Вы тут

Беларускія камунальнікі будуць гатовыя да зімы 1 кастрычніка


Беларускія камунальнікі цалкам будуць гатовыя да зімы 1 кастрычніка. Пакуль яны нарыхтавалі 1412 тысяч м3 драўнянага паліва і 10 тысяч тон топачнага мазуту як рэзерв для газавых кацельных і замянілі 329 кіламетраў цепласетак. Разам з тым прыборамі ўліку ацяплення (за выключэннем Гомельскай вобласці) аснашчана толькі палова дамоў краіны. Пра гэта на прэс-канферэнцыі паведамілі прадстаўнікі Мінжылкамгаса і Мінэнерга.


Падрыхтоўку арганізацый ЖКГ да восені—зімы штомесячна кантралююць па 60 паказчыках, штотыднёва правяраюць па 11 кірунках працы. Па 40 з 60 нарматываў работы завершаны на 70 % і больш. Пра гэта паведаміў Генадзь АКСЦІЛОВІЧ, начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і СМІ Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі.

— У прыватнасці, падрыхтавана 78 % драўнянага паліва, адрамантавана 87 % сістэм ацяплення дамоў і 89 % цеплапунктаў, 80 % дахаў і 91 % стыкаў сцен, — зазначыў ён. — Тым не менш мясцовыя органы ўлады рэгіёнаў у шэрагу кірункаў прымаюць недастатковыя меры для выкання перадзімовых работ.

Гэта датычыцца, у прыватнасці, прафілактычных работ па рамонце цэнтральных цеплапунктаў у Брэсцкай вобласці, нарматыўных характарыстык ізаляцыі цепласетак у Брэсцкай і Гомельскай, перакладкі сетак калектараў у Віцебскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцях. Не задавальняюць Мінжылкамгас і тэмпы замены сетак водаправода ў Брэсцкай, Віцебскай, Гродзенскай абласцях і Мінску.

Выдача пашпартоў гатоўнасці дамоў і цеплакрыніц да ацяпляльнага сезона — таксама адзін з напрамкаў падрыхтоўкі да зімы.

— Сёлета пашпартызацыі падлягае 28,7 тысячы спажыўцоў цеплаэнергіі (зарэгістравана каля 11,5 тысячы) і 13,6 тысячы ведамасных цеплакрыніц (атрымалі пашпарт амаль пяць тысяч), — расказаў Арцём МЕДЗВЯДОК, в. а. начальніка аддзела дзяржаўнага энергетычнага і газавага нагляду і аховы працы Міністэрства энергетыкі Беларусі.

Амаль трэць кацельных і іншых цеплакрыніц, якія абслугоўваюцца ЖКГ, такія пашпарты ўжо атрымалі, і каля паловы (28 296) дамоў падрыхтаваны да атрымання гэтых дакументаў.

Энергетычная галіна пачала рыхтавацца да сёлетняй зімы адразу пасля адключэння ацяплення па вясне, заўважыла Вольга РЫБАКОЎСКАЯ, намеснік начальніка вытворча-тэхнічнага ўпраўлення Міністэрства энергетыкі Беларусі:

— На 10 жніўня капітальна і сярэдне адрамантаваны 39 адзінак цеплаэнергетычнага абсталявання. Капітальна адрамантаваны 10 генератараў, высакавольтных выключальнікаў, амаль 15 тысяч кіламетраў лініі электраперадачы напружаннем 0,4—750 кВ. Комплексны рамонт выкананы на 41 падстанцыі, рэканструявана і адрамантавана 133,8 км цепласетак.

Для павышэння надзейнасці работы лініі электраперадачы напружаннем 10—750 кВ расчышчана 8300 гектараў прасек. А для больш устойлівага функцыянавання з дапамогай абароненых пакрытых правадоў рэканструявана 435 кіламетраў лініі электраперадачы, якая праходзіць па лесе.

105 кабельных ліній электраперадачы, якімі карыстаюцца спажыўцы, пакуль застаюцца пашкоджанымі. А ў 13 прамысловых спажыўцоў электраўстаноўкі не адпавядаюць першай катэгорыі па надзейнасці энергазабеспячэння. Мінэнерга выдала распараджэнне ліквідаваць гэтыя недахопы да 1 кастрычніка.

* * *

Мінжылкамгас прапрацоўвае таксама пытанне магчымага змяншэння двухтыднёвага тэрміну планавага адключэння гарачай вады, аднак пакуль казаць пра змены рана. Двухтыднёвы тэрмін неабходны для правядзення комплексу работ для падрыхтоўкі сістэм халоднага і гарачага водазабеспячэння да ўстойлівай работы ў асенне-зімовы перыяд. Такі перыяд вызначаны ТКП (тэхнічны кодэкс усталяванай практыкі), хоць былі прыклады, што работы выконвалі за 5-7 дзён, але іх няшмат, падкрэсліў Генадзь Аксціловіч:

— Тэарэтычная магчымасць паменшыць тэрміны ёсць, аднак неабходна ацэньваць работу ў комплексе. Мы зыходзім з тэхналогіі выканання работ. Гэта як з «капрамонтам за месяц». Удалося зрабіць не таму, што нешта рабілі хутчэй, а таму, што на аб'екце былі належна арганізаваны работы (падрыхтаваны персанал, матэрыялы, праведзена арганізацыйная работа з жыхарамі). Напэўна, ёсць тэхнічная магчымасць скараціць тэрмін, напрыклад, за кошт прамыўкі сістэм ацяплення або іх выпрабаванняў пад ціскам... Але калі для скарачэння тэрміну правядзення прафілактычных работ неабходна ўкласці больш фінансавых сродкаў, чым каштуюць самі работы, то ці мэтазгодна гэта рабіць, толькі каб скараціць самі работы на тыдзень? Магчымасць памяншэння тэрміну работ абумоўліваецца станам сеткі. Калі яна новая, то і работы па яе абслугоўванні і прафілактычным рамонце выконваюцца хутчэй. Калі сеткі эксплуатуюцца доўга, узнікае неабходнасць у выкананні дадатковых работ. Спецыялісты павінны ацаніць усё гэта комплексна і адказаць: магчымае скарачэнне тэрмінаў ці не.

Ён дадаў, што арыентавацца на замежны вопыт у гэтым пытанні не варта, бо ў многіх еўрапейскіх краінах практычна адсутнічае такое паняцце, як цэнтралізаванае ацяпленне. «Яны абаграваюцца з дапамогай газавых ці электрычных элементаў, якія знаходзяцца непасрэдна ў доме. У іх няма неабходнасці ў прафілактычным рамонце сетак, бо няма саміх сетак».

15 жніўня адбылася калегія ЖКГ, на якой спецыялісты абмяркоўвалі рабочыя пытанні міністэрства. Яны датычыліся функцыянавання і арганізацыі дзейнасці таварыстваў уласнікаў, зверкі чаргі ўліку асоб, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, і пытанняў камерцыйнага жылля. Усе змены, якія датычацца гэтых пытанняў, падрыхтаваныя ва Указ № 563, вырашана ўнесці адразу ў новы праект Жыллёвага кодэкса.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».