Вы тут

Уладзімір Цвірка. Глыбокае


Пісаць пра Глыбокае цікава, чытаць і слухаць — не менш. Пазнаёміцца з горадам увачавідкі захапляльна тым болей. Незабыўныя пачуцці, кранальныя ўражанні, гарантую, застануцца з вамі надоўга. Можа, праз нейкі час вам зноў захочацца выправіцца ў вандроўку па яго ўтульных і гасцінных вуліцах. А Глыбокае распавядзе пра сябе нешта такое, чаго да гэтага часу вы не ведалі.


Летась дакранаўся і я да глыбоцкіх скарбаў, пазнаёміўся са шчырымі мясцовымі жыхарамі, якія ставяцца да вандроўнікаў, як да жаданых гасцей. У такія куточкі нашай радзімы ехаць трэба, усведамляючы, што гадзінай-другой тут не абыдзешся. На мясціны, багатыя помнікамі даўніны, трэба адводзіць шмат часу: цэлы дзень, не меней. Гэта вам толькі зараз здаецца, што аўтар гэтага праекта перабольшвае, што дзень зашмат. Але запэўню вас: дзень праляціць незаўважна! Ну, тады добрага вам шляху. А я, каб ваша дарога была больш цікавай, скажу некалькі слоў пра былое мястэчка Глыбокае.

Пачну з даволі невялічкай рэчкі Бярозаўкі, ці, як яе называлі раней, Беразвеч. Яна і азёры, быццам пацеркі нанізаныя на гэтую водную артэрыю, з даўніх часоў падзяляюць паселішча на дзве часткі. У свой час Віленскае і Полацкае ваяводствы Вялікага Княства Літоўскага межаваліся паміж сабой Бярозаўкай. Па розных берагах рэчкі ляжалі два маёнткі: на паўднёва-заходнім беразе гаспадарыў шляхецкі род Зяновічаў, на паўночна-ўсходнім ляжалі землі з вялікай гаспадаркай другога заможнага роду — Корсакаў.

Цікава, што кожная частка будучага мястэчка развівалася асобна і дастаткова паспяхова. У кожнай меліся гандлёвыя плошчы з разнастайнымі крамамі. У абедзвюх частках будаваліся храмы, шпіталі, ад плошчаў разбягаліся новыя жылыя вуліцы і шляхі да суседніх мястэчак ды паселішчаў. З пачатку XVI стагоддзя Глыбокае набыло статус мястэчка. На жаль, не абмінулі гэты горад і змрочныя часы. Падчас Лівонскай вайны быў нанесены, можа, непапраўны ўрон і самому мястэчку, і наваколлю.

 Не абышла Глыбокае і спусташальная вайна паміж Рэччу Паспалітай і Масковіяй 1654—1667 гадоў. Паводле гістарычных звестак, менавіта ў 1654 годзе быў ушчэнт спалены драўляны глыбоцкі замак. Неўзабаве жыхары горада аднавілі яго абарончыя сцены, але падчас Паўночнай вайны яго зноў спалілі. Але наколькі мужнымі і самаадданымі былі нашы продкі! У адноўленым Глыбокім ізноў будаваліся кляштары, уніяцкія храмы і касцёлы, з размахам працавалі дзве гандлёвыя плошчы.

Але ж я на адной з іх. Так, гэта былая гандлёвая плошча мястэчка, упрыгожаная двума неверагодна велічнымі і шыкоўнымі культавымі будынкамі. Першы, да якога пайду, — касцёл Найсвяцейшай Тройцы. Узведзены гэты каталіцкі храм у стылі позняга барока ў 1764 годзе з цэглы на сродкі мсціслаўскага ваяводы Іосіфа Корсака. Па праекце архітэктара Заро ў 1902 годзе касцёл нязначна перабудавалі, і ён набыў тыя рысы, якія бачым цяпер.

На процілеглым баку плошчы ўзносіць да неба купалы другая святыня Глыбокага — кафедральны сабор Раства Прасвятой Багародзіцы. Будаваўся ж храм як касцёл пры кляштары кармелітаў, якіх яшчэ называюць «босымі». На старых здымках яскрава бачна вялізныя па памерах будынкі кляштара. Дарэчы, побач з царквой захаваліся рэшткі часткі гэтых пабудоў. А ў крыпце былога касцёла некалі быў пахаваны фундатар гэтага грандыёзнага комплексу Іосіф Корсак. Скасаваны кляштар у 1861 годзе. Сам касцёл быў зачынены царскімі ўладамі ў 1865 годзе і перададзены праваслаўным вернікам.

Яшчэ трэба адзначыць, што перад намі ва ўсёй сваёй красе стаіць першы ў межах Беларусі прыклад вытанчанага стылю віленскага барока, які вызначаўся пластычнасцю фасадаў, маляўнічасцю сілуэтаў і шыкоўнай аздобай інтэр’ераў — гэта калі зусім коратка.

Яшчэ плошчу вельмі ўдала дапаўняюць пасадкі рознай зеляніны, кветнікі і фантан з сучаснай скульптурай. І ўсё гэта складваецца ў даволі прыемную карціну і нейкую своеасаблівую візітоўку горада, спалучаючы ў сабе імклівы, няўрымслівы час дня сённяшняга з такім загадкавым і неверагодна багатым на падзеі мінулым.

Непадалёк ад плошчы, на Капцёўскіх могілках, захавалася цагляная капліца Святога Антонія ў стылі класіцызму, якая была пабудавана глыбоцкімі кармелітамі ў самым пачатку ХІХ стагоддзя. Паблізу ўзвышаецца яшчэ адзін цікавы архітэктурны помнік — мемарыяльная калона, узведзеная ў XVIII стагоддзі ў гонар Канстытуцыі Рэчы Паспалітай 1791 года. Напрыканцы варта згадаць радавую забудову былога мястэчка. Яе цяжка не заўважыць ці абмінуць, яна ўсюды суправаджала мяне, непрыкметна акунаючы ў час мінулы, у час, які, можа, для сучаснага вандроўніка і пакуль невядомы, а таму — неверагодна цікавы і захапляльны.

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.