Вы тут

Крыштальныя мары


Дар’я Жук — жанчына, якая за апошнія некалькі месяцаў нарабіла шмат шуму ў беларускім мастацтве. Нарадзіўшыся ў Мінску і скончыўшы тут школу, яна пераехала ў ЗША, дзе вучылася ў Гарвардскім і Калумбійскім універсітэтах і працавала на канале НВО. Нядаўна Дар’я зняла фільм «Крышталь» пра дзяўчыну, якая марыць з’ехаць у Амерыку і быць там ды-джэем, але з-за памылкі ў заяве на візу павінна тыдзень правесці ў маленькім беларускім горадзе. Спачатку фільм Дар’і зрабіў фурор на кінафестывалі ў Карлавых Варах, потым — на фестывалі ў Сербіі. А нядаўна на Адэскім міжнародным кінафестывалі «Крышталь» атрымаў Гран-пры «Залаты Дзюк». Цяпер жа гаворка ідзе пра тое, што фільм можа прадстаўляць Беларусь на прэміі «Оскар». Праўда, у Беларусі фільм выйдзе ў пракат толькі ў канцы лета.


Кадр з фільма «Крышталь».

— Фільм пабываў ужо на некалькіх фестывалях. Ці заўважаеце вы нейкую тэндэнцыю ў водгуках гледачоў?

— Усюды яго прымаюць добра. Мяне радуе рэакцыя гледачоў. Гэта мой першы поўнаметражны фільм, і, магчыма, кінакрытыкі могуць палічыць яго неідэальным. Таму мне здаецца, што звычайным гледачам ён падабаецца больш.

— Як вы рэагуеце на крытыку?

— У асноўным мы атрымалі станоўчыя рэцэнзіі. Часам ад тых жа крытыкаў сустракаліся некаторыя заўвагі, але ў цэлым водгукі добрыя. Больш за ўсё мяне хвалюе, калі фільм спрабуюць раскрытыкаваць і даць яму нізкую адзнаку людзі, якія яго яшчэ не глядзелі. Гэта вельмі сумна.

— «Крышталь» здымаўся ў вашым родным горадзе Мінску і крыху ў Барысаве. А чым адрозніваецца працэс працы над фільмам у Беларусі і ЗША?

— Мне падалося, калі мы працавалі над «Крышталём», што тут усе ўклалі ў фільм значна больш, чым звычайна адбываецца ў іншых месцах. Працавалі ад душы. Так, каманда ў Амерыцы можа быць больш тэхнічная, але там няма гэтай самай агульнай «душы», якая з’явілася ў нас у Мінску. У ЗША ёсць адладжаныя працэсы, якія не даюць збою. Каманда працуе як армія, няма ніякіх накладак. Дакладней, яны ёсць, але іх значна менш. У Мінску ж нейкія часткі каманды былі слабейшыя, але гэта кампенсавалася іх любоўю да праекта.

— Ці не лічыце вы, што ў саміх беларусаў стаўленне да свайго, айчыннага кіно хутчэй негатыўнае?

— Думаю, добра, што гэтае стаўленне наогул ёсць. Калі ёсць, значыць, ты ўжо глядач, неяк ты яго сфарміраваў. Таму мая роля — падкінуць дровы ў вогнішча, каб людзі працягвалі фарміраваць гэтае меркаванне, думаць пра тое, хто яны і адкуль. Напэўна, у мяне самой раней было нейкае негатыўнае меркаванне пра беларускае кіно. Але гэта толькі падштурхоўвае рабіць новыя праекты. І, вядома, хочацца рабіць тое, што можа спадабацца самой сабе.

— Ці адчувалі калі-небудзь, што, пакуль не дасягняце поспеху за мяжой, вашу працу могуць не прыняць і ў Беларусі?

— У 2015 годзе я атрымала дыплом Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» за фільм «Сапраўдная амерыканка». Але перад гэтым яго сапраўды ўжо ўзнагародзілі за мяжой. Можа быць, паўплывала менавіта гэта. Часта людзям складана сказаць, што добра, а што дрэнна. Значна прасцей прызнаць, што фільм добры, калі гэта ўжо засведчылі ўсе астатнія. Таму перад тым, як паказваць фільм у Мінску, я хацела зарэкамендаваць сябе спачатку на міжнародных кінафестывалях.

— Што вы адчуваеце, калі вяртаецеся ў Беларусь?

— Што я дома. На самай справе ніколі афіцыйна і не эмігравала. Я хацела вучыцца ў ЗША, каб потым вярнуцца. Пасля захацела з’ездзіць туды папрацаваць. Але ў мяне ніколі не было выразнай устаноўкі: я пераязджаю. Я вельмі камфортна сябе адчуваю ў родным Мінску.

— Ці бывае такое: вы знаходзіцеся, напрыклад, у Нью-Ёрку і разумееце, што думаеце менавіта як беларуска?

— Я ідэнтыфікую сябе як беларуска. Але, мабыць, у мяне нетыповы для Беларусі характар. Калі думаць і вызначаць, што беларус — гэта «абыякавасць да жыцця», то гэта не пра мяне. Я энергічны і вельмі аптымістычны чалавек. І вельмі дзейны. Мне заўсёды хацелася нешта пабудаваць, рызыкнуць, зладзіць прыгоду. Разумееце, калі ёсць досвед сталення ў адной краіне, жыцця — у другой, а працы — у трэцяй, то, вядома, робішся трошкі чалавекам свету. Больш разумееш нейкія ўніверсальныя законы, па якіх свет рухаецца. І ўся рознасць становіцца агульнасцю. Ты глядзіш больш на перасячэнні, чым на адрозненні, таму што асноўная задача — знайсці агульную мову з іншымі вельмі хутка. І мне гэта дае перавагі.

— І ўсё ж такі фільм зняты тым, хто нарадзіўся ў Беларусі і пражыў тут значную частку жыцця, або тым, хто скончыў Гарвард, пераехаў жыць у Нью-Ёрк і працаваў на сусветна вядомым канале HBO?

— У першую чаргу фільм зняты пра час, які я вельмі добра ведаю, — пра 90-я. Я не хацела закранаць нейкія пласты, якія ведаю горш. Зразумела, тая дзяўчына, якая расла ў Беларусі, на той момант не магла зняць фільм. У яе проста не было для гэтага прылад. Да таго ж у фільме я не ўзнаўляю сваё рэальнае жыццё, гэта ўсё ж такі мастацкі вобраз, які створаны як праекцыя. Таму задачу, хто ж аўтар фільма, напэўна, трэба вырашаць гледачам. Адназначны адказ я даць не магу. Напэўна, гэта нейкі сімбіёз.

— Ваш фільм вылучаны на «Оскар». Гэтая прэмія шмат для каго — мяжа. А для вас? Ці ёсць куды імкнуцца далей?

— Мая мяжа — здымаць кіно кожныя некалькі гадоў. Стварыць шмат работ, якія б апісвалі мой стыль як рэжысёра, апавядальніка і мастака. У мяне няма мэты атрымаць «Оскар». Да таго ж вылучэнне ад краіны на «Оскар» — гэта кропля ў моры. Мяне яшчэ і не намінавалі афіцыйна. За мяне яшчэ не галасавала кінаакадэмія. Пакуль мы знаходзімся на першых этапах адбору. Я разумею, што слова «Оскар» гучыць грандыёзна. На самай справе, мне здаецца, гэта не так важна.

— Але вам бы хацелася яго атрымаць?

— Любому рэжысёру гэтага хочацца. Маім бацькам, шчыра кажучы, гэтага хочацца больш, чым мне. Яны жывуць у Беларусі і вельмі мяне падтрымліваюць. Дарэчы, я хацела б атрымаць «Залатую пальмавую галіну» на Канскім кінафестывалі.

— Чым беларускае кіно можа здзівіць замежнага гледача?

— Лічу, што маштабнага беларускага кіно, па сутнасці, пакуль яшчэ няма. Але я не раблю кіно, каб кагосьці здзівіць, тым больш замежніка. Трэба рабіць шчыра, ад душы, а потым паглядзім. Ты прыносіш у кіно нешта новае, таму што ты павінен гэта сказаць, таму што паіншаму не можаш. Або ты хочаш паэксперыментаваць. Але сваё кіно ў першую чаргу рабіла для беларускага гледача.

— У сферы кіно ўсё больш прыцягваюць да сябе ўвагу менавіта жанчыны, якія працуюць у індустрыі. І ў вашай здымачнай групе шмат жанчын. Наколькі ў гэтым плане цяпер усё мяняецца?

— Змены ёсць. І для мяне гэта вельмі станоўчая з’ява. Я даўно займаюся кіно, але, напрыклад, атрымаць фінансаванне як для жанчыны-рэжысёра раней было значна складаней. Я разумею, што ўзняцце гэтай тэмы ў прэсе можа адкрыць шмат новых дзвярэй. Людзі гатовыя цябе выслухаць і падтрымаць. Мой фільм — таксама вынік новай палітыкі. Таму што першыя грошы я атрымала менавіта як жанчына-рэжысёр. Ва Усходняй Еўропе людзям чамусьці здаецца, што ў нас няма гэтай праблемы. На самай справе гэта не так. Калі прааналізаваць, колькі жанчын працуе менавіта рэжысёрамі, то статыстыка сумная. Па-мойму, адзіная краіна ў нашым рэгіёне, якая атрымала поспех, — гэта Грузія. Там жанчын, якія здымаюць кіно, нават больш, чым мужчын. Для мяне важна ствараць новыя магчымасці для жанчын. Раней адчувала, што трапіла ў асяродак, дзе большасць думае: «Мабыць, жанчына сапраўды не можа ствараць кіно». І ў цябе ўнутры ўжо фарміруецца няправільнае стаўленне да самой сабе. Ты расчароўваешся і не можаш працаваць далей, таму што ўжо не верыш у сябе. Напрыклад, у Маскве ў мяне ёсць жанчына-агент, якая спрабавала знайсці мне працу. Я там трошкі папрацавала на тэлебачанні, што некалькі гадоў таму вельмі мяне падтрымала ў фінансавым плане і дало цікавы досвед. І я памятаю, як аднойчы яна мне сказала: «Навошта табе гэтым займацца? Ты ж разумееш, што гэта не жаночая прафесія?» Хоць сама вельмі ўплывовая жанчына, якая прадстаўляе рэжысёраў і сцэнарыстаў на рынку. І нават яна, неардынарная і моцная, лічыла, што праца ў кіно не жаночая. Пасля гэтага вельмі складана не расчаравацца і працаваць. А праблема рэальна існуе. Наколькі я ведаю, у еўрапейскіх супольнасцяў цяпер ёсць новая мэта — зраўнаваць колькасць рэжысёраў-жанчын з рэжысёрамі-мужчынамі да 2020 года. І гэта вельмі важна.

— Як вы шукалі актрысу на галоўную ролю?

— Вядома, мне вельмі хацелася знайсці таленавітую і неардынарную дзяўчыну. Калі чалавек яшчэ малады, калі яму 23—24, а можа, і 20 гадоў, ён яшчэ не да канца сфарміраваўся. У яго ёсць нейкі інструмент для працы, але ён яшчэ не стаў асобай. І знайсці менавіта асобу было складана. Больш за год мы шукалі актрысу ў многіх краінах і гарадах. Аднойчы я сама паехала ў Грузію, таму што там мне спадабалася адна дзяўчына, і я падумала, што яна падыдзе. Мне трэба было бачыць акцёрскую адукацыю. У выніку выканаўца галоўнай ролі Аліна Насібуліна прыехала на спробы ў Мінск амаль у апошні момант. Яна скончыла ММАТ, у яе былі ўжо тэатральныя працы. Мне вельмі падабалася, што яна не здымалася ні ў якіх серыялах.

— Якія рэжысёры вам падабаюцца?

— Джэйн Кэмпіян і Лукрэцыя Мартэль. Грэта Гэрвіг мне таксама вельмі сімпатычная. Любімых рэжысёраў шмат, але ўсё залежыць ад настрою. Няма нейкага ідэалу. У асноўным сачу за дзейнасцю жанчын-рэжысёраў.

— Ці развіваеце ўжо новыя кінапраекты?

— Так, я ў працэсе. Цяпер спрабую апусціцца з гэтай фестывальнай скалы. Ідэй у мяне шмат. Беларусь таксама ўдзельнічае ў гэтых праектах і, можа быць, нават Украіна. З задавальненнем здымала б са сваёй камандай у Беларусі яшчэ. І спадзяюся, што гэта будзе на новым узроўні з добрай фінансавай падтрымкай.

Ксенія ВЯДЗМЕДЗЬ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.