаны.

Гэтыя прыпіскі дазволілі кіраўніку сельгаспрадпрыемства адчытацца пра перавыкананне даведзеных на 2017 год прагнозных паказчыкаў росту вытворчасці мяса і малака. Аднак такі «рост вытворчасці» не прывёў ні да фінансавай стабільнасці, ні да павелічэння заработнай платы. Між іншым, тым галоўным спецыялістам, якія непасрэдна ўдзельнічалі ў скажэнні справаздачнасці, надбаўкі і даплаты за фіктыўнае выкананне прагнозных паказчыкаў выплачваліся рэгулярна. Іх сума склала больш за Br25 тысяч.

Былі выкрыты таксама факты прычынення шкоды ААТ «Чырвоная Буда». Напрыклад, дзяржаўнымі кантралёрамі выяўлена нястача больш як 200 галоў скаціны на суму каля Br205 тысяч. У лясным масіве побач з фермай знойдзены дзесяць трупаў цялят, якія былі закапаныя ўпотай без афармлення неабходных дакументаў. Акрамя таго, у гаспадарцы летась і сёлета рэалізавалі больш за 13 тон мяса буйной рагатай жывёлы фізічным асобам па цэнах, ніжэйшых за сабекошт. Гэта прывяло да прычынення прадпрыемству страт у суме больш за Br40 тысяч.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.