Механізатары Магілёўскай вобласці Аляксей Макосаў і Мікалай Мінчанка першымі ў краіне намалацілі чатыры тысячы тон збожжа.
Агракамбінат «Зара» ў Магілёўскім раёне працягвае дэманстраваць высокія тэмпы ўборачнай кампаніі. Яшчэ тыдзень таму тут віншавалі першых у вобласці трохтысячнікаў жніва — старшага камбайнера Аляксея Макосава і яго памочніка Мікалая Мінчанку. І вось яны зноў у лідарах. Учора з раніцы пераможны экіпаж сустракалі на ўскрайку поля прадстаўнікі кіраўніцтва вобласці, мясцовай улады, прафсаюзнай арганізацыі, журналісты, каб павіншаваць руплівых механізатараў з новым рэкордам — чатыры тысячы тон збожжа. Гэта першы ў краіне экіпаж, які дасягнуў такіх высокіх вынікаў. Камбайнеры атрымалі падзячныя лісты, грашовыя прэміі і каштоўныя падарункі. Граматамі і падарункамі ўшанавалі таксама трохтысячнікаў (два экіпажы) і двухтысячнікаў (сем экіпажаў) гаспадаркі, а таксама кіроўцаў, якія перавезлі дзве і тры тысячы тон ураджаю.
— Вельмі прыемна, калі тваю працу адзначаюць, — падзяліўся эмоцыямі Аляксей Макосаў. — Але высокія паказчыкі — гэта ў першую чаргу заслуга ўсіх работнікаў гаспадаркі. Наша задача толькі добрасумленна працаваць. Ставім са сваім памочнікам мэту сабраць яшчэ тысячу і болей тон ураджаю.
На сённяшні дзень збожжавыя і зернебабовыя ў «Зары» сабраны на 70 % плошчаў, іх ураджайнасць склала больш за 67 ц/га.
У вобласці практычна завяршыў уборку збожжавых і зернебабовых Кіраўскі раён. На 98 % убраны плошчы ў Клічаўскім раёне. Сярод лідараў жніва — 108 экіпажаў, у тым ліку 15 маладзёжных: яны намалацілі тысячу і болей тон збожжа.
На раніцу 16 жніўня на Магілёўшчыне было ўбрана 82 % збожжавых і зернебабовых, валавы намалот склаў 666,2 тысячы тон збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 26,9 цэнтнера з гектара. Па ўраджайнасці лідзіруе Шклоўскі раён — 44 цэнтнера з гектара, другое і трэцяе месцы ў горацкіх (35,5 ц/га) і магілёўскіх (31,8 ц/га) хлебаробаў адпаведна.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота Марыям ТАБАГАРЫ
А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.
Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.
«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».