Вы тут

Прайшоў кастынг вядучых для дзіцячага «Еўрабачання»


Ужо праз тры месяцы Мінск прыме 16-ы міжнародны дзіцячы конкурс песні «Еўрабачанне-2018», які яшчэ не пачаўся, а ўжо стаў рэкордным па колькасці ўдзельнікаў, у тым ліку краін-дэбютантаў. Белтэлерадыёкампанія працягвае маштабную падрыхтоўку да шоу: у прыватнасці, днямі ў медыяхолдынгу адбылося «жывое» праслухоўванне кандыдатаў у вядучыя творчага форуму.

Арганізатары атрымалі больш як 100 заявак ад дзяцей ва ўзросце 9—14 гадоў і дарослых, прычым не толькі з Беларусі, але і з Украіны, і нават з ЗША. Пасля папярэдняга адбору да наступнага этапу былі дапушчаны крыху больш як 30 найлепшых. Прэтэндэнтам трэба было прадэманстраваць не толькі бездакорную работу з англамоўным сцэнарыем, але і ўменне трымацца перад камерамі, імправізаваць, працаваць у тандэме.


«Хто вам ска­заў, што пра­фе­сій­ныя вя­ду­чыя не хва­лю­юц­ца на кас­тын­гу? Мы прос­та лепш гэ­та ўтой­ва­ем», —  сцвяр­джае Яў­ген Пер­лін.

— Насамрэч на дадзены момант я не магу ўпэўнена сказаць, каго мы шукаем: дваіх вядучых ці траіх, хлопца і дзяўчыну ці двух хлопцаў, больш дарослых ці падлеткаў. Напэўна, павінны супасці некалькі крытэрыяў: і добрая англійская мова, і прывабная знешнасць, і харызма, энергетыка, але ніводны з іх сам па сабе не з'яўляецца вырашальным, — прызнаўся яшчэ да пачатку кастынгу старшыня Белтэлерадыёкампаніі і кіраўнік аргкамітэта дзіцячага «Еўрабачання-2019» Іван ЭЙСМАНТ. — Таму пошукі працягваюцца, і калі заўтра з'явяцца яшчэ новыя цікавыя кандыдатуры, то мы абавязкова іх разгледзім.

А дзеля большай аб'ектыўнасці ў журы запрасілі шоу-прадзюсара конкурсу Гордана Банела з Мальты. Ён не ведаў рэгалій ніводнага з прэтэндэнтаў, таму з увагай і цікавасцю слухаў абсалютна ўсіх і для кожнага знаходзіў словы падтрымкі: хваліў дыкцыю альбо пластыку, рабіў кампліменты вобразу ці артыстычнасці, а таксама працаваў за ўяўную публіку, апладзіраваў, задаваў пытанні — словам, разраджаў сваёй еўрапейскай прыязнасцю напружаную атмасферу.

«Good evenіng, Europe! Welcome to the Junіor Eurovіsіon Song Contest!» — нават цяжка падлічыць, колькі разоў прагучалі гэтыя словы ў студыі перад журы, за кулісамі, у калідорах і іншых кутках, прыдатных да рэпетыцыі. Заўважаем у чарзе ўдзельнікаў — збольшага дзявочай — нямала знаёмых асоб: паспытаць удачы вырашылі былыя ўдзельнікі дзіцячага «Еўрабачання» Ксенія Сітнік, Надзея Місякова, Руслан Асланаў і Хелена Мерааі, прадстаўніца Беларусі на дарослым «Еўрабачанні-2011» Анастасія Віннікава, дачка Ягора Хрусталёва Марыя, вядучыя тэлеканала АНТ Кацярына Цішкевіч і Анжаліка Пушнова, увасабленне рэкламнай гульні «Удача ў прыдачу» Дзмітрый Кахно, вядучы навін «Беларусь 1» і каментатар «Еўрабачання» Яўген Перлін, вядучая Агенцтва тэленавін Наталля Тарасюк...

Зрэшты, хваляваліся абсалютна ўсе: і 10-гадовыя дзеці, і студэнты журфака, і ўжо вопытныя тэлевядучыя, у якіх за плячыма не адна сотня эфіраў.

Першай на суд журы адважылася выйсці Анастасія Віннікава: «Цікава было б папрацаваць па гэты бок сцэны, тым больш, калі шчыра, «Еўрабачанне» — такая ўнікальная творчая пляцоўка, якая аб'ядноўвае музыкантаў, артыстаў з розных краін, конкурс сапраўды зацягвае, і, калі аднойчы акунаешся ў гэту атмасферу, хочацца зноў у яе вярнуцца». Калегу-канкурэнтку па сцэне падтрымала і былая ўдзельніца дзіцячага «Еўрабачання» Надзея Місякова: «Для кожнага ўдзельніка дзіцячае «Еўрабачанне» — гэта і каласальны вопыт, які мы атрымліваем на конкурсе, і чароўная казка, і вельмі цёплыя ўспаміны, якія захоўваюцца ўнутры цябе на вельмі-вельмі доўгі час... Тут вельмі многа годных удзельнікаў, шмат каго я добра ведаю, і які б выбар ні зрабіла журы, усім жадаю ўдачы!»

«Я ўспрымаю гэты адбор як імпульс для развіцця і выклік самой сабе, сваім уменням, навыкам і ведам, — прызналася самая дарослая сярод кандыдатаў Кацярына Цішкевіч. — Хочацца паспрабаваць нешта новае: канцэрты на рускай і беларускай мовах я праводжу рэгулярна, а вось у якасці англамоўнай вядучай яшчэ не была. Натуральна, хацелася б выйграць і весці «Еўрабачанне», аднак, калі гэтага не здарыцца, мяркую, засмучацца не буду, а буду працаваць над сабой далей. Дарэчы, шчыра скажу як былы выкладчык англійскай мовы: канкурэнцыя вельмі высокая і некаторыя падлеткі дэманструюць надзвычай добры ўзровень».

Ары­на Роў­ба пры­му­сі­ла да­рос­лых пры­га­даць, што і яны не­ка­лі бы­лі дзець­мі, га­рэз­лі­вы­мі і не­па­срэд­ны­мі.

На фоне дарослых дзеці радавалі не столькі бездакорнай англійскай, колькі эмацыянальнай, жывой непасрэднасцю. Так, 10-гадовая мінчанка Арына Роўба, даведаўшыся, што пытанні ёй задае сапраўдны мальціец, выдала такое шматзначнае «м-м-м...», што сарвала апладысменты. «Гэта першы сур'ёзны кастынг дачкі, магчыма, яна крыху разгубілася з-за дадатковых пытанняў, але я адразу настройвала яе на тое, што ў любым выпадку будзе карысны вопыт, незалежна ад выніку. Але, на мой погляд, у Арыны памкненне да сцэны сур'ёзнае і вельмі магчыма, што тэлебачанне — яе будучая прафесія», — расказала мама юнай вядучай. «Не, я не разгубілася! — звонка запярэчыла дзяўчынка. — Проста чамусьці лічыла, што ўсе ў журы — беларусы, а тут, аказваецца, ёсць чалавек з Мальты, і з ім цікава гаварыць». Арына кулямётнай чаргой выпаліла, што ўжо даўно хоча стаць вядучай і таму здымае відэа для ўласнага ютуб-канала, а англійскай яе навучыла мама: «Яна сказала: «Хочаш ці не хочаш, але зраблю з цябе чалавека, а тата гаворыць, што мама заўжды галоўная, а я ўся ў тату. Але ўсё адно, хоць я і ведаю англійскую, я хвалявалася, бо сёння выпаў адзін зуб — карацей, яшчэ ўчора хістаўся, а сёння мама паклала на сняданак кашу з клубніцамі, я ўкусіла, а ён бац — і ў руках, і тата пажартаваў, што трэба прымацаваць назад клеем, але вырашылі пакінуць так, як ёсць. А калі вырасту, я хацела б весці «Голас», як Дзмітрый Нагіеў: у акулярах, уся такая прыкольная... І можа, гэта збоку падобна на малпу Чы-чы-чы, але я вось такая!»

Яшчэ адну з самых юных удзельніц адбору, гамяльчанку Ксенію Галецкую, суправаджала ўнушальная група падтрымкі: мама, старэйшая сястра і маленькі брацік, які, праўда, не дачакаўся выступлення Ксюшы і заснуў у калясцы. Як аказалася, для сям'і такія падарожжы — не рэдкасць, як і для самой Ксеніі — удзел у творчых конкурсах: «Я вяла Нацыянальную музычную прэмію «Ліра», удзельнічала ў тэлепраекце «Я спяваю», ва ўкраінскім дзіцячым «Голасе» і іншых конкурсах, а яшчэ вяду праграму «Пазакласная гадзіна» на рэгіянальным канале «Беларусь 4». Ну і тут, хоць, натуральна, хвалююся, але, мяркую, што шанцы ў мяне ёсць: англійскую ведаю добра, наогул у школе вучуся на «выдатна» і большасць пытанняў, якія журы задае іншым удзельнікам, разумею без праблем». Мама памкненні дачкі, як і ўсіх астатніх дзяцей, толькі вітае: «Калі ім нешта цікава, няхай спрабуюць свае сілы, бо калі не паспытаеш, не даведаешся, тваё гэта ці не, а ўжо задача бацькоў — па меры сіл і магчымасцяў дапамагчы, падтрымаць дзяцей».

Ксе­нія Сіт­нік сціп­ла ска­за­ла пра ся­бе прад­зю­са­ру з Маль­ты: «Фэшн-жур­на­ліст, спя­вач­ка... ну, і яшчэ пе­ра­мож­ца дзі­ця­ча­га «Еў­ра­ба­чан­ня-2005».

Карыстаючыся момантам, Ксюша бяжыць рабіць сумеснае фота з адной са сваіх любімых артыстак Ксеніяй Сітнік, якая таксама спрабуе сёлета, праз 13 гадоў пасля першай перамогі Беларусі на дзіцячым «Еўрабачанні», вярнуцца на конкурс у новым амплуа. «Гэта не значыць, што са спевамі я завязала, — усміхаецца старэйшая Ксенія ў адказ на роспыты. — Магчыма, калі-небудзь я зноў паспрабую сябе ў амплуа артысткі. Але ж я атрымала адукацыю журналіста, і мне цікава паспрабаваць свае сілы ў якасці вядучай. Тым больш менавіта гэты конкурс шмат гадоў таму даў мне добры старт у жыцці, і я з прыемнасцю згадваю той час. Праўда, штораз хвалююся, як першы, спрабую пераадольваць эмоцыі, але перажываю на кожным экзамене — вось і цяпер ажно рукі дрыжэлі...»

Першымі з удзельнікаў порцыю дадатковых кампліментаў ад журы і просьбу затрымацца пачулі Руслан Асланаў і Хелена Мерааі, якія пазней выступілі ў дуэце. Аднак потым такую магчымасць атрымалі і яшчэ некалькі прэтэндэнтаў, таму рабіць высновы пра тое, што вядучыя дзіцячага «Еўрабачання-2019» ужо знойдзеныя, усё ж зарана. Канчатковы вынік адбору Белтэлерадыёкампанія агучыць у пачатку восені. І выбар, як зазначыў рэжысёр і прадзюсар Гордан Банела, будзе надзвычай нялёгкі: «Кожны з кандыдатаў быў адметны і цікавы, у вас шмат творчых людзей, і мяне гэта парадавала. Каго б ні выбрала журы, я ўпэўнены, што вядучыя дапамогуць зрабіць будучае шоу яшчэ больш відовішчным і захапляльным».

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?