Вы тут

Выбіраем школьную форму разам з вучнямі


Штогод «Беллегпрам» выпускае да навучальнага года сотні мадэляў адзення. Але ці лёгка з гэтага асартыменту выбраць штосьці па душы? Ацаніць форму мы запрасілі самых строгіх суддзяў — саміх школьнікаў. Разам мы прагуляліся па ЦУМе, пакапаліся сярод вешалак і падлічылі, колькі грошай спатрэбіцца на экіпіроўку, у якой не сорамна будзе паказацца перад аднакласнікамі.


Знаёмцеся: нашы эксперты Анастасія ЖАБКО і Ягор СВІРСКІ. Насці 12 гадоў, у верасні пойдзе ў сёмы клас мінскай гімназіі № 16. З маленства дзяўчынка займаецца музыкай і ўжо паспела заявіць пра сябе на буйных конкурсах. Летась была фіналісткай нацыянальнага адбору на дзіцячае «Еўрабачанне», сёлета выйшла ў паўфінал. А ў 2016-м заняла першае месца ў дзіцячым конкурсе на «Славянскім базары ў Віцебску».

У Насцінай гімназіі дзейнічае адзіная форма: для сямікласніц гэта сінія спадніца і камізэлька з эмблемай навучальнай установы. Але дзяўчынка прызнаецца, што ходзіць у гэтым не кожны дзень.

— Мне падабаецца стыль 50—60-х гадоў мінулага стагоддзя. Адзенне той эпохі вельмі жаноцкае, падкрэслівае талію і хавае недахопы фігуры, — дзеліцца школьніца. — Нядаўна вырашыла пакапацца ў маміных рэчах, якія яна насіла ў студэнцтве. Знайшла некалькі цікавых. Напрыклад, чорную сукенку па калена з залатымі гузікамі і каўнерыкам. Вельмі элегантная — не хапае толькі капялюшыка для вобраза.

Насця аддае перавагу цёмным рэчам — чорным, сінім. У яе гардэробе ёсць і штаны, і блузкі, і пінжакі, і сукенкі. «Люблю насіць усё, каб не паўтарацца», — усміхаецца.

На яе думку, ідэальная школьная форма — гэта зручная класіка, нічога яркага і кідкага. На шопінг дзяўчынка звычайна ходзіць з мамай: парада збоку ніколі не лішняя.

16-гадовы Ягор — адзінаццацікласнік сталічнай школы № 38. Ён стваральнік Hype Quіz — інтэлектуальнай гульні, дзе каманды падлеткаў адказваюць на пытанні. Карацей, бізнесмен-пачатковец. І стэндапер. У яго школе да адзення вучняў ставяцца строга.

— Нас правяраюць: каб не было красовак, джынсаў. Кепка — ні ў якім разе. Могуць адправіць дадому пераадзявацца, — кажа Ягор. — Я хаджу ў школу ў звычайных штанах — не чорных і не са стрэлкамі — і ў кашулі: нашу яе навыпуск.

Увогуле хлопцу падабаецца стыль хіп-хоп. Кашулі па-за межамі школы адзявае вельмі рэдка, можа, тры разы на год. «Напэўна, проста надакучвае насіць іх падчас вучобы», — заўважае.

— Мне здаецца, усе павінны хадзіць у тым, у чым ім камфортна, каб думалі пра вучобу, а не пра знешні выгляд, — дзеліцца Ягор сваімі развагамі наконт школьнага адзення. — Хоць нейкія правілы павінны быць, але не занадта строгія.

Ідзём шукаць форму для Насці. Першае, на што падае позірк дзяўчынкі, — цёмная сукенка з белымі манжэтамі і каўнерыкам. Каштуе такая каля 89 рублёў. А манжэты і каўнерык, як высветлілася, адшпільваюцца — вельмі зручна для мыцця.

Сярод кашуль Насця разглядае светлыя, з дробным няяркім прынтам. Варыянты з нашыўкамі, модныя ў гэтым сезоне, пакідае без увагі: усё ж такі мінімалізм ёй бліжэйшы. «Можа, ружовую?» — прапануе кансультант. Дзяўчынка круціць галавой: не яе колер.

— А вось гэты жакет мне падабаецца, — паказвае Насця белую элегантную мадэль. Рэч, між іншым, дызайнерская, на цэнніку — 106 рублёў.

Да кашулі падбіраем штаны і ідзём у прымерачную. Штаны ад гродзенскага прадпрыемства за 60 рублёў мы ў выніку «забракавалі»: тканіна занадта аблягае. Затое баваўняная кашуля, пашытая мазырскай фабрыкай, — самае тое. Каштуе такая 43 рублі.

Кіруемся да секцыі абутку. Насця кажа, што хацела б сабе паўчаравікі на невялікім абцасе — чатыры-пяць сантыметраў. У выніку нагледзелі некалькі мадэляў: бардовыя чаравікі са штучнай скуры (60 рублёў), цёмна-сінія лоферы (102 рублі, натуральная скура) і чорныя лоферы на тоўстай падэшве (64 рублі). «Апошнія больш за ўсё падабаюцца, — каментуе школьніца і кажа, што яе «падкупіла» аксамітная ўстаўка на абутку: — Цікавае спалучэнне матэрыялаў».

З Ягорам спачатку выбіраем рукзак. Старшакласнік разглядае мадэлі без малюнкаў. Знаходзіць класны варыянт: карычневы са скуранымі ўстаўкамі. Праўда, такі не кожныя бацькі купяць: на цэнніку амаль 366 рублёў. А вось шэра-сіні з тканіны, які таксама спадабаўся Ягору, абыдзецца ў 42 рублі.

— Раней было прышпільна насіць сумкі цераз плячо, а зараз не. Паясныя сумкі модныя, але з такой будзе заўважна, што прыйшоў без падручнікаў, — жартуе хлопец.

Пакуль ідзём да вешалак з адзеннем, ён расказвае, што касцюмы не носіць. «Я вельмі высокі (192 сантыметры) і худы. Мне ўсё кароткае. Не шыюць на такіх, як я», — тлумачыць.

З памерам для Ягора сапраўды няпроста. Доўга блукаем сярод кашуль. Аднатонныя хлопец не надта любіць, белыя — наогул «адмятае». Выбірае адну мадэль у дробную блакітную клетачку. У прынцыпе, дастаткова: кашулямі да новага навучальнага года хлопец ужо закупіўся. Ажно чатырма: сіняй у клетку, сіне-белай у лінейку, у рознакаляровую клетку і белай з чырвоным арнаментам.

З усіх штаноў змаглі выбраць толькі адны. У іншых то рост быў не той, то колер падводзіў. «Неяк сумна, — каментуе Ягор. — Мне падабаюцца завужаныя штаны — у прамых я падобны да саліста савецкага ансамбля. (Усміхаецца.)

На адной з вешалак старшакласнік заўважае ярка-чырвоны бомбер. «Я б такі замест пінжака насіў», — гаворыць. Але ў школу можна толькі пінжак. Хлопец, ацаніўшы поглядам асартымент, заўважае: мадэлі нядрэнныя. Выбірае пінжак у цёмную клетачку.

Прымяраем увесь камплект (у суме кашуля, штаны і пінжак абышліся б у 278 рублёў). Выглядае стыльна. Ягор кажа, што ў школу хадзіў бы без пінжака — з ім занадта парадна. Хоць сама рэч спадабалася. «У мяне такой ніколі не было, адчуваю сябе крутым коўчам. Па пінжак, магчыма, вярнуся».

Што маем у выніку? Падабраць стыльную форму ад айчынных вытворцаў — задача выканальная. Іншае пытанне — ці ўдасца ўпісацца ў бюджэт. Нагадаем, што, па падліках Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, на экіпіроўку для старшакласніка можа пайсці да 900 рублёў.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: «У пінжаку адчуваю сябе крутым коўчам»

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

На фестывалі згадалі і даўнюю традыцыю — услаўляць завяршэнне земляробчага года абрадамі ў гонар Багача. 

Грамадства

Як у Слаўгарадскім раёне апякуюць пенсіянераў

Як у Слаўгарадскім раёне апякуюць пенсіянераў

Дом у Лапацічах нічым асабліва не выдзяляецца сярод іншых...

Палітыка

Аб чым дамовіліся прэзідэнты Беларусі і Азербайджана?

Аб чым дамовіліся прэзідэнты Беларусі і Азербайджана?

Па выніках перамоў у Мінску яны прынялі сумесную заяву.

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.